Сяргей Шупа: «Беларусь мае патэнцыял, каб нарэшце зажыць найлепш за ўсю сваю гісторыю»

Перакладчык і літаратар — пра гістарычны аптымізм Беларусі.

— Калі азірнуцца на ўсю гісторыю Беларусі, можна задаць пытанне: а калі беларусам было добра? Ніколі. Думаю, што лепшае ў нас яшчэ наперадзе, — кажа Сяргей Шупа ў інтэрв’ю Жыццё-Маліна.

Сяргей Шупа. Фота: скрын з каналу Жыццё маліна/YouTube

Зараз перакладчык і літаратар працуе над другім томам «Гісторыі рознічнага гандлю ў Беларусі». Гэта, апісвае аўтар, гісторыя Беларусі з практычнага гледзішча, дзе вельмі добра бачыш, чым жылі беларусы — што елі, што апраналі.

— І тут бачыш, што так цяжка і дрэнна было ўвесь час: нават у ВКЛ — наш залаты век, і хтосьці там жыў нармальна, але асноўная маса на ўзроўні далёкай еўрапейскай ускраіны.

Пасля — Рэч Паспалітая — маса дзе была, там і засталася. Расійскія імперыя прыйшла — гнабілі, як маглі. Потым тое, тое, школ не было — мрак. Пасля прыйшлі саветы — можа, трошкі пачалося-закруцілася, але потым зноў раскаталі пад асфальт. Пасля немцы знішчылі, пасля вайны таксама чэрці што пачалося.

І вось яно не скончваецца і не скончваецца. Нібыта трошкі ўздыхнулі, як зноў прыхлопнулі. Але на фоне ўсёй гэтай гісторыі сёння мы маем найлепшы патэнцыял — сёння беларусы нарасцілі мускул, які ў спрыяльны момант дазволіць ім вельмі хутка дабудаваць усё, чаго не хапае сёння. І людзей назбіралася разумных, і агульны ўзровень жыцця падняўся фактычна ва ўсім свеце.

Адзінае — гэта сітуацыя геапалітычная, унутрыпалітычная. Але я лічу, што гэта зменнае і не будзе вечным. Беларусь мае патэнцыял, каб нарэшце зажыць найлепш за ўсю сваю гісторыю.

Сёння, нягледзячы на Пуціна, Лукашэнка і г.д., мы маем больш гістарычнага аптымізму. З беларусамі вельмі лёгка будаваць краіну, ды й усё, што заўгодна.

Лукашэнку страшна пашанцавала з народам: з ім можна рабіць усё, што хочаш, ён сцерпіць і вынясе на сваіх плячах, таму калі прыйдзе дэмакратыя — шокавая тэрапія, эканамічныя цяжкасці — людзі усё гэта перажывуць, як перажылі тое, тое і тое. А тут ёсць у гэтым сэнс, бо бачыш прасвет наперадзе, — заключае Шупа.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(13)