Святлана Куль-Сельверстава: «Не заўсёды нацыя ствараецца там, дзе дзяржава»
Доктар гістарычных навук: перажывем змрочныя часы – i не такое перажывалі.
Працяг гутаркi са Святланай Куль-Сельверставай. Пачатак тут.
— Наколькі заканамернымі, на вашу думку, былі паводзіны беларусаў падчас падзей 2020 года? І чаму ўвогуле стаў магчымы гэты пратэст?
— Цалкам заканамернымі. Ужо зразумела, што, калі б мы ўзялі ў рукі зброю ў 2020 годзе, сюды ўвайшлі б расійскія войскі. Беларусь была б акупаваная Расіяй, і гэта яшчэ горш. Бо ўжо зразумела, што наша краіна была патрэбная Расіі як плацдарм для вайны з Украінай.
Але пратэст у любым выпадку быў непазбежны. І нават калі Лукашэнка не прыпісаў бы сабе столькі галасоў, калі б не было сітуацыі з каранавірусам ці жорсткасці сілавікоў, усё роўна ў той ці іншы час выбухнула. Людзі б неяк па-іншаму адмянілі гэтую сацыяльную дамову.
Бо ўжо было бачна, што тое, што адбываецца ў Беларусі, не мае будучыні, не мае магчымасці развіваць краіну. Што больш нельга сядзець на расійскай нафце і ўсё мацней станавіцца іх губерніяй.
І калі мы гаворым пра беларускую нацыю ў сённяшнім яе выглядзе, то ўжо бачна, што нам не патрэбна дзяржава, якая ў нас існуе. Вось гэты інстытут з усімі надбудаваннямі. Гэты механізм абсалютна архаічны, ён аджыў, ён не на нашу ментальнасць.
Нам патрэбная ўжо іншая дзяржава — на падставе лакальных супольнасцяў, з самакіраваннем, з перадачай функцый дзяржавы. Нам не патрэбна дзяржава як інстытут прымусу. Мы да гэтага разумення ўжо даспелі. Мы можам самакіравацца — гэта паказаў 2020 год.
А тая дзяржава, якую мы зараз бачым, — гэта прадукт ХIХ-XX ст.
— Ці спыняюць сённяшнія рэпрэсіі, знішчэнне ўладамі ўсяго беларускага працэс фарміравання нацыі? Як увогуле будаваць іншую дзяржаву, калі многія, апынуўшыся ў вымушанай эміграцыі, пазбаўленыя нават той, што ёсць?
— Па-першае, не заўсёды нацыя ствараецца там, дзе дзяржава, ці працэс нацыяўтварэння патрабуе стварэння дзяржавы.
Мы зараз перажываем вельмі цяжкі перыяд. Асабліва ў сувязі з вайной ва Украіне. Не магу прагназаваць, бо не ведаю, што і як будзе. Але як гісторык магу сказаць, што мы такое ўжо перажывалі. І калі разбілі паўстанне Каліноўскага, і ў 1930-я гады, калі знішчылі беларускую інтэлігенцыю і ўсю беларускую хвалю.
Але мы з гэтага выходзілі. І я не лічу, што працэс скончыўся ці пайшоў не ў той бок. Не.
Іншая справа, што зараз не трэба апускаць рукі, а трэба актыўна, мэтанакіравана працаваць на агульную беларускую справу.
Тут ёсць момант, якога не было ні ў перыяд Каліноўскага, ні ў 1930-я гады.
Вы паглядзіце, якая зараз моцная беларуская эміграцыя. Наймацнейшая! Тыя, хто выехаў, сёння маюць магчымасць развіваць нацыянальны рух. Я не да таго, што тыя, хто застаўся, не развіваюць, а менавіта пра тое, што выказвацца публічна, выходзіць з лозунгамі, плакатамі, можам менавіта мы — тыя, хто знаходзіцца за межамі Беларусі.
Мы рупар беларусаў, якія засталіся на Радзіме, мы іх голас.
І не трэба таксама забываць пра інфармацыйныя тэхналогіі. Беларусь, беларусы і беларуская мова — ужо факт сусветнай інтэрнэт-прасторы. Беларуская мова — адна з нямногіх моў (а іх вельмі шмат у свеце), які ўжо мае такі добры і багаты інтэрнэт-кантэнт.
— А ці можам мы быць беларусамі без мовы? І якія тут у нас (і ў мовы) перспектывы.
— Не. Мова арганізуе мысленне. Бяда, што беларускамоўных пакуль мала, але добра, што вартасць мовы, як прынцыповай нацыянальнай каштоўнасці, узрастае.
Сапраўды, беларусы — гэта тая нацыя, якая зараз стварае будучыню. І наш гістарычны вопыт, і розныя падзеі, і нашы героі, і нават антыгероі — яны ўсе зараз працуюць на нашу будучыню. Мы азіраемся на той шлях, што прайшлі, шукаем прыклады, глядзім на суседзяў. Але перш за ўсё мы ўглядаемся ў сябе.
Думаю, перажывем мы гэтыя змрочныя часы. Усё роўна праўда за намі і будучыня за намі, і трэба на гэтую будучыню працаваць. Мы ў сілах, мы можам, мы моцныя. І не такое перажывалі.
Матэрыял падрыхтаваны пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Чэшскай рэспублікі ў межах праграмы Transiton Promotion.
Читайте еще
Избранное