Сям’я Янкі Брыля не пойдзе на адкрыццё дошкі па бацьку

26 траўня дачцэ Янкi Брыля Галiне патэлефанавалi з упраўленьня культуры Менгарвыканкаму i паведамiлi, што 27 траўня на доме №78 па праспэкце Машэрава будзе ўстаноўлена мэмарыяльная дошка. (У гэтым доме клясык нашай лiтаратуры жыў апошнiя дванаццаць гадоў перад сьмерцю. Цяпер у двухпакаёвай кватэры Янкi Брыля жывуць абедзьве дочкi пiсьменьнiка).

На роспыты Галiны Брыль, а якой гадзiне адбудзецца адкрыцьцё дошкi, хто будзе ўдзельнiчаць у гэтай цырымонii, ёй паведамiлi, што саму дошку прымацуюць да сьцяны да 12 гадзiн, а яе ўрачыстае адкрыцьцё адбудзецца ў 12.30. Адкрываць жа дошку будуць "людзi з Саюзу пiсьменьнiкаў". У адказ на пытаньне спн.Галiны, зь якога пiсьменьнiцкага саюзу будуць тыя людзi, ёй назвалi прозьвiшчы Мiкалая Чаргiнца, Уладзiмера Гнiламёдава i Аляксандра Жука (ня блытаць з празаiкам Алесем Жуком).

Галiна Брыль заявiла прадстаўнiцы ўпраўленьня культуры, што яна на цырымонiю адкрыцьця мэмарыяльнай дошкi ня прыйдзе. Другая дачка Янкi Брыля — Натальля Семашкевiч — цяпер знаходзiцца на лецiшчы свайго бацькi ў пасёлку Крынiчнае Карэлiцкага раёну i таксама ня мае намеру удзельнiчаць у адкрыцьцi мэмарыяльнай дошкi. Сын пiсьменьнiка, кандыдат фiзыка-матэматычных навук Андрэй Брыль, займаецца цяпер дасьледаваньнямi ў Японii i мае намер прыехаць на радзiму 30 траўня.

Лiтаратурны крытык Анатоль Сiдарэвiч, якi 41 год ведаў Янку Брыля асабiста, так тлумачыць факт адмовы дачок Янкi Брыля ўдзельнiчаць у адкрыцьцi мэмарыяльнай дошкi:

"Брыль да канца дзён належаў да Саюзу беларускiх пiсьменьнiкаў i не ўваходзiў у "правiльны" Саюз пiсьменьнiкаў Беларусi. Па-другое, Мiкалай Чаргiнец удзелам у цырымонii адкрыцьця дошкi яўна прымазваецца да iмя нашага клясыка. Трэба памятаць, што менавiта ад Чаргiнца ў многiм залежала, цi будуць пахаваныя жонка Янкi Брыля i сам пiсьменьнiк у Менску. Улады не дазволiлi пахаваць спадарыню Нiну Брыль на Кальварыi, як таго прасiў яе муж. Нiна Мiхайлаўна была пахаваная ў Калодзiшчах. Там — побач зь ёю — знайшоў вечны спачын i наш клясык.

Так улада, i ў тым лiку Чаргiнец, абразiлi выдатнага дзеяча беларускай культуры, вэтэрана другой усясьветнай вайны (а Брыль ваяваў з 1 верасьня 1939 году) i ўдзельнiка партызанскага параду 1944 году ў Менску. Абражана была i ўся сям’я Брылёў. Вядома, добра, што ўлада адчыняе дошку, але ўзначалiць гэтую цырымонiю яна даручыла не таму чалавеку. I гэтым, зноў-такi, абражае памяць Янкi Брыля".

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)