Святлана Курс распавяла, чым беларусы адрозніваюцца ад рускіх і чаму Пуцін будзе пераможаны
Пісьменніца Святлана Курс (Ева Вежнавец) – пра тое, што азначае быць беларусам у сучаснай Беларусі.
У інтэрв’ю каналу Жыццё-маліна Святалана Курс адказала на пытанне, чым беларусы адрозніваюцца ад рускіх.
– Беларускі народ папросту добры, ён скіраваны на сябе, а не на экспансію і на тое, каб ламаць праз калена суседзяў. Беларускі праект накіраваны на ўладкаванне беларускага жыцця і зямлі, каб у кожнага быў дом, дзеці, бяспека, законнасць, права на самарэалізацыю, – сказала пісьменніца.
Яна дадала:
– Рускаму чалавеку вельмі важна, каб была экспансія, прымушаць іншыя народы жыць так, як яны.
Пісьменніца распавяла, што па сваёй прыродзе з’яўляецца даследчыцай і шукала адказы на некаторыя пытанні на расійскіх форумах.
– Адзін чалавек адказаў на маё пытанне. Ён напісаў: не вашая сабачая справа, што з нашай зямлёй, захочам – зробім яе добрай, захочам – засром цалкам, галоўнае, што гэта зямля – наша.
Святалана Курс лічыць, што цяперашні рэжым у Расіі доўга не праіснуе.
– Пуціна гісторыя пераможа. Мне здаецца, расейцы зайшлі на сваё апошняе кола. Яны абяскровілі ўласную краіну. Яны ж сваіх перш за ўсё таўкуць. Абяскровілі ўласную імперыю, а такой колькасцю і такой якасцю людзей імперыі не будуюцца. Пуцін будзе пераможаны.
Пісьменніца таксама распавяла, што азначае быць беларусам у сучаснай Беларусі.
– У краіне створаная такая сістэма, што беларусам павінна быць балюча. Тое, што ты беларус, табе павінна балець. Табе з гэта павінна пастаянна прылятаць. Ты павінен сядзець у турме, з цябе будуць смяяцца з-за гэтага.
Твае беларускамоўныя ролікі збяруць у чатыры разы меней лайкаў, тваю мову не выкладаюць у школах і гэтак далей. Ты можаш як Паша Белавус за беларускі нацыяналізм на 7 гадоў сесці. Тваю справу растопчуць, раздавяць і аб'явяць экстрэмісцкай.
Усё зроблена для таго, каб беларусам быць было балюча, а рускім – у меру бяспечна, – лічыць Святлана Курс.
Пісьменніца адказала на пытанне, чаму на выступ умоўнага Грыгорыя Лепса збіраецца «Мінск-Арэна»:
– Калі сваё прытопчана, выгнана і забаронена, і школ беларускіх не існуе, то свята месца пуста не бывае, чалаваку патрэбна радасць, культура, мастацтва. Калі не будзе свайго альбо заходняга, будуць хадзіць на расійскіх зорак.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное