Супрацьстаяньне апазыцыянэра Лагвінца і мільянэра Тапузідзіса на участку № 347

151 — столькі, па падліках намесьніка старшыні руху «За свабоду» Алеся Лагвінца, бюлетэняў падкінулі ў скрыню ў дзень галасаваньня.

Старшыня выбарчай камісіі на ўчастку № 347 Сухараўскай выбарчай акругі — чацьвёрты ў рэйтынгу пасьпяховых і ўплывовых людзей Беларусі, уладальнік «Табак-інвэст» Павал Тапузідзіс. Сябры камісіі і частка назіральнікаў — ягоныя падначаленыя.

Зранку Алесь Лагвінец з назіральнікам ад АГП Багданам Сакаловым на аркушы ватману вялікімі лічбамі запісваюць яўку. «Сінім — жанчыны, чырвоным — мужчыны», — кажа Алесь. Жанчынаў яўна болей.

Тое, як зладжана супрацоўнікі «Табак-інвэст» арганізуюць выбары, заўжды ставілі ў прыклад іншым, пра ўчастак Тапузідзіса выходзілі праграмы на дзяржаўным тэлебачаньні. Актыўнасьць Алеся Іванавіча, як называюць Лагвінца на ўчастку, камісію яўна нэрвуе. За гадзіну да сканчэньня галасаваньня з участка зь міліцыяй выдаляюць назіральніка Пятра Маркелава. Як распавядае Лагвінец, ён патрабаваў ад удзельнікаў камісіі, каб тыя паведамілі пра рэгістрацыю выбарнікаў.

«У нас былі падазрэньні, што людзі, якія прыходзяць, тут не зарэгістраваныя, — тлумачыць Лагвінец. — Павал прасіў, каб яму проста паказалі рэгістрацыю. Адмаўляўся адысьці ад стала. Прыехаў нарад міліцыі і яго адвезьлі ў „апорны пункт“.

Хвілінаў за 40 да сканчэньня галасаваньня ў камісіі прымаюць рашэньне выдаліць з участка ўсіх назіральнікаў і журналістаў. „Я нікуды не пайду, хай выносяць“, — рэагуе Лагвінец і застаецца на месцы. На ягоны заклік на ўчастак прыяжджаюць назіральнікі АБСЭ і некалькі журналістаў.

„Мяне гэта ўсё пачынала ўжо злаваць, — тлумачыць Тапузідзіс. — Я яго асабіста тры разы папярэджваў, на вуліцы, не пры людзях. А ён мне кажа: „А пойдземце са мной на выбары, я вас перамагу“. А чаму ты мяне пераможаш?“

Павал Рыгоравіч кажа, што Лагвінец увесь дзень яго „агульна абвінавачвае“:

„Што я пераступіў закон, што я спрыяю. Добра, што не пагражае, што калі прыйдзе да ўлады, расстраляе. Я яго ведаю колькі гадоў“, — распавядае ён, назіраючы, як Лагвінец адказвае на пытаньне назіральнікаў АБСЭ, якія прыбылі на ягоны заклік.

Літаральна ў апошнюю хвіліну ў залю для галасаваньня ўбягае жанчына, якая яўна сьпяшалася прагаласаваць. Уражаная колькасьцю журналістаў і фатографаў, яна тэлевізійна закідвае ў скрыню бюлетэнь.

„На лецішчы была, — тлумачыць сваю сьпешку выбарніца. — Трэба ўсё ж аддаць свой голас, бо гэта ў нашых інтарэсах“. Галасавала за дзейсную дэпутатку, дырэктарку гімназіі № 31 Ганну Старавойтаву. Што тая ўжо зрабіла для раёна, выбарніца ня ведае: „Думаю, што як дырэктар гімназіі, яна нешта зможа зрабіць“.

„355!“ — абвяшчае сваю лічбу тых, хто прагаласаваў на ўчастку Алесь Лагвінец і запісвае яе на ватман. — Паводле нашых падлікаў выбары тут не адбыліся. Паглядзім, колькі дамалююць».

Паводле падлікаў Алеся Лагвінца, на ўчастку прагаласавалі менш за 50 адсоткаў выбарнікаў

Ён яшчэ спрабуе застацца ў залі пры падліку галасоў, але зь міліцыяй яго прымушаюць пакінуць «межы ўчастку». Школьнае крэсла Алесь ставіць на ўваходзе ў залю і ўвесь час сядзіць збоку. Назіраць асабліва няма за чым. Супрацоўнікі «Табак-інвэста» так шчыльна абступілі стол зь бюлетэнямі, што з належных ЦВК трох мэтраў не відаць абсалютна нічога.

Пакуль камісія лічыць, Павал Тапузідзіс размаўляе «за жыцьцё» з Алесем Лагвінцом. Паводле агучанага выніковага пратаколу, прагаласавалі 987 выбарнікаў з 1850 тых, што зарэгістраваныя на ўчастку. Зь іх у дзень выбараў — 506, на 151 болей, чым налічылі Алесь Лагвінец і Багдан Сакалоў.

Асабліва цешыць Лагвінца лічба тых, хто прагаласаваў «супраць усіх», — такіх у пратаколе 209.

«Асабіста я цешуся, што я сьвядома адмовіўся заклікаць людзей галасаваць. Я выкарыстоўваў тыя магчымасьці, што былі, каб штосьці давесьці людзям і паказаць альтэрнатыву. Сёньня мы бачым, што вынікі галасаваньня ніхто не падлічваў. Улады завысілі яўку, — падводзіць вынікі дня Лагвінец. — Байкот адбыўся, людзі не пайшлі галасаваць. Але Беларусь там, дзе яна ёсьць. Яна ў крызісе, людзі ня вераць уладзе, а ўлада ня здольная рухаць Беларусь наперад. І гэта пытаньне далейшых выклікаў. Трэба прапаноўваць людзям якасную альтэрнатыву».

З самім Тапузідзісам і ягонымі падначаленымі Лагвінец некалькі гадзінаў камунікаваў на ўчастку. Нават абяцае сёньня павіншаваць Паўла Рыгоравіча зь юбілеем — сёньня яму 60 год.

«Мне баліць сэрца, шчыміць, што людзі нібыта добрыя, але пагаджаюцца на такое, — кажа Алесь Лагвінец. — Паступова людзі робяць немаральны выбар. Згаджаюцца з тым, што яны ў камісіі. Пасьля згаджаюцца, што трэба штосьці прыпісаць, дзесьці не паглядзець, ёсьць рэгістрацыя ці не. А пасьля падпісаць пратакол. Яны падпісваюць пратакол усёй Беларусі. Будучыні сваёй і будучыні сваіх дзяцей».

Сам Павал Тапузідзіс у правільнасьці сваіх дзеяньняў перакананы.

«Па вялікім рахунку ўсё справядліва. Гэтым хлапцам (Лагвінцу і іншым назіральнікам — РС.) трэба працаваць ня тут, а ў іншым месцы, — кажа беларускі мільянэр. — Ім трэба стварыць нешта сваё, а пасьля сваіх людзей навучаць. Вось я стварыў сваіх людзей. У мяне іх 11-12 тысяч, я за іх адказваю. Я кірую гэтай фірмай, я даю ім заробак, я жыву і змагаюся за сваю сыстэму. Усе мусяць так рабіць».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)