Святлана Ціханоўская: «Я хачу сказаць дзякуй усім, хто мяне крытыкуе»
Лідар дэмсілаў — пра вырашальны момант, пагрозу страты незалежнасці і неабходнасць трымацца разам.
Лідар дэмакратычных сілаў Святлана Ціханоўская звярнулася да беларусаў у сваім тэлеграм-канале. У сваім звароце яна шчыра расказала, што адчувае ў апошнія дні, пра крытыку і выклікі, перад якімі апынулася ўся краіна.
— «Хопіць сварыцца. Чаму вы не можаце аб'яднацца і працаваць разам? Мы не за гэта змагаліся ў 2020». Мне часта пішуць такія паведамленні. Я цудоўна іх разумею. У 2020 годзе ўся Беларусь аб’ядналася вакол адной мэты — вызваліць нашую краіну і нашых родных ад дыктатуры, — піша Ціханоўская. І канстатуе: — Але праз два гады мы бачым, што наш шлях апынуўся больш складаным і зацягнуўся надоўга. Многія не ведаюць, што яшчэ можна зрабіць, каб гэта скончылася. Хтосьці, адчуваючы адчай, спрабуе знайсці вінаватых.
Святлана Ціханоўская падзялілася ўласнымі перажываннямі. Па яе словах, яна часам хвалюецца не менш, чым іншыя:
— Мы ўсе маем права на нашыя эмоцыі і на пытанні. Але я толькі хачу нагадаць, як важна берагчы адно аднаго. Сварыцца, але не станавіцца ворагамі. Крытыкаваць, але не спыняцца ісці разам да агульнай мэты.
Ціханоўская падкрэслівае, што цяпер настаў «вырашальны момант нашай з вамі гісторыі». Беларусы рызыкуюць страціць сваю незалежнасць, сваіх родных, «калі Лукашэнка яшчэ больш уцягне нас у гэтую бессэнсоўную вайну».
— Мы рызыкуем усім. Але сітуацыя за апошнія два гады толькі пагаршаецца, і таму мы ўжо не адчуваем крызіс так востра, мы толькі адчуваем стомленасць і адсутнасць падтрымкі. І жаданне, каб усё гэта хутчэй скончылася.
Лідар дэмсілаў нагадала пра важнасць узаемнай падтрымкі і неабходнасць трымацца разам:
— Быць разам — гэта дапамагчы чалавеку, які з часам здольны бачыць толькі боль, — убачыць надзею. Абняць яго. Натхніць. Надаць сілы. Паверыць у яго і ў сябе самога. Сказаць «дзякуй».
Святлана Ціханоўская звярнулася і да тых, хто крытычна ставіцца да яе дзейнасці:
— Я хачу сказаць дзякуй усім, хто мяне крытыкуе. Я хачу сказаць дзякуй за тое, што вам не ўсё адно. Што вы не забыліся, не адпусцілі боль за нашую будучыню і сучаснасць, і шукаеце магчымасць усё выправіць. Я ведаю гэтае пачуццё роспачы і страху страціць тое, што любіш. Я ведаю, што менавіта яно вамі рухае. І проста хачу сказаць вам дзякуй, бо мне гэтак жа балюча, як і вам.
Я заклікаю вас сказаць дзякуй тым, хто менш за ўсё ад вас гэтага чакае. Давайце ўзгадаем, што мы адзін народ, і дапаможам адно аднаму ў гэты складаны эпізод нашай гісторыі».
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное