Святлана Ціханоўская: Мы не ведалі пра абмен зняволенымі і не ўдзельнічалі ў працэсе

3 ліпеня на адкрыцці двухдзённай канферэнцыі Новая Беларусь 2024 у Вільні лідарка дэмакратычных сілаў Святлана Ціханоўская заявіла, что яны не ведалі пра абмен зняволенымі і не ўдзельнічалі ў працэсе, каб уплываць на яго вынікі.

Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

Святлана Ціханоўская адзначыла:

– Сёння сярод нас шмат людзей, з якіх можна браць прыклад і натхняцца. Такіх, як Вольга Гарбунова з яе камандай, якая запусціла службу «Адно акно». Такіх, як Павел Сапелка і Кацярына Дзейкала,  якія з камандай «Вясны» і БХК дапамагаюць рэпрэсаваным.

Такіх, як Таццяна Гацура-Яворская, якая запусціла і кіруе рэабілітацыйным цэнтрам «Ланка». Такіх, як Вольга Зазулінская, Андрэй Стрыжак, ці Аляксей Лявончык, якія запусцілі «Службу хуткай гуманітарнай дапамогі».

Такіх, як Алеся Буневіч ці Ася Булыбенка, палітвязынкі, якія выйшлі на волю і адразу ўключыліся ў працу.

Такіх, як Ірына Маклін, Аляксандра Мамаева, Дзмітры Васэрман і іншыя прадстаўнікі Народных амбасад, якія запусцілі праект Pashpart.org i дапамагаюць беларусам, што апынуліся ў выгнанні ці без дакументаў. 

Такіх, як Аліна Коўшык ці Сяргей Будкін – заступнікі беларускай культуры.

Альбо Наталля Задзяркоўская, якая стварыла Музей Вольнай Беларусі ў Варшаве.

Такіх, як Павел Латушка, які разам з камандай НАУ дакументуе злачынствы рэжыму, каб урэшце прыцягнуць яго да адказнасці.

Такіх, як Аляксандар Мілінкевіч, які не стамляецца нагадваць, што будучыня Беларусі ў Еўропе. Такіх, як Артур Вакараў, плакаты якога вы можаце бачыць на сценах.

Такіх, як Лена Жываглод і «Сумленныя людзі», якія спрабуюць дагрукацца да самых абыякавых.

Альбо каманда Белпол, якія першымі расказалі пра раскошныя рэзідэнцыі дыктатара і правялі дзёрзкую акцыю па ўсёй Беларусі напярэдадні «безвыбараў».

Такіх, як Андрэй Павук, які сваімі званкамі не дае спакойна спаць лукашэнкаўскім чыноўнікам…

Удзячная і тым, хто змагаецца за вызваленне нашых родных з-за кратаў. Пару дзён таму, калі адбываўся абмен закладнікамі паміж Расіяй і ЗША, многія з нас спадзяваліся, што ў спісах мы пабачым імёны Марыі Калеснікавай, Анджэя Пачобута ці Ігара Лосіка. Але, нягледзячы на ўсе намаганні, цуду не здарылася.

Упэўненая, што сёння часта мы будзем вяртацца да гэтай тэмы. Папярэджваючы ўсе пытанні, адкажу: мы не ведалі і не ўдзельнічалі ў працэсе гэтых перамоваў, каб паўплываць на іх вынікі.

Але сам факт такога абмену з’яўляецца важным прэцэдэнтам, які нам дапаможа ў вызваленні беларусаў у будучыні. Гэта таксама магчымасць звярнуць увагу свету на сітуацыю з беларускімі палітвязнямі.

Тут сёння з намі шмат дыпламатаў, якія працуюць з Беларуссю. Для іх, як і для нас з вамі, пытанне палітвязняў з’яўляецца прыярытэтам нумар адзін. Я ўпэўненая, што разам мы зможам знайсці спосабы і механізмы, каб выцягнуць нашых людзей з турмаў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4(12)