Алексіевіч: «Салдатаў пасылалі, каб сталі героямі, а яны вярнуліся злачынцамі»

15 лютага споўнілася 30 гадоў завяршэньня вываду савецкіх войскаў з Аўганістану. З гэтай нагоды Свабода распытала пра аўганскі досьвед Сьвятлану Алексіевіч — ляўрэатку Нобэлеўскай прэміі ў літаратуры, аўтарку кнігі «Цынкавыя хлопчыкі» пра гэтую вайну.

Тры тыдні ў верасьні 1988 году Сьвятлана Алексіевіч з групай савецкіх журналістаў знаходзілася Аўганістане. У Кабуле і іншых гарадах яна сустракаліся з вайскоўцамі, мясцовымі і камандзіраванымі з СССР чыноўнікамі, жыхарамі краіны. Да вываду савецкіх салдат з краіны заставалася меней за паўгода.

Вынікам паездкі стала дакумэнтальна-мастацкая кніга «Цынкавыя хлопчыкі» (у запаяных цынкавых трунах адпраўлялі на радзіму забітых савецкіх салдатаў). У кнізе прывяла ўспаміны маці і жонак загінулых, а таксама непасрэдных удзельнікаў вайны, бальшыня якіх пасьля вяртаньня сутыкнулася зь неразуменьнем грамадзтва і непрыстасаванасьцю да мірнага жыцьця.

На пачатку 2017 году гэты твор упершыню выйшаў на фарсі (у перакладзе паэта-публіцыста Хазрата Вахрыза): савецкае ўварваньне пакінула горкі сьлед у памяці аўганскага народу, чые ахвяры ў той вайне склалі 1 мільён загінулых, і 5 мільёнаў сталі вымушанымі ўцекачамі.

— Сьвятлана Аляксандраўна, гісторыя сьведчыць, што ўсе спробы заваяваць Аўганістан аказаліся безвыніковымі — брытанцы, СССР, амэрыканцы заходзілі з амбітнымі мэтамі, а выходзілі ні з чым. У чым, на вашу думку, прычына такой бясплённасьці?

— Аўганістан — гэта краіна, якая існуе абсалютна ў іншым часе. Прынамсі склалася такое ўражаньне падчас майго там знаходжаньня 30 гадоў таму, але думаю, што і дагэтуль так. Калі я размаўляла зь людзьмі, яны зусім зь іншага часавага вымярэньня, у іх цалкам сваё ўспрыняцьце рэальнасьці.

Памятаю, нейкі савецкі палкоўнік «наразаў» сялянам зямлю. Стаяць тыя дэхкане, ён аднаго выклікае і паказвае, што ягоны надзел адтуль і дасюль. І ўрачыста абвяшчае: маўляў, цяпер гэта тваё. А той спакойна паварочваецца і гаворыць: «А ты што, Алах, каб раздаваць зямлю?» І пайшоў па сваіх справах. Іншымі словамі, ніякай «ласкі» ад чужынцаў папросту не прымалі.

Павінны адбыцца вельмі глыбінныя ўнутраныя працэсы. Такое ў мяне засталося адчуваньне. Можа, нават трэба дапамагаць краіне ў гуманітарнай сфэры, каб яна прасоўвалася наперад. Аднак несьці свабоду «на штыках» бессэнсоўна, людзі самі яе адрынуць.

Як СССР хацеў «камунізаваць» Аўганістан

— Як аўганцы ўспрымалі камуністычную ідэалёгію, якую на сваіх штыках нёс туды СССР?

— Памятаю, мы ляцелі ў Кабул самалётам, які траха не напалову быў загружаны «ідэалягічным сьмецьцем»: бюсты Леніна, Маркса, партрэты членаў Палітбюро ды іншая наглядная агітацыя. Уявіце: пасярэдзіне стаяў танк на ланцугах, па баках сядзелі вайскоўцы, а ззаду ў хвасьце кучай наваленыя нашы правадыры. Безумоўна, усё гэта выклікала толькі іронію, паколькі для аўганцаў тыя твары былі абсалютна чужароднымі.

Сьвятлана Алексіевіч у Кабуле, 1988 год

— Кіраўніцтва Беларусі ніяк не ацэньвае гэтую вайну. А вось у Расеі ацэнкі той вайны часоў перабудовы пераглядаюць...

— Мяне вельмі зьдзівіла, калі летась Пуцін заявіў: правільна, што ўвайшлі ў Аўганістан. І аргумэнт: каб ня мы, там бы ўжо сядзелі амэрыканцы. Ну і што? Былі амэрыканцы, а да таго, не забывайцеся, і брытанцы: калі часам лавілі муджагедаў, тыя былі ўзброеныя ангельскімі «бурамі», стрэльбамі аж ХІХ стагодзьдзя. Вядома, потым было шмат рознай зброі, але сьвядомасьць мясцовага люду заставалася абсалютна адрознай ад «місіянэраў». Таму ўсе чужынцы заходзілі і выходзілі практычна з аднолькавым эфэктам.

Наогул я ўсё больш пераконваюся: любым спробам прынесьці і навязаць свае правілы прызначаны сумны фінал. Нам жа не прыходзіць у галаву прымусіць менскі мэтрапалітэн працаваць паводле нямецкага ці францускага раскладу? Чаму тады думаем, што ў сілах «нагнуць» пад сябе цэлыя краіны?

Можна дапамагаць унутраным працэсам дзеля стварэньня грамадзянскай супольнасьці, якая б працавала на агульную карысьць для ўсіх. Аднак спробы гвалтам прышчапіць свабоду і дэмакратыю — ад Аўганістану і Сырыі да Іраку і Лібіі — пакуль відавочных посьпехаў ня мелі.

Аўганцы крычалі савецкім салдатам «Шураві-гітлеры!»

— Ці можна сказаць, што ў краінах былога СССР цяпер па-рознаму ставяцца да салдат той вайны, так званых «аўганцаў»?

— Усё досыць складана... У любым выпадку бясспрэчна адно: улады ўсіх падманулі. Савецкае грамадзтва тады, відаць, было яшчэ ня ў тым стане, каб пратэставаць. Прынамсі я вельмі рэдка сустракала людзей, якія разумелі, што можна было зрабіць інакш. Зразумелая справа, што ў аўтарытарнай дзяржаве — нават такой, як цяпер у нас, — выбар у чалавека невялікі. Так і ў тых хлопцаў асаблівай альтэрнатывы не было. Яны і дагэтуль падманутыя.

Сьвятлана Алексіевіч у Кабуле, Аўганістан, 1988 год

Дарэчы, іх там пагардліва звалі «шураві-гітлеры», і гэта вельмі балюча было выслухоўваць — ад зморшчаных старых, ад сухенькіх маленькіх жанчын зь дзецьмі бяз рук, без ног. Зразумела, закладалася пачуцьцё віны. Туды пасылалі, каб яны сталі героямі, а ў выніку вярнуліся дадому злачынцамі — у канцы 1980-х сутнасна Савецкі Саюз быў ужо зусім іншы. Іх «здалі» з усіх бакоў: і вайна ўжо нікому не была патрэбная, і краіна зьмянілася — паўсталі іншыя каштоўнасьці, якія, дзеля справядлівасьці, сёньня імпэрская сьвядомасьць у Расеі зноў спрабуе «абнуліць».

Я ў любым выпадку мяркую, што тая вайна будзе прызнаная злачыннай. Як некалі сказаў Міхаіл Гарбачоў, так і давядзецца канстатаваць: за ўсё трэба адказваць. Ня кажучы ўжо пра тое, што ў кожнага «аўганца» поўна сваіх грахоў. На вайне практычна нельга не страляць, а значыць, так ці інакш становісься злачынцам: ужо загнаны, як патрон у патроньнік, і нічога ня можаш зрабіць.

— Вайна Расеі на Данбасе, акупацыя Крыму — гэта ў нейкім сэнсе паўтарэньне Аўганістану?

— Магу сказаць, што пісьменьнік Захар Прылепін, які быў на Данбасе ў складзе так званых «войскаў ДНР», вярнуўся адтуль, скажам так, «разбураным» чалавекам. Ён гаварыў так: усіх нас можна судзіць і ў той жа час называць героямі... Судзіць — так, але, думаю, нідзе не паставяць помнік «герою-Матаролу» (забіты баявік прарасейскіх сэпаратыстаў на Данбасе. — РС).

