Общество

Ірына Дрозд

Святар ПЦУ-беларус: «З дваццаці чалавек нас засталося толькі трое жывых пасля палону»

Айцец Яўген Орда — пра палон, катаванні, беларусаў Чарнігаўшчыны ды сувязі, якія нельга парушыць нават праз вайну. Гісторыя, якая прымусіць плакаць і ад болю, і ад гонару.

Айцец Яўген Орда. Усе фота з архіва героя

— Беларуская дыяспара дала найбольш вайскоўцаў нашаму гораду. І ўсе яны ваююць. Зараз на фронце кожны сёмы захіснік — з Чарнігаўскай вобласці, — кажа святар Праваслаўнай Царквы Украіны (ПЦУ) Яўген Орда.

Айцец Яўген — капелан Нацгвардыі Украіны. Ён служыць Богу ўжо 23 гады. Нарадзіўся ў Расіі, жыў ва Ўкраіне, але ніколі не забываў свайго беларускага паходжання, нават знайшоў сувязь з Напаліёнам Ордой.

Падчас поўнамаштабнага ўварвання Расіі святому айцу давялося перажыць палон, акупацыю, страшэнныя катаванні. Аб гэтым, а таксама аб тым, на чым трымаецца сувязь паміж беларусамі і ўкраінцамі, ён шчыра распавёў «Салідарнасці».

«Усе мы тут жылі паміж Гомелем і Чарнігавам»

— Я не вельмі добра гавару па-беларуску, — выбачаецца суайчыннік, — мову вучыў у дзяцінстве, калі ездзіў у вёску да сваіх. Размаўляю як палешукі. У бацькоўскім доме былі беларускія кнігі, якія я чытаў. А потым яшчэ прывозіў кнігі з самой Беларусі, асабліва цікавіўся гісторыяй.

На Палессі ў Гомелі жыве шмат сваякоў, там і дзед пахаваны, і дзядзька. Яшчэ шмат родных пахавана на Брэстчыне.

Да 2006 года, кажа айцец Яўген, ён часта ездзіў у Беларусь. Пасля быў у нашай краіне толькі адзін раз.

— У 2009-м прыязджаў хаваць свайго дзядзьку. Ён мяне прасіў, каб я яго адпяваў. І тады я служыў набажэнства па-беларуску.

У нас у Чарнігаве жыве 12 тысяч беларусаў, гэта найбольшая дыяспара ва Ўкраіне. Мы яшчэ з адным святаром, таксама беларусам, нават хацелі адчыніць тут беларускую царкву, займаліся суполкай.

Да нас на набажэнствы хадзіла шмат этнічных беларусаў і мы служылі тады на мове.

Наша вобласць — гэта вайскоўцы. Яшчэ з савецкіх часоў у нас засталіся добрыя танкавыя палігоны, вялікая вучэбка, брыгады. Наогул Чарнігаў — горад адстаўнікоў. І большасць з іх — этнічныя беларусы, якія памяталі сваю Радзіму, мелі там сваякоў і не хацелі губляць сувязі.

Святар разам з вайскоўцамі з Чарнігава, сярод якіх шмат этнічных беларусаў

Іх дзеці таксама сталі баявымі афіцэрамі. І зараз амаль усе яны пайшлі на фронт. Шмат хто загінуў, на жаль. Таму суполка наша даўно ўжо з-за вайны не збіраецца.

Ёсць і такі прыкры факт, некаторыя з тых, хто з гонарам лічыў увесь час сябе беларусам, зараз саромеюцца гэтага з-за таго, што Беларусь падтрымала расійскую агрэсію.

— А вы як да гэтага ставіцеся?

— Я разумею, што гэта не Беларусь так паступіла, гэта так званы «бацька». І шмат украінцаў гэта разумеюць.

— Але ж да 2020 года Лукашэнка меў вельмі добрую рэпутацыю ў украінцаў.

— Так. Яны ездзілі ў Беларусь і адзначалі, што дарогі там добрыя, узровень жыцця вышэйшы. Але з гадамі і ў нас рос узровень жыцця, і ўжо не ўсе параўнанні аказваліся на карысць Беларусі.

К 2020 году ў нас і пенсіі зраўняліся, і работу было лягчэй знайсці. І нават дарогі ў апошнія гады адбудавалі лепш, чым у Беларусі. А яшчэ сталі прымацца законы, якія дазвалялі людзям зарабляць.

Беларусы, наадварот, расказвалі, што іх умовы змяняюцца не ў лепшы бок. Яны ж таксама да нас ездзілі на рынкі, і з цягам часу стала бачна, што суседзі становяцца ўсё бядней і бядней.

Тут яшчэ абавязкова трэба нагадаць геаграфічны фактар. З Чарнігава да Гомеля бліжэй, чым да Кіева. Можна сказаць, што ўсе мы тут жылі паміж Гомелем і Чарнігавам. На Палессі і ў беларускіх, і ва ўкраінскіх вёсках людзі размаўляюць на адным дыялекце, гандлююць паміж сабой, маюць вялікія традыцыі стасункаў.

Нашы хлопцы вельмі любілі беларусак, бо ўкраінкі такія наравістыя. А беларускі больш лагодныя і працавітыя. Калі ў нашу вёску хлопец прывозіў беларуску, гэта было свята.

З беларусамі ў нас ніякіх сварак ніколі не было, мы жылі як адзін народ, гэта праўда.

А ў расіян няправільнае стаўленне. Яны думалі, калі чалавек размаўляе па-руску, значыць ён рускі. Але ж украінцы і беларусы размаўлялі і на сваіх мовах, а, галоўнае, адчувалі сябе менавіта ўкраінцамі і беларусамі. І праблема расіян у тым, што яны гэтага не разумеюць.

— Як украінцы разумелі падзеі 2020 года, якія ў нас адбываліся?

— У 2014 годзе мы зрабілі Майдан і адчулі, што можам дыхаць свабодна. Спачатку стала трошкі горш, а потым лепей. Мы скінулі тыя ўлады, якія нас нішчылі.

Убачыўшы шмат вашых людзей на вашым майдане у 2020 годзе, мы верылі, што гэтак жа станецца і ў Беларусі. Я думаю, што вы крыху недадавілі, каб лукашэнскаўская сістэма не вытрывала. І ўсё ж мы верылі і маліліся за вас, каб перамаглі.

Былі, канешне, розныя погляды, асабліва ў людзей сталага веку, але большасць усё роўна была за вас. Амаль ва ўсіх ёсць радня на Гомельшчыне, толькі ў самім Гомелі жыве 40 тысяч украінцаў. Таму мы атрымлівалі інфармацыю аб тым, што адбываецца, з першых вуснаў.

«Хто пад катаваннямі прызнаваўся, што ён вайсковы, адразу расстрэльвалі»

Капелан Нацгвардыі Украіны Яўген Орда да поўнамаштабнага ўварвання. 2021 год

— Ці верылі вы ў тое, што пачнецца вайна?

— Паколькі ў нашым горадзе жыло шмат вайскоўцаў і яны ваявалі на Данбасе, то мы, яшчэ калі прэзідэнтам быў Парашэнка, разумелі, што рускія рыхтуюць глебу для вайны. Яны толькі чакалі моманту.

І калі на змену Парашэнку прыйшоў Зяленскі, яны думалі, што гэты «клоўн» адразу ўцячэ. А тое, што акрамя ўлады яшчэ ёсць народ, у разлік зусім не бралі.

Між тым украінцы яшчэ з часоў Другой сусветнай вайны — партызаны. Шмат людзей дагэтуль памятаюць, як трэба нішчыць захопнікаў. У некаторых нават зброя знайшлася з тых часоў. З першага дня ўсе рабілі «кактэйлі Молатава» і рыхтаваліся абараняць горад. Але ж 4 сакавіка Чарнігаў захапілі.

— А што засталося ў вас у памяці пра 24 лютага?

— Уначы нешта моцна гікнула, усё затрашчала, пачалі бамбіць наш аэрапорт. Я ж таксама вайсковец, хоць і святар, мне адразу патэлефанавалі, сказалі, збірайся — пачалася вайна. Я сабраўся і паехаў у сваю вайсковую частку. Ездзіў па хлопцах, служыў службы.

Айцец Яўген, капелан — падчас вайны на фронце

Пасля вывез у вёску Іванаўку за Дзясну жонку з дзецьмі. Дарэчы гэтая вёска да рэвалюцыі называлася па-беларуску — Янаўка. Яе перайменавалі бальшавікі, але людзі там заўсёды казалі па-беларуску.

Баі хутка дайшлі да Чарнігава. Мы ў гэты час рухаліся ў напрамку Кіева, калі паступіў загад усім вайскоўцам сабрацца ў Чарнігаве і акопвацца. Там мы і сустрэлі расіян.

Яны ішлі калонамі па асфальтаваным дарогам і знішчалі ўсё на сваім шляху — некаторыя прыгарадныя раёны згарэлі цалкам. Пачаліся моцныя вулічныя баі. Але з гораду іх выбілі.

Яны адышлі, кінулі пантонныя масты цераз Дзясну і пачалі абыходзіць Чарнігаў з захаду, за 30 км. У нас не хапала артылерыі, каб дастаць да гэтых мастоў.

— Як вы трапілі ў палон?

— Трэцяга сакавіка я паехаў у тую ж Іванаўку на заданне. Там лятаў беспілотнік, сачыў за тым, каб расіяне больш не кідалі мастоў, і мы павінны былі ім кіраваць.

Аказалася, што там памерла жанчына, бабуля Ганна, і мяне папрасілі яе адпець. Пакуль я быў на пахаванні, прыляцелі знішчальнікі і пачалі бамбіць нашу танкавую калону. А калі я адслужыў набажэнства, але яшчэ быў на могілках, у вёску зайшлі рускія танкі.

У мяне пад расай была вайсковая форма. Я яе зняў і закапаў, дакументы спаліў у кадзіле. Бо мы ведалі, што за гэта расстрэльваюць. Я застаўся толькі ў штанах і берцах. З-за іх мяне і схапілі.

Берцы для іх наогул нешта незвычайнае. Я не ведаў, што «другая армія свету» будзе апранутая ў гумавыя ды кірзавыя боты. Яны нашы берцы сцягвалі з жывых і мёртвых. Я такога не бачыў, нават афіцэры змагаліся за наш абутак.

У іх усё адзенне было вельмі дрэннае. Мае берцы, канешне, таксама забралі, і я ўвесь месяц у палоне хадзіў у звычайных гумавых шлапаках. Маразы былі, я хадзіў па снезе, але холаду не адчуваў. Засталася раса, спачатку на голае цела, потым далі футболку.

Тады з могілак я вярнуўся ў хату, дзе былі мае рэчы і мае таварышы па службе, выкінуў сімку з тэлефона, стаў выдаляць фатаграфіі. Пачалася бамбёжка, мы ўсе, хто там быў — 20 чалавек, схаваліся ў склепе. І там нас знайшлі тувінцы.

Спачатку былі толькі яны — землякі Шойгу. Калі потым яны мяне катавалі, я нават пачаў нешта разумець з іх мовы. А яны, дарэчы, па-руску не разумелі.

Яны думалі, раз маё прозвішча Орда, то я таксама з нейкіх цюркскіх народнасцяў. Сярод іх быў толькі адзін афіцэр Сакалоў, які ведаў рускую мову. Па выглядзе ён, як усе, быў вузкавокі, але меў рускага бацьку. Праз яго вялі ўсе перамовы.

— Яны здзекаваліся над вамі доўгі час.

— Мяне падвешвалі за рукі да столі і аблівалі ледзяной вадой. І зноў я не адчуваў холаду. З аўтамата стралялі побач, збівалі ў грудзі кулакамі.

Трымалі нас у склепе, хто пад катаваннямі прызнаваўся, што ён вайсковы, адразу расстрэльвалі. З дваццаці чалавек нас засталося толькі трое жывых. Аднаму руку зламалі так, што тырчала костка.

У гэтай вёсцы жыў святар маскоўскай епархіі, які служыў у Чарнігаве. І калі мяне яму паказалі, ён сказаў, што я таксама святар з іх царквы. І я яму ўдзячны, бо ён ведаў, што я з ПЦУ. Гэта мяне выратавала, мяне перавялі ў другі падвал, дзе былі жыхары вёскі. Сярод іх аказалася і мая жонка з дзецьмі.

