«Супрацоўнік дастаў з кішэні стос бчб-налепак — ляпіў на мяне і весяліўся»

Як складваецца лёс беларусаў-падпісантаў экстрэмісцкіх каналаў з пакаяльных відэа?

У якасці «жартаў» для відэа налепкі ляпілі як на адзенне, так і на лоб, іншыя часткі цела

Супрацоўнікі міліцыі працягваюць выкладваць у свае каналы пакаяльныя відэа, дзе людзі прызнаюцца ў тым, што былі падпісаныя на экстрэмісцкія каналы і абяцаюць больш так не рабіць, хоць сама па сабе падпіска на любыя крыніцы інфармацыі не з’яўляецца правапарушэннем і тым больш злачынствам. Даведаліся, як складваўся лёс людзей, якіх прымушалі запісацца ў такіх роліках.

Алесь Сівакоў разам з жонкай працуе ў Польшчы. У кастрычніку ён прыехаў у Гомель на пару тыдняў, каб у тым ліку адсвяткаваць дзень народзінаў маці — на наступны дзень яго запрасілі на размову ў КДБ, а праз некалькі дзён на кватэру, дзе жыла яго дачка Сафія-Стэфанія, прыйшлі з ператрусам.

— Супрацоўнікаў КДБ цікавіла, ці маю я дачыненне да прызнаных экстрэмісцкімі тэлеграм-каналаў, я распавёў, што не. Мы пагутыралі гадзіны тры і мяне адпусцілі. Увогуле, я ж ведаў, што еду ў Беларусь, таму ў мяне нават падпісак не было ў тэлеграме, якія маглі б выклікаць пытанні.

З пастановай на ператрус прыйшлі ўжо амапаўцы. Пры гэтым, расказвае Алесь, іх узначальваў прадстаўнік ГУБАЗіКа з Мінска.

— У нас з дачкой тэлефоны не былі заблакаваныя, бо нічога там не было. Але нас прымусілі зняцца ў пакаяльным відэа — сказаць, што мы былі падпісаныя на экстрэмісцкія тэлеграм-каналы. Я пайшоў на гэта, бо абяцалі, што не будуць чапаць дачку. А дачка, бо ёй пагражалі: будуць біць.

Для роліка на бацьку і дачку наляпілі бел-чырвона-белыя налепкі.

— У супрацоўніка з Мінска з сабой быў цэлы стос такіх, ён дастаў іх з кішэні. Я спрабаваў адляпіць налепку, а ён ляпіў на мяне зноў і казаў: «Трэба каб было з ёй». Для іх гэта прыкольна: «камандзіровачны» ляпіў налепкі і весяліўся.

Не знайшоўшы ў сям’і нічога ў тэлефонах, Алеся Сівакова асудзілі на 7 сутак арышту па артыкуле 24.3 КоАП (непадпарадкаванне законным патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі).

Нібыта Сіваковы доўга адкрывалі амапаўцам дзверы і адмаўляліся прайсці ў службовае аўто пасля. Суд над дачкой пы тым жа артыкуле перанеслі на пару дзён — блізкія скарысталіся гэтым і дапамаглі ёй выехаць з краіны.

Падобная гісторыя здарылася з сям’ёй з Мінска. Да мужа і жонкі прыйшлі з ператрусам, а ў выніку свае суткі яны атрымалі за «непадпарадкаванне» (іх імя мы не называем па просьбе сваякоў).

— Як мы зразумелі, да іх завіталі планава ці ў мэтах прафілактыкі, бо яны проста часам перапісваліся з суседзямі ў раённым чаце, але там нічога крымінальнага не было. Цяпер яны яшчэ даседжваюць прысуджаныя 13 сутак, — расказалі блізкія пары.

Дызайнерка з Гомеля Ганна расказвае, што першапачаткова забралі яе мужа — за рэпост з экстрэмісцкага канала. Сама яна проста была падпісаная на розныя навіны, яе прымусілі запісаць відэа, дзе яна прызнаецца ў гэтым, але не затрымлівалі.

«У мяне непаўнагадовае дзіцё, а мужа забралі раней», — каментуе Ганна.

Яшчэ адзін суразмоўца Аляксандр распавёў, што яго затрымалі наўпрост на працы. Пад пагрозамі ён аддаў міліцыянерам свой тэлефон, там знайшлі падпіску на папулярнае СМІ, прызнанае экстрэмісцкім.

Але, па словах хлопца, разам з ім у РУУС былі тыя, у каго не было ніякіх падпісак і там больш рэпостаў, і супрацоўнікі на месцы падпісвалі чалавека на «дэструктыўны» тэлеграм-канала, рэпосцілі паведамленне і пасля рабілі скрыншот.

— Невядома, па якой прычыне прыходзяць да пэўнага чалавека. Але, думаю, калі ты хоць неяк недзе свяціўся, актыўнічаў, то ў групе рызыкі, — разважае мужчына.

Частку затрыманых асудзілі па артыкуле 19.11 КоАП (распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, што змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці ці прапагандуе такую дзейнасць). Аляксандру пашанцавала больш — суд перанеслі, сказалі чакаць позву. Хлопец вырашыў з’ехаць з краіны.

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 1.4 (оценок:33)