Комментарии
Павал Севярынец, “Наша ніва”

Свабода ў капэрце

Ніколі дагэтуль не чытаў канадзкіх газэтаў – бо ня быў у Канадзе. Ня меў у хаце сувэніраў з Рыму – не давялося наведаць Вечнага гораду. Ня еў аўстрыйскай чакаляды; ня ведаў, што прадаюць у супэрмаркетах Фарміндэйлу, штат Нью-Ёрк; не знаёміўся зь нямецкімі дзяўчатамі... пакуль ня трапіў у Малое Сітна.

«Абмежаваньне волі», што забараняе перамяшчэньне й прымацоўвае чалавека да працы, парадаксальным чынам дае іншыя свабоды, часта занядбаныя на «вялікай зямлі». Свабоду спакойнае развагі. Свабоду пазнаньня ўсяе Радзімы праз сузіраньне маленькага куточку, які ўвесь час перад вачыма. Нарэшце, свабоду паважных дачыненьняў з Богам, якім не перашкаджаюць сумятня, ілюзіі ды спакусы.

У такім становішчы пачынаеш дацэньваць і тыя каўточкі свабоды, якіх на волі проста не заўважаеш. Напрыклад, магчымасьць прымружыцца ды зазірнуць у нязьведаныя мясьціны Беларусі, у далёкія краіны праз шчыліну паштовае скрынкі.

За год высылкі мне прыйшло 487 лістоў і перадачаў салідарнасьці. Адказваў практычна ўсім, хто пазначаў зваротны адрас. Кожны ліст быў спосабам хоць на хвіліну вырвацца з высылкі, паразмаўляць з тымі, хто дыхае тым жа духам, скарыстаць каліва свабоды з найбольшым эфэктам. Урэшце за 12 месяцаў у глухой вёсцы здолеў даведацца пра людзей, зь якімі мы робім адзіную справу, больш, чым за некалькі папярэдніх гадоў.

З-па-за Беларусі мне пісалі з 15-ці краінаў, у асноўным беларусы дыяспары. Адсюль і канадзкія газэты, і мастацкія прывітаньні ад Івонкі Сурвіллы, і пасылка з цудоўнымі цукеркамі зь Вены, і пакункі з кнігамі ды канцтаварамі са Стакгольму, і паштоўкі ад беларусаў Польшчы, і парцалянавы Калізэй ад рымскіх грэка-каталікоў, і віншаваньні ад Валянціна Грыцкевіча зь Піцеру, і апісаньне амэрыканскага ладу жыцьця ад звычайных пэнсіянэраў – беларусаў ЗША. Адсюль і паштоўкі салідарнасьці ад шараговых немцаў, швэдаў, бэльгійцаў, латышоў, і прапановы супрацы ад украінскае «Просьвіты»...

З самае Беларусі пошта часьцяком прыходзіла зь мясьцінаў, пра існаваньне якіх, шчыра кажучы, і не здагадваўся – вёска Хілімонаўцы Сьвіслацкага раёну, Лужок паблізу Кармы або пасёлак Энэргетыкаў на Койданаўшчыне. На волі ня здолеў наведаць Слоніму, Салігорску, Верхнядзьвінску, Івенца, Бегам’я, Іўя, Залесься, Германавічаў, каб пазнаёміцца з тамтэйшымі людзьмі, – аж вось самі людзі пішуць сюды, у Малое Сітна.

Самая вялікая колькасьць лістоў – зь Менску: амаль 45%. Зь іншых гарадоў адрасоў салідарнасьці найболей у родным Віцебску (11%), Полацку (6%) ды Берасьці (5%). Апрача Віцебшчыны, дзясяткі лістоў прыходзяць зь Меншчыны й Гарадзеншчыны.

Калі раней мне здавалася, што звычайныя лісты ў наш электронны век пішуць хіба што пэнсіянэры, дык цяпер, падрахаваўшы статыстыку ўласных ліставаньняў, зьдзівіўся: звыш 37% адрасатаў – мужчыны сярэдняга веку (30–35 гадоў); 18% – дзяўчаты ад 30-ці; амаль 15% – хлопцы, маладзейшыя за 30. Мужчыны, старэйшыя за 55, складаюць менш 13% ліставальнікаў; жанчыны пэнсійнага веку – каля 10%.

Ліставаньне аказалася выдатным спосабам нарэшце грунтоўна пагутарыць з найлепшымі знаўцамі беларускасьці.

З гісторыкам Анатолем Грыцкевічам, які адзін працуе за цэлы інстытут гісторыі (нягледзячы на гады, выкладаньне й бясконцыя апэрацыі) – пра стан беларускай навукі, адукацыі й грамадзтва.

З Валянцінай Трыгубовіч, кіраўніцай «Беларускай пэрспэктывы», якая дзясяткамі рыхтуе да друку найцікавейшыя беларускія кніжкі – ад дзіцячых вершаў да рэлігійных зборнікаў – пра царкву й палітыку.

З хрысьціянскім сацыялістам, адным зь першых беларускіх незалежнікаў, Анатолем Сідарэвічам – пра лявіцу да правіцу ў айчыннай гісторыі.

З Андрэем Катлерчуком, беларускім гісторыкам з Швэцыі – пра наш прагрэс і рэгрэс у параўнаньні з «залатым векам».

З кінакрытыкам Андрэем Расінскім – пра дачыненьні кінэматографу й хрысьціянства.

З выдаўцом беларускамоўнага габрэйскага бюлетэню «Мы яшчэ тут!» Вольфам Рубінчыкам – пра лёс і значэньне беларускага Ізраілю.

З публіцыстам Алесем Белым – пра магілу Торвальда Вандроўніка й архетыпы Адраджэньня...

З Аленай Макоўскай, старшынёй управы «Бацькаўшчыны» – пра стан справаў на Бацькаўшчыне.

З архітэктарам Ірынай Лаўроўскай, лепшым адмыслоўцам што да берасьцейскае даўніны, – пра Берасьце сучаснае.

З Элай Олінай, адной з арганізатарак камітэту салідарнасьці – пра гэтую самую салідарнасьць...

Лічы, цэлы год завочнага навучаньня ў лепшых выкладчыкаў – любая асьпірантура адпачывае!

Праз пошту да мяне даходзіла практычна ўся незалежная прэса, якая яшчэ заставалася ў краіне. Рэдакцыі перасылалі «Нашу Ніву», «Народную волю», «Наша слова», «Беларуса», бацькі – «Белорусы и рынок», «Белгазету», «Комсомолку» й «Свободные новости». На волі ніколі ня меў такое падшыўкі. Кнігі ад Уладзімера Арлова й Ніла Гілевіча, Лявона Баршчэўскага й Міхася Скоблы, музыка ад Уладзімера Цярохіна, «Дзеяслоў» і «АRCHE», «Навіны НІСЭПД» і бюлетэнь «Бацькаўшчыны», «Наша вера» і «Царква»... Усё гэта цяпер ходзіць у Сітне па руках.

Праўда, свабода ў капэрце тут усё-такі абмежаваная. Лісты часта прыходзяць пакамечаныя, надарваныя, пераклееныя; вялікія пасылкі паўскрываныя і з сарамлівым подпісам «пашкоджана пры мэханічнай апрацоўцы» (толькі чамусьці безь пячаткі Полацкай філіі КДБ), а незалежную прэсу ў пакунках хтосьці рэгулярна папярэдне разьбірае ды перачытвае. Што ж, інфармацыя пашыраецца, і гэта галоўнае.

Пэўна, людзі таксама заўважаюць, што іхнюю пошту чытае яшчэ хтосьці. Але пішуць. Працягваюць ладзіць акцыі капэртаванае салідарнасьці.

Вялізны дзякуй усім тым, хто пісаў і піша ў Малое Сітна – і даруйце, што не магу пералічыць у гэтым лісьце ўсіх.

Дарагія беларусы! Калі ласка, пішэце лісты. Казуліну, Статкевічу, Фінькевічу, «партнэрцам». Тым, хто за мяжою. Тым, хто жыве ў глыбінцы. Проста адно аднаму. Бо кожны беларускі ліст дадае маленькае, але чэпкае злучво ў агромністую бел-чырвона-белую палатніну Нацыянальнага абуджэньня.

 

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)