Скандалы
Зміцер Лукашук, Еўрарадыё

Сям’я Алеся Міхалевіча патрапіла ў ДТЗ

Машына, у якой знаходзіліся Мілана Міхалевіч, сястра палітыка Вольга і яе грамадзянскі муж Ігар Зенчык патрапіла каля 19 гадзіны ў ДТЗ на вуліцы Варанянскага. Як сведчаць відавочцы здарэння, іх машына была прыпаркаваная ля ўзбочыны. Але, калі пасажыры выходзілі, ў адчыненыя дзверы ўехала іншае аўто.

На месца здарэння выклікалі ДАІ. Але ў выніку міліцыянеры затрымалі і даставілі ў Кастрычнікі РУЎС грамадзянскага мужа сястры кандыдата ў прэзідэнты Алеся Міхалевіча Ігара Зенчыка.

Затрымалі хлопца пасля таго, як міліцыянеры праверылі дакументы ўсіх пасажыраў. Прычым, Ігар не толькі не быў за рулём аўто, але і не з’яўляецца яго ўладальнікам. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў намеснік старшыні руху "За свабоду" Юрась Губарэвіч.

Губарэвіч: "Само ДТЗ выглядала наспутным чынам: іх машына стаяла калі ўзбочыны і ў той час, калі яны выходзілі з машыны, адчынілі дзверы, іншая машына, якая праязжала побач, урэзалася ў адчыненую дзверку аўто, дзе была сям’я Міхалевіча. Былі правераныя ва ўсіх дакументы і быў затрыманы менавіта Ігар і адвезены ў РУЎС. Хоць ён і не быў за рулём – за рулём была сястра Алеся Міхалевіча. Але ізноў: тут цяжка казаць пра знаходжанне за рулём, бо машына была прыпаркаваная, яна стаяла".

Па словах Губарэвіча, зараз супрацоўнікі ДАІ схіляюцца да таго, каб прызнаць вінаватым у ДТЗ машыну, дзе знаходзілася сям’я Міхалевіча. Адно выклікае здзіўленне той факт, што міліцыянеры без тлумачэння прычын не даюць нікому азнаёміцца са складзеным на месцы здарэння пратаколам. Да таго ж, Губарэвіч звярнуў увагу на паводзіны ДАІшнікаў падчас затрымання Ігара Зенчыка ў адносінах да Міланы Міхалевіч.

Юрась Губарэвіч: "Мілане Міхалевіч, якая хацела патлумачыць сітуацыю і выступіць у якасці сведкі, ледзь не пагрозамі забаранілі набліжацца да супрацоўнікаў дарожна-паставой службы, якія праводзілі гэта разбіральніцтва".

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)