Филин

Міхаіл Мішкін

Сяргей Будкін: «Чаму адна трагедыя замоўчваецца, а другая — не пераасэнсоўваецца?»

Кіраўнік Беларускай Рады к*льтуры — пра ініцыятыву пракуратуры стварыць «помнік генацыду» і выбарачную гістарычную памяць ідэолагаў.

Мінкульт РБ сумесна з Генпракуратурай абвясцілі рэспубліканскі творчы конкурс на праект памятнага знаку «ахвярам генацыду беларускага народу ў гады Вялікай Айчыннай вайны». Таксама з 29 жніўня Мінкульт запускае конкурс на стварэнне помніку дзецям-ахвярам Вялікай Айчыннай вайны (на сайце ведамства пазначанае нават верагоднае месца ўсталявання — каля галоўнага ўваходу ў парк Перамогі ў Мінску).

Нагадаем, летась пракуратура, якая з нядаўняга часу трактуе свае паўнамоцтвы вельмі шырока, ужо ініцыявала крымінальную справу «аб генацыдзе» і прыняцце адпаведнага закону. Сёлета пад рэдакцыяй Андрэя Шведа выйшла ў свет кніга «Генацыд беларускага народу», у музеях краіны прайшлі аднайменныя выставы, а ў школах і ВНУ з’явіцца адмысловы факультатыў. Цяпер справа дайшла да помнікаў.

Можна было б зразумець імпэт генпракуратуры, калі б у Беларусі бракавала памятных знакаў, звязаных з падзеямі Другой сусветнай вайны. Але ж іх вельмі шмат — ад абеліску Перамогі, мемарыялу «Яма», комплексаў у Хатыні, Трасцянцы, Чырвоным Беразе, да пастаментаў з вянкамі ледзь не ў кожнай вёсцы.

Тады навошта сучасныя ідэолагі хочуць напладзіць сучасных жа помнікаў — паказаць сваю вернасць генеральнай лініі, ператварыць усю краіну ў «музей генацыду беларускага народу»?

Што атрымаецца з гэтай ініцыятывы, і ці час цяпер ставіць новыя ваенныя помнікі альбо зносіць старыя? Гэтыя і іншыя пытанні «Филин» задаў кіраўніку Беларускай Рады к*льтуры Сяргею Будкіну.

Сяргей Будкін

— Гэта даўні боль і даўняе пытанне беларускай культуры, — адзначае суразмоўца. — Трэба разумець, што гэта дзяржаўная ідэалогія (якая павінна быць у любой дзяржавы), і ў яе выпрацоўцы ідэолагам трэба на нешта абаперціся, прычым на нешта зразумелае для іх саміх.

Ясна, што гэта не ляжыць у плоскасці Грунвальда ці Оршы, у тых гістарычных эпохах, пра якія яны нічога не ведаюць і не разумеюць. Бо адукацыя ў іх савецкая, нават калі яны і вучыліся ў Беларусі. І таму адзінае, на што ёсць абаперціся дзяржаўнай ідэалогіі, — гэта Другая сусветная вайна, якая чамусьці па-ранейшаму называецца ў нас Вялікай Айчыннай, што абсалютна недапушчальна. Трактоўка з пазіцыі савецкай гістарыяграфіі немагчымая, бо мы ўжо больш за 30 год жывём у іншай краіне.

Выкажу, магчыма, парадаксальную думку, але пры тым, што вельмі шмат усяго гаворыцца, публікуецца, здымаецца (маю на ўвазе, на афіцыйным узроўні), тэма Другой сусветнай вайны ў нас абсалютна не прамоўленая. Больш-менш яна асэнсаваная на нейкім альтэрнатыўным узроўні, але тое ніяк не стыкуецца з афіцыйным.

І паколькі ўсё, што сыходзіць з афіцыйнага боку, працягвае савецкую лінію, то ўдзельнікам працэсу — ідэолагам, прадзяржаўным гісторыкам, аўтарам, скульптарам — цалкам утульна ў гэтай бурбалцы, бо гэта звязана з іхнім ранейшым савецкім досведам, з прыхільнасцю да Савецкага Саюза.

Трэба рухацца ўсё ж наперад, а не назад у СССР, гаворыць Сяргей Будкін, таму гэтая тэма, як і многія іншыя, што падаюцца ў «адзіна правільным» афіцыйным ракурсе, вымагаюць перагляду:

— Важна разабрацца, чаму, уласна, гэтая вайна пачалася? Чаму яна так доўга ішла? Што папярэднічала ёй? Дагэтуль, думаю, можна ўвергнуць у шок некаторых настаўнікаў гісторыі і студэнтаў тым фактам, што ў 1939-м быў сумесны парад Вермахта і Чырвонай Арміі ў Брэсце. Сама думка, што нацызм — роўна бальшавізм, камунізм, і што Гітлер такі ж злачынца, як Сталін, можа падацца дзікунскай для прадстаўніка афіцыйнай ідэалогіі. Хоць калі разабрацца ў перадумовах, то ўсё робіцца зразумелым.

Але тут ёсць «ачышчаная» і рафінаваная псеўдапраўда з боку афіцыйнай прапаганды, адно ідэолагі бачаць, а на другое заплюшчваюць вочы. Не кажуць пра савецка-фінскую вайну, пра рэпрэсіі ў самой Чырвонай Арміі, пра масавыя рэпрэсіі 1930-х — гэтыя факты альбо замоўчваюцца, альбо пра іх —  адным абзацам у падручніку, у той час як тэме Другой сусветнай прысвечана некалькі параграфаў.

Немагчыма ставіць пад сумнеў генацыд. Але давайце тады глядзець на тэму шырэй і казаць, што генацыд беларускага народу быў развязаны і савецкім рэжымам, і мы фактычна пазбавіліся эліты ў 1930-я. І давайце вадзіць дзяцей не толькі ў Хатынь, што безумоўна важна, але і ў Курапаты, і расказваць пра гэтую частку трагедыі беларускага народу. Давайце адпаведныя конкурсы абвяшчаць — эскізных праектаў, памятных знакаў, скульптур.

Бо мы мусім ушаноўваць і ахвяр Другой сусветнай, і ахвяр рэпрэсій, бальшавіцкага рэжыму, і пасляваенных, і імперскіх — бачыць увесь калейдаскоп падзей, а не толькі адно шкельца ў ім. Інакш не зможам зразумець, што з намі адбылося і куды мы ідзём.

Сяргей Будкін перакананы: інтанацыю, з якой трэба распавядаць пра рэпрэсіі і пра вайну, пра тое, што было даўно і што адбываецца сёння, яшчэ трэба падбіраць. Прычым падбіраць у дыскусіях і многае ставіць пад сумнеў — не дзеля таго, каб «апраўдаць Гітлера», як гэта трактуе прапаганда, а каб зразумець, якое месца займаюць беларусы ў тых ці іншых падзеях.

— Савецкія помнікі, якія нагадваюць пра той перыяд, знішчаюцца, асабліва цяпер. Ці патрэбныя нам новыя, з улікам тых розных аспектаў, пра якія вы згадалі?

— Таксама дыскусійнае пытанне, і відавочна, што не аднаму чалавеку яго вырашаць. Тое, што робіцца ў суседзяў — цалкам зразумелы працэс. Яны прайшлі гэты этап, кожная краіна па-свойму балюча, і пайшлі ўжо куды далей за нас у разуменні сябе і таго, што павінна быць у іх.

Што ў Латвіі засталіся савецкія помнікі і толькі зараз руйнуюцца — нават можна здзівіцца, бо, на адчуванне, з савецкім мінулым прыбалтыйскія краіны разабраліся ўжо даўным-даўно. Проста, магчыма, не хацелі выклікаць непатрэбных спрэчак ужо ў новы час.

