Общество

Сябраваў з Шапірам і быў звольнены за «абасраных кароў». Расповед пра экс-міністра сельскай гаспадаркі

На мінулым тыдні быў апублікаваны скандальны зліў, у якім ішло абмеркаванне суседа дачкі былога міністра сельскай гаспадаркі, «якога трэба паставіць на месца». Наша Ніва высветліла, што гаворка ў зліве ішла пра дачку былога міністра сельскай гаспадаркі Леаніда Зайца, цяперашняга кіраўніка Магілёўскага аблвыканкама.

Гісторыю суседскай спрэчкі мы ўжо падрабязна апісвалі. Але хто такі сам Леанід Заяц?

Леаніду Зайцу 62 гады. Ён родам з вёскі Гацук Слуцкага раёна. Працаваў трактарыстам, брыгадзірам, спецыялістам па кормавытворчасці.

У 89-м скончыў Горыгорацкую сельскагаспадарчую акадэмію па спецыяльнасці «Арганомія», пасля чаго працаваў галоўным арганомам у саўгасе «Слуцк».

Потым кіраваў суседнім калгасам «Беларусь». З 1998 — дырэктар Слуцкага камбіната хлебапрадуктаў. З 1999 па 2001 — старшыня Маладзечанскага райвыканкама. Адтуль яго ўжо вынесла ў вышэйшыя эшэлоны ўлады — з 2001-а стаў намеснікам старшыні Мінскага аблвыканкама.

Рассварыўся з лепшым сябрам Сямёнам Шапіра

Крыніцы «Нашай Нівы» кажуць, што ва ўладных колах Зайцаў запомніўся тым, што разсварыўся са сваім лепшым сябрам — Сямёнам Шапірам, якога сам жа прызначыў генеральным дырэктарам «Аргакамбіната Дзяржынскі».

«Шапіра адпрацаваў там да 2008 года, пасля чаго на гэтае месца прыйшоў працаваць сам Заяц. Вось тут сябры і пасварыліся: аказалася, Шапіра панабіраў спрэчных крэдытаў, што дазволіла яму на паперы паказаць добрыя паказчыкі і рвануць на пасаду міністра.

А вось Зайцу давялося з гэтымі пазыкамі разлічвацца, справаздачнасць «Дзяржынскага» стала ўжо не такой салодкай, дапамогі ад сябра ён не дачакаўся. Але, зрэшты, з гэтай пазіцыі і яму ў 2012 годзе ўдалося скочыць у міністарскае крэсла, патлумачыўшы абставіны, з якімі сутыкнуўся», — расказваюць абазнаныя.

Адмаўляецца ад алкаголя, кажа, што закадзіраваўся

На час Зайцавага міністэрства прыйшліся цяжкія ветэрынарныя войны з Расіяй. Па словах нашых суразмоўцаў, чыноўнік вельмі не любіў ездзіць у Маскву на перамовы. Яго там марынавалі ў прыёмных, з яго там смяяліся за выразны беларускі акцэнт і няўменне пісьменна гаварыць.

Агулам у работу галіны, кажуць, «не асабліва ўмешваўся, што для галіны вельмі важна».

У адзін з гадоў работы Заяц перанёс цяжкую аперацыю і амаль год нармальна не хадзіў, ледзь перасоўваўся, але адужаў.

Таксама перастаў піць. Удзельнікі агульных мерапрыемстваў кажуць, што Заяц адмаўляецца ад алкаголя, кажа, што закадзіраваўся, і цяпер п'е толькі «трошку шампанскага».

Апытаныя «Нашай Нівай» кіраўнікі гаспадарак даюць Зайцу ў большасці негатыўныя характарыстыкі: «Прыязджаў да мяне на ферму, выступаў як і Лукашэнка — маналог, давядзенне паказчыкаў. Спачатку троху з ім паспрачаўся, але потым мне стала ясна: ён ведае, што карову трэба карміць. А астатняе…

Для слухача збоку можа і здаецца, што ён ва ўсім разбіраецца, але насамрэч веды павярхоўныя, або, правільней сказаць — састарэлыя. Актуальныя на дзесяцігоддзі таму. Як нарыхтаваць якасны кормы, скласці правільны рацыён, пракантраляваць фізіялогію каровы — гэта ўсё яму невядома», — расказаў «НН» адзін з кіраўнікоў гаспадаркі, куды прыязджаў былы міністр.

Знялі з міністэрскай пасады Леаніда Зайца пасля скандала з «абасранымі каровамі» на ферме «Сліжы» у Шклоўскім раёне — ён перастаў быць міністрам на наступны ж дзень.

Але крыніцы «Нашай Нівы» лічаць, што гэта ўсё — тэатральная пастаноўка, арганізаваная прэс-службай Лукашэнкі. У рэальнасці ж Зайца знялі за правалены сельскагаспадарчы сезон 2018-га.

Як аказалася, тады сабралі толькі трохі большаза 6 мільёнаў тон зернавых і зернабабовых на фоне амаль 8 мільёнаў тон у 2017.

«Але знялі нават не на сам неўраджай, а за тое, што схаваў масштаб, і калі глянулі ў запасы — аказалася, што няма. А сама схема зняцця «праз абасраных кароў» — не новая. Так міністраў здымалі і да Зайца», — адзначаюць нашы крыніцы.

Ужо на наступны дзень, 27 сакавіка 2019-га, Заяц з міністра стаў губернатарам Магілёўскай вобласці.

«Як губернатар нічога ў ім не назіраю, як высокакласны выканаўца — тут трапна»

На пасадзе губернатара даваў інтэрв'ю дзяржаўнаму тэлебачанню, большая частка яго — расказ пра сельскую гаспадарку. З улікам прафесійнай дэфармацыі, Заяц вельмі спецыфічна бачыць інструменты эканамічнага росту.

«Мы плануем павялічыць у 1,8 раза заробкі людзям. […] Для гэтага распрацаваны комлексны план развіцця з мэтай выхаду на зададзеныя параметры. Для гэтага неабходна выйсці на мільён тон малака! Трэба павышаць удоі, паляпшаць тэхналогію!» — гаварыў ён.

Як губернатар ён выступае перад працоўнымі калектывамі. Можна знайсці шэдэўральнае відэа, як ён расказвае рабочым з Касцюковіцкага цэментнага заводу, што «валавы ўнутраны прадукт вырас на 21%, […] а праз пяць год будуць ездзіць электрычныя аўтобусы па краіне».

«Бываюць кіраўнікі горш, што маем. Як губернатар нічога ў ім не назіраю, як высокакласны выканаўца — тут трапна», — кажа адзін з яго цяперашніх падначаленых.

Але чаму гэты, нічым не адметны, выканальны і не ініцыятыўны чыноўнікі вырашыў такім арыгінальным чынам «пакараць» суседа дачкі? Спыталі ў блізкага да Зайца чалавека.

«Калі б не зліў аўдыё, то я б ніколі не паверыў бы, што Заяц можа такое зрабіць, як чалавек ён не самы кепскі, — лічыць суразмоўца. — Я думаю, тлумачэнне тут такое: ён, як бацька, лічыць сябе вінаватым, што ўздымаўся па дзяржаўнай службе цаной сям'і. Ну і цяпер вось паспрабаваў зрабіць прыемнае дачцэ, абараніць яе па-бацькоўску. А выйшла так, што ад самому ад сораму няма куды дзявацца, і дачцэ ўсё сапсаваў — ёй жа там далей жыць».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.5(40)