«Схемы робяцца ўсё больш бессаромнымі»

Заснавальнік і кіраўнік «Беларускага расследвальніцкага цэнтра» Станіслаў Івашкевіч распавёў, хто грэее рукі на экспарце ўгнаенняў. І гэта зусім не кіраўніцтва «Беларуськалія».

— За адзін толькі год на адным толькі тэрмінале, праз які экспартуецца беларускі калій, каманда Віктара Шеймана скрала $35 мільёнаў, прычым самым прымітыўным і нахабным чынам, — расказаў Івашкевіч у інтэрв’ю Обычному утру.

Станіслаў Івашкевіч

— Усё вельмі проста. Яны бяруць порт і пытаюцца: «За колькі пераваліш 3 мільёны тон?» — «$35 мільёнаў». — «Добра, заплацім 70». Толькі не наўпрост, а праз фірму-пракладку, тую самую кіпрскую Dimicandum, якая таксама замяшаная ў перагонцы люксавых аўто і чые сляды вядуць да шэйманаўскай кампаніі.

Гаворка ідзе пра порт у Санкт-Пецярбургу, дадае журналіст. Але ж нядаўна была навіна, што перавалка беларускіх мінеральных угнаенняў там прыпыненая, бо бакі не сышліся ў цане?

— Насамрэч гэты порт гіганцкі, і там ёсць чатыры не залежныя адзін ад аднаго тэрміналы, якія належаць розным уласнікам, — тлумачыць Івашкевіч. — Канкрэтны тэрмінал, пра які мы гаворым, называецца «Балтыйскі судамеханічны завод», там насамрэч раней быў завод, але адмыслова пад беларускі калій яго рэканструявалі ў 2022-2023 годзе, і ён стаў адным з чатырох партоў, якія перавальваюць беларускі калій.

І вось што адбываецца: порт бярэ за свае паслугі $35 мільёнаў, а «Беларуськалій» плаціць $70, з якіх шэйманаўская фірма-пракладка палову пакідае сабе. Гэта вельмі прымітыўна, але працуе.

Тое, што БСМЗ прыпыніў перавалку ўгнаенняў, для «Беларуськалія» абсалютна не праблема, таму што з чатырох тэрміналаў гэта найгоршы — ён самы плыткі, і грузавыя судны з яго даводзіцца выводзіць на рэйд, а там перагружаць на больш буйныя танкеры. А порт за гэта бярэ дадатковыя грошы.

Канфлікт жа ў іх пачаўся менавіта на гэтай базе — дадатковая аплата, няякасная пагрузка, было, што калій падмок. Яны пачалі сварыцца, гэта выйшла на паверхню, і справай заняўся Камітэт дзяржкантролю — і, што цікава, там ва ўпор не бачаць шэйманаўскай фірмы-пракладкі.

Каб было больш наглядна, параўнаем: $35 мільёнаў, заробленыя Шэйманам за год на адным тэрмінале — гэта прыкладна 2 тысячы апаратаў для вентыляцыі лёгкіх, якімі можна было б забяспечыць беларускія шпіталі. Альбо пабудаваць 10 дзіцячых садкоў. Альбо вось Лукашэнка апошнім часам лаяўся наконт запазычанасцяў сялянам і фермерам, казаў «знайсці, дзе хочаце  гэтыя грошы і заплаціце» — у Беларусі чвэрць мільёна работнікаў сельскай гаспадаркі, і кожнаму з іх можна было б заплаціць $140 прэміі.

І гэтая схема, якую мы выкрылі — толькі адзін выпадак. Але нават у ім шмат паказальнага. Прыкладам, што для гэтага выкарыстоўваюць еўрапейскую фірму, якая знаходзіцца ў ЕЗ, але вядзе справы з падсанкцыйным «Беларуськаліем». Атрымліваецца, як і ў Расіі: чыноўнікі лаюцца на Захад, які ён кепскі і што «пусці гэтых дэмакратаў сюды, яны ўсё раскрадуць» — а самі якраз раскрадаюць і выводзяць грошы на Захад велізарнымі тэмпамі.

З 2018 года мы бачым, што гэтыя схемы робяцца ўсё больш бессаромнымі, мы нават кожны раз у шоку, што так можна. Раней хоць былі нейкія прэферэнцыі, прыкрывалі тэндэрнымі маніпуляцыямі, а цяпер проста  ўдвая завышаецца кошт — наце, загадваем «Беларуськалію» заплаціць у асабістую кішэню Шэйману. І зразумела, што Лукашэнка і ягоны пасол у Расіі гэта робяць не дзеля Шэймана, не таму, што так любяць менавіта яго, і зразумела, чаму КДК працягвае «не бачыць» двайнога завышэння коштаў.

Зрэшты, пакуль у Беларусі працуе «не да законаў», на Кіпры, дадае журналіст, пракуратура распачала расследаванне супраць проксі-кампаніі — і ёсць вялікія шансы, што справа дойдзе да суда.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(23)