«Кадыравец», глянуўшы ў бок тувінцаў, сказаў нам: «Спачуваю вам»

— Як вы сустрэліся, яна ж не ведала, жывы вы ці не?

— Плакалі, канешне. Яна чула, што нібыта я ў тым склепе з ваеннымі і магла толькі спадзявацца і чакаць. Глядзела ў вакно, каго выводзілі расстрэльваць, бачыла, што мяне не выводзілі, і малілася.

Людзей трымалі ў школе і розных падвалах, але абавязкова побач са сваім штабам ці тэхнікай, каб па іх не біла наша артылерыя. Нас выкарыстоўвалі як «жывы шчыт».

У тым падвале нас было шасцёра, двое дзяцей. Нікога не выпускалі. У туалет можна было выйсці, толькі калі пачыналася бамбёжка.

Есці амаль нічога не было. Яны самі пазабіралі жывёлу з фермы, адабралі ў людзей ды гатавалі сабе шашлыкі, кароў нашых білі і елі. А нам кідалі косткі ды сухажылля, тое, што заставалася. Часам давалі трохі кукурузнай мукі.

Гатаваць поліўку дазвалялі зноў толькі пад бамбёжкай, калі нашы пачыналі бамбіць у адказ. Гэта было вельмі небяспечна. Аднаго хлопца, які дапамагаў жанчынам, забіла падчас такой бамбёжкі.

З’явіўся калабарант з мясцовых, які спачатку сядзеў з усімі пад зямлёй, а потым пачаў супрацоўнічаць. Ён паказваў пальцам на сваіх аднавяскоўцаў і казаў, што яны падтрымліваюць Украіну. Шмат людзей забілі праз яго.

Ён расказаў і пра ўсіх вайскоўцаў, якія былі са мной у першым склепе. Паказваў, у каго ёсць грошы. А нашы людзі ў вёсках заможныя, яны працуюць, гадуюць жывёлу і многія маюць грошы.

Цікава, што калі ворагі адыходзілі, яны аблілі свайго памагатага бензінам і падпалілі, ён згарэў. То-бок для іх ён быў непатрэбны сведка.

Айцец Яўген на фронце пасля вызвалення з палону

У нейкі час у нашу вёску прыйшлі расіяне, аднойчы заязджалі кадыраўцы. Дык адзін з іх, глянуўшы ў бок тувінцаў, сказаў нам: «Спачуваю вам». Бо менавіта тувінцы былі горшыя за ўсіх, горш за кадыраўцаў.

Чамусьці многія называюць іх «буратамі», але гэта не бураты. У нас там дыслакаваўся Арэнбургскі танкавы полк і ў штабе за ўвесь час быў толькі адзін бурат-клерк, быў адзін габрэй-танкіст, адзін расіянін з прозвішчам Данілаў і яшчэ чатыры афіцэры, этнічныя ўкраінцы, у якіх продкі былі са Львова, Палтавы, Данецку і з Чаркас. Але ж яны ўсе жылі ў Расіі, скончылі там вучэбкі. Гэта яны потым мне расказалі.

— Як яны сабе паводзілі ў адносінах да людзей?

— Не здзекаваліся над намі, маўчалі, толькі аддавалі загады. Я думаў, што гэта расіяне. Але перад адыходам яны самі расказалі, хто і адкуль, і нават спрабавалі прасіць прабачэння.

Яшчэ там былі танкісты — казанскія ці астраханскія татары. Тыя, калі адыходзілі, упалі на калені, плакалі і казалі: «Мы не хацелі, нас прыгналі, мы мяса. Мы тут усе здохнем, у нас тувінцы ў заградатрадах стаяць».

Тувінцаў наогул усе з іх баяліся. Калі пачыналася камендантская гадзіна, астатнія афіцэры падпіралі дзверы сталамі і зараджалі аўтаматы, каб адстрэльвацца, бо тыя п’яныя дамагаліся да жанчын, забівалі мірных жыхароў, ганялі па вёсцы на квадрацыклах, якія накралі.

А як яны марадзёрылі — такое ўявіць немагчыма. Уламваліся ў хаты, забіралі амаль ўсё, патрабавалі аддаць грошы, долары і еўра. Калі хтосьці казаў, што няма, а яны потым знаходзілі, расстрэльвалі.

Так адзін дзед з бабай спрабавалі захаваць вялікую суму, 20 тысяч долараў, не прызналіся, іх расстралялі. Шмат людзей пазабівалі пакуль рабавалі, і ўжо не ўдакладнялі, мае чалавек дачыненне да вайскоўцаў ці не. Гвалтавалі жанчын і потым забівалі.

Мы сядзелі ў падвале, і да нас туды толькі даходзілі весткі: у той хаце жанчын расстралялі, у другой — дзеда. У аднаго чалавека ў двары знайшлі танкавую міну. Той пра яе, можа, і не ведаў. Яго вывелі і расстралялі.

Яшчэ ў аднаго былога памежніка ўбачылі ў шафе яго старую форму. Расстралялі. Дакладныя лічбы не скажу, але толькі мы даведаліся не менш як пра 20 забітых. Потым знаходзілі яшчэ трупы і ў дварах, і на вуліцы.

Між тым на мяне тувінцы глядзелі неяк насцярожана, бо яны, аказалася, баяцца папоў. Часам, калі мяне бачылі, хрысціліся.

У апошнія дні, калі яны зразумелі, што прыйдзецца адступаць, нас сталі выпускаць і нават гаварыць з намі. Тады са мной размаўлялі тыя ўкраінцы і татары. Расказвалі, як баяліся хадзіць у наш лес, бо там іх лавілі партызаны.

— А як гэта адчувалася, што хутка канец?

— Іх выбівалі з бліжэйшых мясцін, і праз нашу вёску некаторыя ўцякалі. Сярод іх было шмат параненых, тых дабівалі. Гэта было жахліва. У нас у кожным падраздзяленні ёсць добрая служба парамедыкаў. А ў іх нічога не было. Я бачыў толькі двух нейкіх медыкаў, але ў іх зусім не было ніякіх лекаў. Зразумела, чаму яны самі сабе забіваюць, калі іх параняць.

Нас у тыя дні перавялі ў нейкі стары магільны склеп на ўзгорку. Там калісьці, відаць, сапраўды былі нябожчыкі. Каля нас больш не ставілі пост аховы, і мы маглі выходзіць з гэтага падзямелля. Але ж побач зноў паставілі «Град», каб мы зноў былі «шчытом».

Спачатку мы хаваліся ў склепе, ён быў глыбокі, але потым так стаміліся баяцца, што выходзілі нават калі недалёка бамбілі. А дзеці ўдзень спрабавалі ганяць мяч. Вакол усё лятае, бабахае, а мы не лезем у той склеп, бо нам усё стала абыякава.

Перад адступленнем у нас з’явіліся карэйцы, якуты і яшчэ прадстаўнікі нейкіх малых народнасцяў. Адзін з іх расказаў мне пра свой народ, якога засталося ўсяго ледзь не сто чалавек, а жанчын ужо не было, дык ён хацеў купіць сабе рускую жанчыну, каб прадоўжыць род.

— Памятаеце дзень, калі вас вызвалілі?

— Гэта было 1 красавіка. Раніцай акупанты пачалі збірацца каля штабу, неслі туды тое, што нарабавалі. Вельмі шмат. Найбольш кралі абутку, гэта была іх бальная тэма. Прычым пазабіралі нават тое, у чым нашы людзі хадзілі ў агарод ці ў клуню да свіней. Памятаю, калі яшчэ з мяне здымалі берцы, пыталіся, колькі яны каштуюць.

Белыя прасціны і ручнікі забіралі, электрычныя чайнікі, але без падставак з правадамі. Мы здзіўляліся ды смяяліся — гэта нейкія першабытныя людзі.

Усё электрычнае забіралі і жаночае — адзенне, бялізну, касметыку, парфюмерыю, асабліва чамусьці ім патрэбныя былі губныя памады. Унітазы тувінцы не забіралі. Яны, наадварот, калі бачылі прыбіральню ў хаце, казалі: «Вы дзікуны, дзе спіце, там і с****».

