І вось гэта вымаганне шчырага ўлюблення ў таго, хто над табой глуміцца, хто з цябе здзекуецца, ім вось гэтага хочацца. Яны хочуць цалкам авалодаць чалавекам так, каб гэты чалавек плакаў п’янымі слязамі ўмілення ў дачыненні да сваіх катаў.
Святлана Курс: «У пекле, верагодна, не катлы са смалой, а атмасфера, як на дзяржаўных святах»
Чаму лукашэнкаўская Беларусь — нерэнтабельны праект.
«Мало укрепить свою власть, надо при этом ещё и осознавать, что ты нагло и публично попираешь добродетель», – адзначыў у нядаўняй гутарцы расійскі пісьменнік і паэт Дзмітрый Быкаў, апісваючы глыбіню падзення прыхільнікаў расійскага рэжыму.
Быццам у адказ яму яшчэ адзін сучасны рускі класік Дзмітрый Глухоўскі кажа: «Власть принуждает нас в очень короткий срок поверить в то, что невообразимое зло нормально и желательно. Она заставляет нас отказаться от основных моральных принципов, которые воспитывают в каждом из нас с детства отец и мать».
Пра сутнасць беларускага рэжыму, які сёння горда крочыць у нагу з расійскім, і пра ступень яго падзення Филин пагаварыў з нашай сучасніцай — пісьменніцай, лаўрэаткай прэстыжнай літаратурнай прэміі Ежы Гедройця Святланай Курс.
— Вось Быкаў кажа: «Яны знаходзяцца ў экстазе нават не ад таго, што ім усё дазволена, а ад таго, што яны могуць патаптаць дабрачыннасць, ва ўсіх на вачах, не прыкрываючыся».
Што гэта за стадыя такая расчалавечвання?
— Улады, рэжым — яны ўвесь час на такой стадыі знаходзіліся. Памятаеце сцэну ў «Мертвых душах», якая называецца «Палюбі нас чорненькімі, а беленькімі нас усялякі палюбіць»?
Вось гэта глумленне над чалавекам закліканае да таго, каб зламаць волю чалавека і прымусіць яго да таго, што ён жа цябе, скаціну такую, потым і палюбіць, і будзе вымушаны з табою жыць у адной дзяржаве, падначальвацца табе, прымаць твае парадкі і плакаць слязамі ўмілення, а, можа, нават і выпіць разам давядзецца.
Вось паслухайце, якая там была сцэна. Тады ў Расіі была такая форма карупцыі, што судзейскія чыноўнікі ездзілі па багатых памесцях і, каб не ўзбуджаць эканамічную справу, не саджаць адказных за гаспадарку, іх трэба было добра пачаставаць і добра даць на лапу.
І вось яны прыехалі да маладога аканома немца, які камандаваў нейкім княжым памесцем. Немец гэты натуральна не быў прывучаны да карупцыі, бо гэта іншая ментальнасць.
Ён паглядзеў на іх п’яныя рылы, якія пілі ўжо два тыдні — а яны былі брудныя, няголеныя, хамскія — і замест таго, каб даць ім абед і на лапу, суха спытаўся: «Что вам угодно?».
Чыноўнікі так разгневаліся, што выкацілі супраць яго справу, пасадзілі на паўтары гады, садралі дзве тысячы рублёў (а тады за тры рублі можна было карову купіць — сума вельмі вялікая), потым выпусцілі і прымусілі яго даць так званы «благодарственный обед».
І напіўшыся на гэтым абедзе, яны сказалі: «Полюби нас черненькими, а беленькими нас всяк полюбит».
І, ведаеце, ім гэта ўдалося, таму што ў Расіі цяпер стаяць помнікі Сталіну, «Мемарыял» у падполлі, і да іх зноў прыходзілі гэтыя судовыя выканаўцы, такія ж самыя, як у Гогаля.
Яны так сама з’елі там усе цукеркі, якія знайшлі пад час вобшуку, выпілі іхную гарэлку, яшчэ і панапісвалі гадасцяў на граматах палітычным вязням — палюбіце нас чорненькімі. Гэта з Расіі ніколі не знікала, гэтак званая рабская псіхалогія.
— Як можна гэта суаднесці з нашай рэчаіснасцю, бо ў нас адбываецца тое ж самае?
— У нас тое ж самае адбываецца па дзвюх прычынах. Першая — подласць у чалавеку ёсць, і ў пэўных умовах гэтая подласць праяўляецца. Тэорыі дзяржавы ў тым, каб вырошчваць у людзях добрае, закон закліканы для таго, каб вырошчваць добрае і выполваць благое.
Але ёсць дзяржавы, таталітарныя і аўтарытарныя, якія скіраваныя на тое, каб у людзях выполваць добрае, а ўзрошчваць благое.
І вось у такіх сістэмах любы чалавек, любой нацыянальнасці аскацініцца, таму што, глядзіце, «1984» напісаў жа англічанін, брытанец (Дж. Оруэл). Гэта міжнародная праблема.
А другое вытлумачэнне, чаму зараз у Беларусі адбываецца гэтае глумленне, таму што частка беларусаў належыць да гэтак званага «русского мира».
Яны так жорстка здзекуюцца з беларускамоўных беларусаў, з беларускіх беларусаў, з беларусаў, якія хочуць свабоды, таму што ў гэтых беларусах не бачаць сваіх суайчыннікаў.
Калі б яны бачылі сваіх суайчыннікаў, то, нягледзячы на розніцу, з імі была б нейкая салідарнасць, яны б так не лютавалі, не абкрадалі б гэтых палітвязняў з вежы, не катавалі б іх, не залівалі б хлорку ў камеры, але яны — «русский мир».
Такі ж самы, як у Данецку, такі ж самы, як у Луганску, дзе свае сваіх выдаюць рускім, якія тых катавалі, адразалі рукі і, бог ведае, што вычваралі.
Вось на гэтых дзвюх прычынах беларускае глумленне і трымаецца. Але я глыбока ўпэўненая, што, калі адпаўзці ад гэтага «русского мира», 90% гэтых праяваў тут жа знікнуць.
Таму што гэта цывілізацыя такая: кожны, хто знаходзіцца ў лоне рускай культуры, гэтак званай «вялікай рускай культуры» — матэрыяльнай, духоўнай, грамадскай — рана ці позна апусціцца да гэтага.
— Глумленне прыносіць ім моцнае задавальненне, і гэта страшна, кажа Быкаў. Да такога жудаснага цынізму, робіць выснову ён, прыводзіць правіла, якое яны вывелі для сябе: калі ты не можаш стаць першым наперадзе, стань першым ззаду. Таму яны робяць зло і куражацца гэтым.
І гэта відавочна паўсюдна — і ў судах, і ў колах сілавікоў, і сярод чыноўнікаў, дзеячаў культуры і г.д. Паўсюль адбываецца такое першынства — стань лепшым ззаду. Ці назіраеце вы гэта?
— Натуральна назіраю, чаго вартыя адны прапагандысты. Толькі гэтае спаборніцтва не на стагоддзі, таму што мы не Паўночная Карэя. Мы не аддзеленыя ад Еўропы, ад цывілізацыі.
Гэта хутка міне, а тым людзям, калі ў іх захавалася хоць штосьці жывое ў душы, потым будзе вельмі сорамна за тое, што яны спаборнічалі ў мярзотнасці.
Таму што такія грамадствы не выжываюць, яны не канкурэнтаздольныя. Калі грамадства знаходзіцца ў такім стане, у ім немагчыма ні прафесіянальная праца, ні стварэнне якіх-небудзь матэрыяльных і духоўных каштоўнасцяў.
І лукашэнкаўская сістэма, з гэтага погляду, я думаю, зараз вельмі нерэнтабельны праект. Гэты праект не існаваў бы, калі б не ішло падсілкаванне з боку Расіі.
Такі ўродзец проста не можа дыхаць сам.
— Расійскі пісьменнік разважае і над азначэннем, якое сёння не проста зноў стала актуальным, а зайграла новымі адценнямі. Ён кажа, што «калі чалавек верыць у тое, што робіць, гэта яшчэ не фашызм. Але ж калі ён разумее, што робіць зло, і атрымлівае асалоду ад усвядомленага зла, вось гэта і ёсць сапраўдны фашызм».
Назіраючы за прыхільнікамі нашага рэжыму, якія робяць тэрор, мы бачым, што яны нібыта атрымліваюць ад гэтага асалоду, і пры тым фашыстамі называюць сваіх апанентаў.
— Яны могуць казаць што заўгодна, але нішто не адменіць таго факту, што дыктатуры ўвогуле — гэта амбасады сатанізму на зямлі.
Яны ўсіх абвінавачваюць у фашызме і сатанізме, таму што злодзей заўсёды крычыць «трымайце злодзея» гучней за ўсіх, каб яго не спалявалі. Але хто злодзей, на чыім баку зло — мы ж лёгенька гэта можам праверыць, прымяніць формулу «па пладах іх пазнай іх».
Вось гляньце, дапусцім, на пару Ціханоўскіх. Што Сяргей і Святлана кепскага зрабілі людзям? Па пладах іх мы бачым, што гэта мірная пара, якая хацела спакойна жыць у Беларусі, хацела, каб Беларусь была краінай для жыцця.
Цяпер агляніцеся на адваротны бок: хто катуе людзей, хто забірае іх жыцці, хто ламае ім жыцці, хто з’ядае чужы век? Па пладах іх пазнайце іх: смакоўніца дае смокву, а які-небудзь дурнап’ян дае атруту. Вось і ўсё.
— Хацелася б абмеркаваць яшчэ адну сентэнцыю Дзмітрыя Глухоўскага. Ён кажа, што ў задачы ўлады прывучыць нас да хлусні, у забароны казаць услых праўду і ў патрабаванні дэкламаваць публічна хлусню ёсць сэнс:
«Смысл этот заключается в том, чтобы уничтожить самоуважение у нового поколения. Переломить в них человеческий стержень, заставить их плюнуть на себя самих из страха перед несправедливым наказанием, самолично растоптать в себе моральное основание, естественное понимание того, что такое есть человеческий закон».
Аднак пакуль мы бачым тое, што самі гэтыя людзі, якія ўяўляюць сябе сёння ўладай, маюць вельмі жаласны выгляд. Іх саміх ніяк не назавеш людзьмі са стрыжнем.
— Часам я думаю, што яны, можа, дурнейшыя за нас і не бачаць, наколькі стаптаная іх чалавечая годнасць, наколькі гэтыя спектаклі, у якіх яны дзейнічаюць, бяздарныя.
Паглядзіце на любое публічнае свята, напрыклад. Такая ўбогасць, такая безнадзёга, такая туга. А яны чамусьці гэтага не бачаць, ім нармальна. Гэта не смешна і не страшна, проста бесканечна-бесканечна нудна ад такой тугі.
І ўсё ж відавочна, што яны страшна баяцца паміраць: а што калі там Бог усё-такі ёсць, што іх тады чакае?
Я думаю, там у пекле, верагодна, і не будзе ніякіх катлоў са смалой. Там будзе вось такая атмасфера, як на дзяржаўных святах.
Нядаўна бачыла ролік, як у Буда-Кашалёве на нейкай ферме тры жанчыны спявалі «Птица счастья завтрашнего дня», а даяркі сядзелі і слухалі гэта. Яны прываліліся галавой адна да адной, да сцяны, потым звесілі галовы, апусцілі рукі паміж каленямі, відаць, што ім нудна, агідна, што яны толькі і думаюць, як бы адсюль уцячы, але ўцячы не могуць.
А гэтыя райвыканкамаўскія цёткі ў аблупленай, страшнай буда-кашалёўскай ферме спяваюць пра «птицу счастья». Па-мойму, гэта і ёсць сапраўднае пекла. Я б ні за што не хацела сабе такога шчасця.
Чыноўнікі зараз на самым высокім узроўні не саромеюцца і прама так і гавораць: «Дзякуй за тое шчасце, якое вы нам падарылі».
Якое шчасце? Вы паглядзіце на іх твары! У іх твары людзей, якія ядуць як не ў сябе, у дадатак п’юць як не ў сябе, а потым ідуць на працу.
І з-за гэтага твар у іх робіцца як хлебны мякіш — порысты, абвіслы, тоўсты, чырвоны, льсніцца. Яны ад прыроды могуць быць даволі прыгожымі. Але вы паглядзіце, у што яны ператвараюцца.
Чалавек не можа існаваць толькі на стабільнасці. Тое, што ён паеў, пакакаў, паспаў — гэтага мала. З гэтага ты не будзеш чалавекам. А ў іх вось толькі гэтая трыяда цяпер забяспечаная. Ну яшчэ нейкія забавы, можа.
А чалавек жа павінен нешта ствараць, павінен адчуваць нейкае натхненне, палёт, а не хадзіць пад ярмом «есці, піць, спаць». Гэта расчалавечвае. Вось гэта я і назіраю па іх тварах.
Што тычыцца Расіі, то такія людзі, як Глухоўскі, Быкаў, тыя, хто працуюць у «Мемарыяле», гэта адзіная надзея Расіі на тое, каб яна выйшла са свайго пастаяннага рабскага стану.
Барыс Немцоў (быў вельмі адважны чалавек) некалі ж сказаў, што праблема Расіі «у нас саміх, таму што ў нас рабская свядомасць». Ды і Чэхаў раіў выдушваць з сябе па кроплі раба.
Вось у такіх людзях надзея. Можа яны выцягнуць тую Расію, як, памятаеце, грэшніка выцягнула цыбулька з пекла, таму што ён некалі жабраку даў цыбуліну. Так і яны могуць выцягнуць Расію з пекла, будзем на гэта спадзявацца.
Але мы, беларусы, сто адсоткаў выйдзем з гэтага пекла, таму што мы меншыя, маленькія, але, нягледзячы на гэта, нас шмат. І зараз найлепшае, што мы можам рабіць, гэта даць адчуць нашым палітвязням, што пра іх не забылі. Бо яны зараз у такіх страшных катавальных умовах. Астатнім людзям хачу сказаць, што трэба зберагчы сябе.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное