Сяргей Дубавец: «Гугл загнуў… Сёньня Занзібар таньнейшы за Эгіпет»
Пісьменнік, выдавец і заснавальнік Вялікай масонскай ложы ў Беларусі Сяргей Дубавец распавеў «Салідарнасці», як палюбіў Занзібар, навошта арэндаваў там гатэль і чым афрыканская выспа нагадвае яму Беларусь.
— Спадар Сяргей, мы ўбачылі ў фэйсбуку вашы фотаздымкі з Занзібара. Зацікавіў і подпіс пад адным, дзе вы сапраўды нагадваеце «хроснага бацьку»: «Засыпает Занзибар, просыпается мафия». Падобна на жарт, але я б не зьдзівілася, калі б пачула, што галоўны беларускі масон абраў у якасці лецішча райскую выспу з дзіцячага верша.
Вы шмат чаго бачылі, што новага адкрылі для сябе на Занзібары, якія былі ўражаньні ў самыя першыя моманты?
— Я родам з Мазыра, праўда, ужо праз год мы пераехалі ў Менск. Але на вакацыі нас зь сястрой адпраўлялі да бабуляў у Мазыр. Звычайная гісторыя. Толькі што ляталі мы туды зь Менску звычайна самалётам — кукурузьнікам. Гэта 1960-я гады.
Пад Мазыром ёсьць маленькі аэрапорт — Бокаў. Невялічкі будынак пасярод летняга буйства прыроды. Вядома, мы вельмі чакалі гэтых вакацыяў, і калі самалёт сядаў у Бокаве, заўсёды радасна ёкала сэрца.
Вось такое было першае ўражаньне ад Занзібара — быццам ты ў дзяцінстве прызямліўся ў Бокаве. І далей, далей… Гэтае ўражаньне не зьнікае. Непасрэднасьць дачыненьняў, увага да цябе, як да дзіцяці, і ты, натуральна, адказваеш тым самым.
Аднойчы я патрапіў на выбары прэзыдэнта Занзібара. Гэта было літаральна ў другім паўшар’і — ва ўсіх сэнсах. Проста сабраліся, прагаласавалі. Прэзыдэнт зьмяніўся. Адпрацаваў два тэрміны і сышоў. Здавалася б, дзікі край, дзікія людзі. А ён проста сышоў. Радасьць жыцьця засталася.
— Вы шмат гадоў жылі ў Менску, Вільні, былі на Кубе і ў В`етнаме, напэўна шмат дзе яшчэ. Чаму хочацца вяртацца менавіта на Занзібар? Добрае надвор`е амаль круглы год – гэта файна, але ж ёсьць і мінусы?
— Звычайна мы занадта заклапочаныя матэрыяльным жыцьцём, таму думаем пра мінусы. На Занзібары, як нідзе разумееш, што на пытаньне пра сэнс жыцьця ёсьць адзін адэкватны адказ: у матэрыяльным жыцьці сэнсу няма. Вось колькі ні думаў, не магу прыдумаць сабе які-небудзь мінус. Можа таму гэта і называюць раем.
— Калі Занзібар – гэта рай, чаму вы там рэдкі госьць? І, наогул, ці можна ўвесь час жыць у раі?
— Напэўна, тут другое пытаньне хоча адказаць на першае:). Насамрэч усе мае справы ў Беларусі, і на Занзібары яны таксама ў Беларусі. А калі ў Беларусі стала турма...
Парадокс, праўда? Ніколі ў жыцьці не было так, каб нельга было прыехаць у Беларусь. Куды хочаш можна, а дадому не. Для ўсіх нас гэта зусім новы досьвед.
Вось скажу так: для мяне ня можа быць раю на Занзібары, калі ня можаш проста ўзяць і прыехаць у Беларусь.
— Куды б ні заносіла жыцьцё, мы нярэдка параўноваем новае месца, характары, паводзіны насельніцтва з Радзімай і беларусамі. Ці знайшлі вы якія падабенствы?
— Людзі паўсюль аднолькавыя — дзе больш, дзе менш замарочаныя ўладамі і «парадкамі». У Занзібара страшная гісторыя — колісь тут была біржа рабоў, тая самая турма на Акрэсьціна. І цяпер галоўны клопат мясцовых людзей — не сьпяшайся, не мітусіся, патроху-памалу ўсё будзе добра. Акуна матата.
Ніхто нікому нічога не абавязаны, ніхто ні да кога ня ставіцца так, як не хацеў бы, каб ставіліся да яго. Нагорная казань Хрыста цалкам увасобілася ў мусульманскім Занзібары і некалі ўвасобіцца і ў нас — як у дзяцінстве.
— На Занзібары размаўляюць на суахілі, дзяржаўнай мове Танзаніі. На якой мове там гаворыце вы?
— Апроч суахілі, там усе гавораць па-ангельску. Але… Можна гаварыць па-беларуску і выдатна паразумецца.
Калісьці мая жонка размаўляла з кубінкай. Тая па-гішпанску, а жонка па-беларуску. Расказалі адна адной пра свае сем’і, пра бытавыя справы, пра хваробы…
Больш за гадзіну яны так размаўлялі, я глядзеў на ўсё гэта, і да мяне даходзіла, што мова насамрэч ніякае ня «сродак зносін». Мова — гэта найперш музыка. І вось музыка розных моваў дазваляе нам разумець адзін аднаго, не разумеючы словаў.
Мы выхаваныя як бар’ерныя людзі з-за жалезнага занавесу, з думкай, што замежніка трэба баяцца, бо чагосьці не зразумееш. Будзеце на Занзібары, проста пагаварыце зь мясцовымі па-свойму. І вы ўбачыце, што ніякіх бар’ераў не існуе.
— Вы кажаце, што звычайна мы надта заклапочаныя матэрыяльным. Згодная, але так намі кіруе жыцьцё. Пасля вашага смачнага расповеду, пэўна, многія беларусы хацелі б не засяроджвацца на матэрыяльным, а апынуцца на Занзібары.
Аднак я пагугліла, што ляцець трэба больш за 9 гадзін, а з сабой на дваіх на два тыдні ўзяць каля чатырох тысяч даляраў…
— Гугл загнуў… Сёньня Занзібар таньнейшы за Эгіпет. Трэба талкова падабраць пералёт. Розьніца коштаў на жыльлё ў несэзон (наша лета) і ў сэзон (наша зіма) можа адрозьнівацца ў пяць разоў.
А далей усё залежыць ад вашых прэтэнзіяў. Я сустракаў падарожнікаў з нашых краёў з пустой кішэняй, і яны былі шчасьлівыя. Занзібар вельмі хутка пераконвае, што за грошы шчасьця ня купіш:).
— Эўрапейцы прызвычаіліся да больш-менш камфортнага побыту. А пра Афрыку чулі шмат чаго непрывабнага: бруд, антысанітарыя, незахаваньне асабістай прасторы. На Занзібары сапраўды так?
— Антысанітарыя ў стакроць большай ступені ўяўляе сабой пагрозу для жыхара Беларусі, чым для жыхара Занзібара. Хвалёныя менскія чыстыя вуліцы абяртаюцца ў выніку паказухай і пастраеньнем усіх пад лінарку, пры тым, што на канцовых прыпынках аўтобусаў, дзе-небудзь у Калодзішчах, узьлескі заваленыя сьмецьцем.
Тым часам на Занзібары гэтага проста ня бачыш, прынамсі гэта ня тое ўражаньне, якое склалася ў мяне. Не магу сказаць, брудна там, ці не. Напэўна, недзе так, як у вёсцы майго дзяцінства — ці брудна там было?
Я ня ведаю выпадкаў, каб тут парушалі асабістую прастору. Хіба што малпа саскочыць з дрэва і скрадзе ў цябе пячэньку — такое бывала.
— Якая ваша любімая страва на Занзібары?
— Найлепшыя — фірмовыя супы з марской флоры-фаўны. Будзе на ўзьбярэжжы восем рэстаранаў у шэраг і ў кожным будзе свой фірмовы суп.
— Як вы ўвогуле трапілі на Занзібар?
— Мне пашчасьціла нямала падарожнічаць. Нечым гэта нагадвае чытаньне кніг. Не такое чытаньне, як цяпер, а такое, як у дзяцінстве. Калі аж сэрца трапеча, так табе трэба гэтую кнігу прачытаць, пагрузіцца ў яе з вушамі, проста патануць у ёй. Невытлумачальная прага авалодаць гэтым іншым сьветам.
І пасьля ты разумееш, што гэтая кніга цябе не адпусьціць, будзеш зноў і зноў яе перачытваць. Проста, відаць, у маёй жыцьцёвай праграме закляпанае гэтае слова — Занзібар.
— Як выглядае ваш звычайны дзень там?
— Так, як і тут. Чытаць, пісаць, шпацыраваць. Звычайны працоўны дзень, бо шмат накладзеных на сябе самога абавязкаў. Мяне захапляе магчымасьць пасярод нашай зімы апынуцца пад гарачым сонцам з адчуваньнем поўнай свабоды. Само паветра за экватарам іншае на смак. Такі сабе эфэкт тэлепартацыі.
— Ці сутыкаліся вы з мясцовымі лекарамі?
— Не. Адно ведаю, што ёсьць тут клінікі рознага ўзроўню, і што лекары запатрабаваныя, як, зрэшты, і шмат іншых прафэсіяў, аўтамэханікі, напрыклад. Зрэшты, каго ні назаві. Працы там вельмі шмат. І ёсьць такое агульнае адчуваньне, што «ўсё толькі пачынаецца» — прыблізна як у нас было ў 2020 годзе.
— Дзякуючы вашай жонцы і яе пастам у фэйсбуку, мы даведаліся пра Занзібар шмат новага і цікавага. У тым ліку пра гатэль MaNa на беразе акіяна, які дае беларусам зьніжкі.
Склалася ўражаньне, што гэта ваш гатэль. Праўда, што на райскай выспе беларус можа не только адпачываць, але і зарабляць?
— Праўда, было б жаданьне. «Свой гатэль» – даволі дарагая справа. Але ўзяць невялікі гатэль у арэнду — цалкам сабе бюджэтны варыянт.
На Занзібар прыяжджае нямала беларусаў, але іх прысутнасьць тут нічым не пазначаная, у адрозьненьне, напрыклад, ад палякаў. Апошняе, што перад адлётам бачыш у аэрапорце Занзібара, гэта вялізны транспарант: «Do miłego zobaczenia».
Між іншым, шмат таксама расейцаў. Часам зьдзіўляесься, наколькі яны іншыя. Вось нам цікава неяк гуртавацца са сваімі і гуртаваць сваіх. У іх жа такое памкненьне цалкам адсутнічае. Наадварот, расейцы найчасьцей пазьбягаюць расейцаў. У занзібарскім чаце мы спыталіся ў іх пра гэта, у адказ атрымалі зьдзіўленьне: «А зачем?»
Словам, атрымліваецца, што мы тут спрабуем запачаткаваць місію беларускай прысутнасьці.
Читайте еще
Избранное