Вось прыклад шляху, па якім можна пайсці, але гэта не абавязкова той шлях, па якім трэба ісці нам. Які шлях выбраць — гэта якраз дасягаецца грамадскай дыскусіяй.

Але спачатку трэба вырашыць асноўныя праблемы, якія зараз ёсць: перадача ўлады легітымна абраным людзям, вырульванне з рэпрэсій, гвалту і дыктатуры. Тады ўжо можна разбірацца з іншымі пытаннямі, але гэта, канешне, справа не аднаго дня.

— Няма сумневу, што на конкурс генпракуратуры прыйдуць заяўкі — як ад БРСМаўскіх актывістаў і «прыдворных творцаў», так і з творчых саюзаў. Што з гэтага можа атрымацца, акрамя чарговага распілу бюджэту і стварэння «турыстычнай славутасці» для птушачкі?

— Так, гэта стварэнне музею СССР, і гэтыя грошы маглі быць патрачаныя з большым розумам — у тым ліку на тэму гістарычнай памяці. Бо, зноў жа, не толькі ахвяры Другой сусветнай могуць ушаноўвацца. Беларусь цярпела ў розныя часы, і той факт, што абсалютна не зважаецца на вельмі сумную, трагічную дату (сёлета 85 год ад часу масавых расстрэлаў 29-30 кастрычніка 1937-га, а пра гэта не сказана ні слова, ні паўслова), таксама сведчыць, што нязручныя моманты замоўчваюцца, а «ўтульная» з савецкага погляду пазіцыя больш раскручваецца, і на гэта ідуць бюджэтныя грошы.

Нават калі абстрагавацца ад усяго і паглядзець нейтральна, паўстае вельмі шмат пытанняў: чаму адна трагедыя замоўчваецца, а другая — не пераасэнсоўваецца?

Зразумела, што сярод людзей, якія будуць падаваць заявы на гэты конкурс, могуць быць як сумленныя творцы, якія хочуць зрабіць свой унёсак у захаванне гістарычнай памяці, так і тыя, хто, умоўна кажучы, на гэтай тэме нажываецца. Тут кожны робіць свой выбар. Аднак глабальна тэма патрабуе больш шырокага прамаўлення, грамадскай дыскусіі з выхадам на пошук адказаў на пытанні: чаму гэта адбылося і што зрабіць, каб не адбывалася ў наш час.

Вайна ізноў побач з намі, у варонку ўкручвае і беларусаў — значыць, былі зробленыя няправільныя высновы пасля таго, як, па версіі афіцыйных ідэолагаў, Другая сусветная вайна была выйграна.

— Відавочна, такія дыскусіі немагчымыя ў цяперашняй Беларусі, дзе «экстрэмізмам» могуць стаць не толькі словы, а нават думкі. Што можна супрацьпаставіць «культуры ў пагонах» — праводзіць тыя ж абмеркаванні ў віртуальнай прасторы, ці па-за межамі Беларусі?

— Адназначна, не сядзець склаўшы рукі. Распрацоўваць гэтую і іншыя тэмы, нават непублічна — я ведаю, што гэта адбываецца ў Беларусі.

І з боку Беларускай Рады к*льтуры шмат чаго робіцца, каб стварыць пэўныя мадэлі, схемы дыскусій, што можна разгарнуць у новай Беларусі. Каб мы не прыйшлі з пустымі рукамі, дэматываваныя і разабраныя, а прыйшлі з канкрэтнымі прапановамі, ідэямі, праграмамі, у тым ліку датычнымі нацыянальнай памяці, таго, як мы працуем з культурай, гісторыяй, з люстрацыяй.

Прапаноўваць рэформы, фармуляваць тэзісы, думаць, разважаць, занатоўваць, абмяркоўваць — тая праца, якую можа рабіць уся грамадзянская супольнасць, якая знаходзіцца ў бяспецы ці засталася ў Беларусі. Каб не патраціць гэты час дарма і тым самым набліжаць тую новую Беларусь, пра якую мы ўсе марым.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(13)