Скандалы
Прэс-служба ГА «БАЖ»

«Сур’ёзны ўдар па рэпутацыі дзяржаўнага органа быў нанесены»

ГУУС Мінгарвыканкама мае прэтэнзіі да некаторых СМІ.

З-за публікацый пра дзяўчыну, якая выклала свае "напаўраспранутыя" фота на старонку “ВКонтакте” і назвалася супрацоўніцай аднаго са сталічных РУУС.

Паводле паведамлення на сайце ГУУС Мінгарвыканкама ад 6 жніўня, гэта “аўтары матэрыялаў прадставілі яе як “інспектара па справах непаўнагадовых Ленінскага РАУС г. Мінска””.

У ГУУС нагадваюць пра артыкул 34 закона “Аб СМІ”, які абавязвае журналіста правяраць праўдзівасць атрыманых ім звестак і прадастаўляць для распаўсюду праўдзівую інфармацыю. “Аднак у дадзеным выпадку гэтае патрабаванне выкананае не было”, – лічаць ва ўпраўленні.

Не выключана, што ГУУС Мінгарвыканкама звернецца з гэтай нагоды ў Мінінфармацыі і МЗС. Пра гэта паведаміў прэс-сакратар гэтай установы Аляксандр Ластоўскі ў часе анлайн-канферэнцыі на сайце БелТА на тэму перавагаў і хібаў сацыяльных сетак:

“Інфармацыя – гэта зброя. З дапамогай любога паведамлення ў інтэрнэце можна ўзвысіць чалавека, а можна раздушыць. Прыклад – учорашні інцыдэнт з дзяўчынай, што выклала на персанальнай старонцы ў сацыяльнай сетцы “ВКонтакте” свае адкрытыя фота і надпіс, што яна з’яўляецца супрацоўніцай міліцыі. Сур’ёзны ўдар па рэпутацыі дзяржаўнага органа быў нанесены. Адказнасці нібыта ніхто не нясе, але тым не менш мы ў межах сваёй кампетэнцыі адрэагавалі і накіруем лісты ў Міністэрства інфармацыі і Міністэрства замежных спраў, якія ажыццяўляюць акрэдытацыю выданняў, для таго, каб былі прынятыя адпаведныя захады да журналістаў, што парушылі палажэнне закона “Аб СМІ”. Гэта наша права, наш прававы інструмент”.

Прэс-служба ГА “БАЖ” пацікавілася ў Аляксандра Ластоўскага, пра якія СМІ ідзе гаворка. Прэс-сакратар ГУУС зазначыў, што рашэнне наконт звароту ў названыя дзяржаўныя органы яшчэ не прынятае, і таму агучваць якую-кольвек інфармацыю на гэты конт пакуль рана.

Дарэчы, сама гераіня публікацый заявіла 7 жніўня ў інтэрв'ю naviny.by пра намер падаць у суд на журналістаў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)