Общество

Сяргей Будкін прапануе ўсім ненавісьнікам беларускай мовы замест праклёнаў дасылаць хвалі дабрыні

Рэдактар партала «Тузін Гітоў» Сяргей Будкін – пра тое, як трэба змагацца за беларускую мову.

«Доўга пракручваў сам з сабою гэтую сытуацыю - са скаргай Ігара Случчака на 16-гадовага хлопца за тое, што той назваў беларускую мёртвай мовай. Пасьля апынулася, што той хворы на рак, - піша Сяргей Будкін на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.- І я ўсё аніяк ня мог вызначыцца, на якую тут пазыцыю стаць.

Бо з аднаго боку, весьці змаганьне за мову варта, і такім спосабам, каб прывучыць людзей да павагі да саміх жа сябе. І рак тут як бы ні пры чым.

З другога боку, ня факт, што такое змаганьне прынясе станоўчыя вынікі: ненавісьнікі пэўна будуць баяцца, але яшчэ болей ненавідзець, і дзяцей сваіх у беларускім духу яны наўрад ці будуць выхоўваць. Таму ўсё ж думаю, што тут трэба дзейнічаць інакш».

Сяргей Будкін лічыць, што добра было б, каб беларускія людзі дапамаглі гэтаму хлопцу зь ягонаю бядою.

- Бо, так разумею, патрэбныя яму лекі, апэрацыя, рэабілітацыя і г.д. Добра б зрабіць яму прэзэнт з кнігамі Адама Глобуса (cам для сябе адкрыў яго ў 16 год), напрыклад.  

Пісьменнік Адам Глобус падтрымаў ініцыятыву журналіста Сяргея Будкіна і паабяцаў перадаць свае кнігі хлопцу, які назваў беларускую мову мёртвай.

- Агулам жа, прапаную ўсім ненавісьнікам беларускай мовы ці траўмаваным беларусіцамі замест праклёнаў дасылаць хвалі дабрыні ў выглядзе як мінімум карысных спасылак на пачытаць/паслухаць/паглядзець, якія могуць адкрыць для іх беларускі сусьвет, - выказаў меркаванне Сяргей Будкін.- Вось можна ж на радыё «Юністар», напрыклад, бандэрольку даслаць для Канстанціна Каверына, з кнігамі і дыскамі на жывой беларускай мове, запрасіць чалавека на літаратурную/музычную прэзэнтацыю.

Сяргей Будкін запрасіў Канстанціна Каверына на прэзэнтацыю музычнага праекту «(Не) расстраляная паэзія».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)