Сяргей Дубавец пра Віктара Бабарыку: «I have a dream»

Калі Марцін Лютар Кінг прамовіў сваё знакамітае «I have a dream» (Я маю мару — пра роўныя правы белых і чорных), у натоўпе пачуліся воклічы пратэсту: «Гэта злачынства!», «Цудаў не бывае!», «Глупства!». Піша Сяргей Дубавец на Радыё Свабода.

Фото Игорь Мелешко

Такую самую рэакцыю я штодня сустракаю ў сваёй фэйсбучнай стужцы на вылучэньне Віктара Бабарыкі. Паважаны Ўладзімер Мацкевіч тут, мабыць, найбольш катэгарычны: злачынства, цудаў не бывае!

Асабіста мне больш блізкая пазыцыя славутага амэрыканца. Пагатоў свае словы ён прамовіў ужо пры маім жыцьці, і я меў магчымасьць пераканацца, што ягоная мара зьдзейсьнілася.

Я веру ў цуды. Бо вялікія зьмены ў палітыцы і грамадзтве, якія я бачыў на сваім вяку, зьдзяйсьняліся заўсёды цудоўным чынам. Ніхто і ўявіць сабе ня мог, што пачнецца гарбачоўская галоснасьць, разваліцца СССР, Беларусь стане незалежнай краінай. Усё гэта не было і не магло быць прагматычна прадуманым дзеяньнем канкрэтных людзей, але было марай, якая авалодвала калектыўным несьвядомым.

І наадварот, апошнія 26 гадоў што толькі ня робіцца для зьмены цяперашняга застою, гэтыя прагматычныя дзеяньні раз за разам выглядаюць усё больш мізэрнымі. Я не магу марыць пра байкот, бо гэта мэта, ня вартая мары. А выконваць чарговы ігнор да канца жыцьця — гэта зусім мала прывабная філязофія а-ля «жывым у зямлю не палезеш».

Я мару пра адэкватнае жыцьцё ў Беларусі і магчымасьць пазытыўнай самарэалізацыі беларусаў. І тое, што Віктар Бабарыка ўвасабляе сваёй пазыцыяй мае, а думаю і большасьці беларусаў, задаўненыя і самыя моцныя жаданьні, у мяне сумневаў не выклікае.

Адэкватны — мне б хапіла гэтай характарыстыкі. Цяжкавагавік, адкрыты да іншадумства, без аўтарытарных замашак, ня флюгер — гэта толькі ўзмацняе маю мару. Пры тым, што я выбіраю для сябе ня «новага Лукашэнку», я выбіраю сабе сябе, які зможа рэалізаваць свае ўласныя погляды і ідэі і паўнавартасна ўдзельнічаць у грамадзкім жыцьці сваёй краіны так, як я хачу, — усё тое, чаго сёньня я пазбаўлены.

І таму мяне ня вельмі хвалююць выказваньні прэтэндэнта пра гісторыю ці геапалітыку, бо разумею, што гэта гульня, скіраваная на перамогу. І ўвогуле я гляджу не на словы, а на справы.

Калі Сьвятлана Алексіевіч стала першай беларускай пісьменьніцай ляўрэаткай Нобэля, Бабарыка забясьпечыў усе беларускія бібліятэкі яе кнігамі па-беларуску.

Виктор Бабарико: «Мы узнали, что ноль для белорусских чиновников – это достаточно»

Пройдзе яшчэ 10-20 гадоў і ў беларусаў у галовах ня будзе кагнітыўнага дысанансу ў гэтай тэме, а будзе болей падставаў ганарыцца сваёй нацыяй, краінай і культурай. Тое самае можна сказаць пра ўсе мэцэнацкія справы Бабарыкі. Але мне хапіла б і адной гэтай.

Бабарико: «Удивительная судьба связывает героев Алексиевич и издание пятитомника на белорусском языке»

І тое, як ён праводзіць сваю кампанію, больш нагадвае цуд. Вялізная ініцыятыўная група, той энтузіязм, які выказвае перадусім моладзь, і задача сабраць мільён подпісаў — гэта ўсё не пра прагматычныя дзеяньні групы людзей, а пра калектыўнае несьвядомае беларусаў, якія мараць пра нармальнае жыцьцё і свабоду.

Мары і цуды далёка не заўсёды зьдзяйсьняюцца, мушу прызнаць я напрыканцы. Але, як па мне, нашмат цікавей жыць зь імі, атрымліваць ад іх пазытыўныя эмоцыі, чым панура буркаць на тых, каго яны перапаўняюць.

«I have a dream».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.5(165)