Але ж унітазы ўсё роўна забіралі — прадстаўнікі «больш развітых» народнасцяў і тыя, хто жыў у гарадах. Таксама цягнулі пральныя машыны, дываны, плазмы, тэлефоны, нават самыя звычайныя.

Я зайшоў у хату, дзе раней трывалі вайскоўцаў, і туды прыйшоў, можа, якут, не ведаю. А там у будцы жылі два маленькія сабакі. Будкі ў вёсцы сапраўды былі разныя, прыгожыя, іх дзед Раман рабіў.

І вось ён падыходзіць да будкі, сабакі спужаліся, схаваліся ўнутр. Я думаю, што ён хоча, можа з’есці іх? А той падымае будку, вытрушчвае адтуль сабак, адзін яшчэ чапляўся, пішчаў, і кажа: «Гэта будзе домік для майго сабакі».

Нарабаванае складвалі скрынямі на БТР. Каб умясцілася, абшылі танкі дошкамі. Так робяць з возам, каб вазіць бульбу ці сена. Пачалі ад’язджаць, мы з жонкай тады ўжо вярнуліся ў хату і я выйшаў за вадой.

Яны мяне ўбачылі, схапілі, надзелі кайданкі і пасадзілі разам з сабой на БТР. А там сапраўды месца не было, мы ледзь уладкаваліся. І крыху ад’ехаўшы, яны ўсё ж мяне выкінулі, вырашылі, што няма куды мяне браць.

«Ведаю, што беларусы ваююць зусім не пагана»

Айцец Яўген пасля палону

— Вы вытрывалі 30 жахлівых дзён акупацыі і кожную раніцу, відаць, прачыналіся з думкай, заб’юць мяне сёння ці не?

— Не, я лічыў, што мяне заб’юць у тыя першыя сем дзён, калі катавалі разам з астатнімі вайскоўцамі. Потым мы баяліся толькі бамбёжак з абодвух бакоў.

За гэты месяц я схуднеў на 30 кг, дагэтуль важыў 120, быў такі добры.

Пасля палону адвёз жонку ў Нямеччыну, потым лякаваўся ў шпіталі, а зараз працягваю будаваць царкву ў Чарнігаве. За гэты год я яе амаль збудаваў.

Царква Св. мч. Івана Воїна, якую пабудаваў святар у Чарнігаве
Айцец Яўген падчас будаўніцтва царквы

— Што вы ведаеце пра беларусаў, якія змагаюцца за Ўкраіну?

— Раней у 2016-17 годзе я быў капеланам тактычнай групы беларусаў, якая была ў «Правым сектары». Я да іх ездзіў на набажэнствы і служыў.

Зараз ведаю, што тут у нас ёсць По*лк Каліноўскага, полк «Пагоня», ёсць беларуская разведка і шмат іншых падраздзяленняў. Яшчэ я ведаю, што яны ваююць зусім не пагана.

Я і асабіста многіх ведаю і маю зносіны. Дарэчы, адзін з нашых чарнігаўскіх вайскоўцаў таксама далучыўся да П*лка Каліноўскага.

Я ганаруся тым, што мы землякі. Але ж яны не чужую зямлю бароняць. Мы колькі гадоў жылі разам у Княстве Літоўскім.

Капелан Нацгвардыі Украіны Яўген Орда

— Безумоўна, Украіна пераможа і будзе вольнай. А ў вызваленне Беларусі вы верыце?

— Я веру — гэта будзе. Я яшчэ хачу ў Гомелі ці Мінску на беларускай мове адслужыць. У мяне раней была такая мара — у старасці пераехаць у Беларусь і дзесьці служыць святаром.

— Цудоўная мара, хай здзейсніцца! А сувязь паміж нашымі народамі, тымі, якія «жывуць паміж Чарнігавам і Гомелем», можна разарваць праз гэту вайну?

— Нельга. Я ж кажу, зараз з нашага гораду ваююць і гінуць за нашу зямлю шмат менавіта беларусаў. Адзін мой сябар нават узяў такі пазыўны «Білорус».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(36)