Сурвіла, Барадач, Вячорка і Мілінкевіч падпісалі Мэмарандум
У Вільні па ініцыятыве Рады БНР адбылася нарада кіраўнікоў беларускіх палітычных і грамадзкіх арганізацыяў са старшынёй Рада Івонкай Сурвілай.
Мэтай нарады кіраўнікоў беларускіх палітычных і грамадзкіх арганізацыяў са старшынёй і сябрамі Прэзыдыюму Рады, як паведамляецца на старонцы Рады БНР у facebook, была «выпрацоўка захадаў у справе забесьпячэньня абароны незалежнасьці Беларусі».
Мікола Пачкаеў, Уладзімер Барадач, Уладзімер Колас, Вінцук Вячорка
У паведамленьні адзначаецца, што «удзельнікі сустрэчы адзначылі небясьпеку палітыкі самаізаляцыі і зьнішчэньня беларускай нацыянальнай сьвядомасьці, пацьвердзілі, што неабходнай зарукай для забесьпячэньня беларускага нацыянальнага сувэрэнітэту ёсьць дэмантаж аўтарытарнага рэжыму Лукашэнкі. Як першачарговыя мэты былі названыя неадкладнае вызваленьне палітвязьняў і спыненьне палітычных рэпрэсіяў».
У Мэмарандуме, дзе вызначаныя накірункі сумеснай дзейнасьці, гаворыцца, што «удзельнікі нарады з Беларусі пацьвярджаюць прызнаньне Рады БНР ў яе статутнай ролі не-партыйнага, над-палітычнага органу беларускай дзяржаўнасьці» і «да часу надыходу статутных умоваў складаньня Радай свайго гістарычнага мандату, гэта значыць абраньня дэмакратычнай улады на свабодных выбарах, пры гарантаванай дзяржаўнай незалежнасьці, прадстаўнікі беларускай палітычнай і грамадзянскай супольнасьці прызнаюць Раду БНР рэзэрвовым палітычным дэпазытарыем беларускай незалежнай дзяржаўнай традыцыі. Старшыня і сябры Рады БНР пацьвярджаюць адданасьць Рады мэце спаўненьня свайго статутнага мандату».
Паведамляецца таксама, што «з пэўных прычынаў, ня ўсе запрошаныя лідэры і кіраўнікі палітычных і грамадзкіх арганізацыяў прысутнічалі на нарадзе; Мэмарандум адкрыты для далучэнньня. Поўны тэкст мэмарандуму будзе апублікаваны пазьней».
У паведамленьні таксама пералічваюцца (у альфабэтным парадку) тыя, хто падпісаў Мэмарандум: Уладзімер Барадач (Аргкамітэт Савету Нацыянальнага Адраджэньня), Вінцук Вячорка (Аргкамітэт «Беларускага Руху)», Аляксандар Дабравольскі (АГП), Мікалай Дземідзенка («Малады Фронт»), Уладзімер Колас (Рада беларускай інтэлігенцыі), Вольга Карач (грамадзянская кампанія «Наш Дом»), Аляксандар Мілінкевіч (Рух «За свабоду»), Станіслаў Шушкевіч (БСДГ), Аляксей Янукевіч (партыя БНФ), ад імя Рады БНР – Івонка Сурвілла.
Старшыня Рады беларускай інтэлігенцыі Уладзімер Колас гэтак ацаніў сустрэчу ў інтэрвію Свабодзе:
«На мой погляд, галоўная адметнасьці і гістарычнае значэньне гэтай сустрэчы ў тым, што да гэтага шмат было сустрэчаў, шмат было абмеркаваньняў сытуацыі ў Беларусі, але звычайна нас зьбіраюць нашыя партнэры, нашыя заходнія сябры. І пры іх, зь іхнім удзелам мы абмяркоўваем нашыя справы. І гістарычная адметнасьць гэтай сустрэчы ў тым, што беларусы сабралі беларусаў, і шчыра, зангажавана, зацікаўлена і адказна абмеркавалі лёсавызначальныя праблемы, якія нам усім трэба вырашаць. І я думаю, гэта дасьць абавязкова належны плён».
Камэнтуючы Свабодзе вынікі нарады, старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла сказала:
«Упершыню Рада БНР сабрала такую колькасьць прадстаўнікоў арганізацый з Беларусі. Я вельмі задаволеная з вынікаў. Хаця ўсе не маглі прыехаць дзеля розных прычынаў, але я думаю, што гэта надзвычайны пачатак для доўгага супрацоўніцтва».
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное