Анастасія Зелянкова
Сяргей Калякін «Мы бачым чарговую спробу зацягнуць правядзенне Кангрэсу»

Дата Кангрэсу не прызначаная. Сяргей Калякін заяўляе пра неабходнасць роспуску Палітрады і абвінавачвае калег па лагеру ў спробе зацягнуць правядзенне Кангрэсу

Сёння прайшло чарговае пасяджэнне Палітрады Аб’яднаных дэмакратычных сіл. Галоўным пунктам абмеркавання была дата правядзеньня Кангрэсу дэмакратычных сілаў. Пасяджэнне праводзіў Аляксандар Мілінкевіч.

Нягледзячы на бурныя дэбаты, з датай так і не вызначыліся. Затое васьмю галасамі супраць чатырох быў праняты праект Аляксандра Мілінкевіча, які грунтаваўся на прапанаваным Вінцуком Вячоркам дакуменце «Кампраміс дзеля адзінства».

Праект прадугледжвае правядзенне Кангрэсу і падрыхтоўку да яго, але не называе канкрэтнай даты — яна павінна быць вызначаная пасля дасягнення пагаджальнай камісіяй кансэнсусу па складзе дэлегатаў і парадку дня.

Праект, прапанаваны старшынёй Партыі камуністаў Беларускай Сяргеем Калякіным, прынцыпова нічым не адрозніваўся, аднак ён называў канкрэтную дату правядзення Кангрэсу — 21-22 красавіка. Паколькі гэтае рашэнне так і не было прынята, Калякін заявіў пра неабходнасць скасавання Палітрады як не здольнай выконваць свае функцыі.

— Палітрада, па-сутнасці, скончыла сваё існаванне, — патлумачыў «Салідарнасці»сваю заяву Сяргей Калякін. — Палітрада была створана для канкрэтных мэт, каб працаваць ў перыяд прэзідэнцкіх выбараў, і тады яна была актыўнай. Аднак з заканчэннем выбараў скончыліся і паўнамоцтвы Палітрады. Адзінае, што яна магла б сёння зрабіць — гэта арганізаваць Кангрэс. Між тым мы бачым толькі чарговую спробу зацягнуць яго правядзенне. Калі Палітрада не здольна арганізоўваць Кангрэс, яна не мае права існаваць.

Паводле Калякіна, Кангрэс можа быць праведзены і з тымі суб’ектамі Палітрады, якія маюць жаданне прыняць у ім удзел.

Назаўтра Сяргей Калякін з Анатолем Лябедзькам правядуць на офісе Аб'яднанай грамадзянскай партыі сустрэчу з прыхільнікамі правядзення Кангрэсу 21-22 красавіка.

 

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 0 (оценок:0)