Нас кормяць казкамі, што там ваююць мясцовыя, данбасцы. Насамрэч гэта добраахвотнікі-расейцы, многія зь якіх загнаныя ў сытуацыю безграшоўя, безвыходнасьці. Перакананая, там няшмат яўных «новапатрыётаў», таксама па-свойму падманутых людзей. Але з-за іх гінуць украінцы, якія мусяць бараніць сваю зямлю.

Асабіста я хацела б, каб людзі хутчэй расплюшчылі вочы, каб гэты досьвед паслужыў прарывам у новую адкрытую будучыню. Праўда, мяркуючы па тым, што цяпер адбываецца ў Расеі (і нават у нас якая абстаноўка), пакуль што спадзявацца на гэта не даводзіцца. Гэта яшчэ доўгі шлях. Свабода не такі бескарысьлівы падарунак, як мы думалі ў 1990-я, калі хадзілі па плошчах і скандавалі дэмакратычныя лёзунгі. Свабода — гэта доўгі шлях.

Як судзіліся з аўтаркай «Цынкавых хлопчыкаў»

— На пачатку 1990-х вас як аўтарку «Цынкавых хлопчыкаў» спрабавалі прыцягнуць да суду. Як лічыце, сапраўды гэта быў крык душы маці і жонак загінулых ці нейкая сплянаваная акцыя?

— Зразумела, пэўныя сілы зьмірыцца з праўдай не маглі. Падбухторвалі маці забітых — маўляў, вашы дзеці героі, гэта Алексіевіч робіць зь іх злачынцаў. Паколькі быў час татальнага дэфіцыту, падкуплялі і халадзільнікамі, і тэлевізарамі, і працу «аўганцам» абяцалі.

Толькі пазьней, падчас чачэнскай вайны, калі я сустракалася з жанчынамі, якія не дачакаліся дзяцей з Аўганістану, яны казалі: Сьвятлана, ты маеш рацыю, мы проста не маглі паверыць, што нашы сыны забівалі. А пасьля Чачэніі бачым, як усё насамрэч адбываецца.

Аўганістан спрабавалі сьпісаць на «стратэгічную памылку», але, як казаў адзін з пакалечаных герояў, калі гэта памылка, дык вярніце мне мае ногі! І гэта таксама праўда той вайны.

— Да 30-годзьдзя вываду савецкіх войскаў Свабода падрыхтавала сэрыю артыкулаў пра ўдзельнікаў вайны. Адным зь герояў быў і шараговец Алег Ляшэнка, які патрабаваў ад вас маральнай і матэрыяльнай кампэнсацыі. Ці ёсьць жаданьне зноў сустрэцца з пазоўнікамі, абмеркаваць, наколькі зьмянілася іх стаўленьне да тых падзеяў?

— Якраз прыгадваю такі момант: калі Алег хацеў са мной судзіцца, нехта з залі яму пракрычаў: «Што ж ты зь ёй судзісься?! Адсудзі грошы ў Міністэрства абароны, гэта ж яны мусяць цябе забясьпечыць пэнсіяй...»

Спадзяюся, за столькі гадоў Алег нарэшце зразумеў, хто рэальна вінаваты ў ягоным становішчы.

А што тычыцца сустрэчы... Думаю, што найперш ім самім было б цяжка вярнуцца ў той час. Наогул я шчыра радая, што Алег жывы. І мне ня ўсё роўна, чым ён цяпер займаецца, ці ёсьць вакол яго блізкія людзі. Прынамсі я б хацела, каб у яго была жонка, дзеці, бацькі. Каб было доўгае жыцьцё ў асяродку родных, бо ад дзяржавы ніякай дапамогі, спагады не дачакаесься...

Я мімаходзь згадала пра помнікі, дык у гэтым сэнсе Востраў сьлёз у Менску досыць арганічны — проста прыйсьці памаліцца за душы тых хлопцаў, якія невядома за што палеглі ў Аўганістане. Я ведала многіх мацярок, якія вельмі рана пайшлі з жыцьця, бо часта гэта іхныя сыны былі адзінымі дзецьмі ў сям’і. Таму толькі і застаецца, што памаліцца за душы ўсіх ахвяраў той вайны.

Алексиевич о трагедии в Столбцах: Лукашенко первым демонстрирует насилие и неуважение к человеку

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.4(38)