Святлана Алексіевіч: тата быў пастаўлены перад выбарам – або развод, або партбілет на стол – але не кінуў маму
Пра гэтае інтэрв’ю я прасіў Святлану Алексіевіч даўно. Але пасля прысуджэння Нобелеўскай прэміі яна і дасюль яшчэ ў частых раз’ездах — бачыць і чуць яе па-ранейшаму хоча ўвесь свет. Зрэшты, мы ўсё ж сустрэліся, тым больш і нагода з’явілася годная — 70-ы дзень нараджэння пісьменніцы…
— Ваш бацька мог бы стаць сакратаром абкама на Палессі, аднак высветлілася, што родная сястра вашай маці сядзіць у лагеры. І ваш бацька быў пастаўлены перад выбарам: або развод, або партбілет на стол. Але ён настолькі любіў вашу маму...
— Што не кінуў яе. Тату выратаваў Лабанок — быў такі яго сябар яшчэ з вайны.
— Той самы Лабанок, што быў членам ЦК?
— Так. У выніку тата не пацярпеў, але вымушаны быў з’ехаць з Мазыра ў вёску, дзе быў дырэктарам школы.
— Успамінаецца, што і Пятро Глебка ахвяраваў многім дзеля жонкі, якая падчас вайны была дыктарам на акупацыйным радыё. Пасля вайны яе збіраліся арыштаваць, і Глебка хадзіў да міністра дзяржбяспекі Цанавы прасіць за жонку. З яго боку гэта таксама быў учынак.
— Вядома. Калінін жа не выратаваў сваю жонку Жамчужную, а па-ранейшаму служыў Сталіну і баяўся заікнуцца пра яе... Так, гэта быў учынак па тых часах.
Хоць у бацькі была дзіўная вера: ён лічыў, што сама па сабе ідэя сацыялізму выдатная, але гэта Сталін сапсаваў яе...
Я памятаю іх размовы з мамай, калі пачаліся 1990-я гады: спачатку гэта была радасць, бо яны, як і мільёны людзей, думалі, што іх чакае палепшаны сацыялізм. Ніхто нават не ўяўляў, што наперадзе капіталізм!
Калі ж, нарэшце, стала зразумела, што чаканні не апраўдаліся, мама казала, што зноў будуць багатыя-бедныя, што зноў будзе прыніжэнне, якое яна перажыла яшчэ ў дзяцінстве... Вядома, бацькі не маглі гэтага прыняць. Яны былі здзіўлены — яны ж настаўнікі былі! — што гісторыя дае такі дзіўны збой і зноў — як там у Леніна? — адзін крок наперад, два крокі назад. Ім быў не зразумелы гэты адыход ад сацыялізму да капіталізму — яны ж ведалі, яны ж былі выхаваны так, што пасля капіталізму ідзе сацыялізм, а не наадварот. І калі нават нам цяжка гэта зразумець, што ўжо казаць пра нашых бацькоў!..
Цалкам інтэрвью чытайце тут
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное