Общество
Віталь Ругайн, «Еўрарадыё»

Супрацоўніцы музея з 200-тысячнай банкноты ў месяц зарабляюць па 7 такіх купюр

Раней магілёўскі музей быў Сялянскім банкам, і з яго скралі крыж Ефрасінні Полацкай; цяпер вакол яго разгарнуліся спрэчкі паміж гісторыкамі і бізнесменамі.

На 200-тысячнай купюры, якую Нацбанк выпусціў 12 сакавіка, вырашылі намаляваць Магілёўскі абласны мастацкі музей. Сімвалічна, што раней у гэтым будынку размяшчаўся Сялянскі банк, а падчас вайны адсюль у невядомым накірунку вывезлі крыж Ефрасінні Полацкай.

"Менавіта з гэтым будынкам звязана вялікая гістарычная падзея ў жыцці беларускага народа. Менавіта там знаходзіўся абкам партыі і там быў сейф, дзе захоўваліся рэліквіі беларускага народа. У тым ліку крыж Ефрасінні Полацкай. Менавіта з гэтага будынка ён знік", — адзначае магілёўскі гісторык Ігар Пушкін.

Супрацоўніцы музея зарабляюць штомесяц, прыкладна, па 7 новых купюр. З’яўленне музея на банкноце стала для іх прыемнай нечаканасцю і спадзяваннем, што гэта дапаможа адстаяць музей у змаганні з гандлёвым цэнтрам.

"Для нас гэта нечаканая радасць, — распавядаюць у адміністрацыі музея. — Гэта і папулярызацыя, і прызнанне, што гэта адзін з помнікаў архітэктуры, які захаваўся да нашых дзён у практычна нязменным стане. Такі шыкоўны помнік не павінен быць зачынены гандлёвым цэнтрам. І ўвогуле не абавязкова праводзіць будоўлю такога маштабу ў гістарычным цэнтры. Гэта балючая тэма для нас".

Спрэчкі наконт прыбудовы да гандлёвага цэнтра "Магніт" разгарнуліся яшчэ летась. На думку гісторыкаў, прыбудова закрые сабой музей Масленнікава, які цяпер змясцілі на купюры ў 200 тысяч.

Паводле плану побач з існуючым будынкам з'явіцца прыбудова ў 3 паверхі. Яна зойме месца зялёнай тэрыторыі і паркоўкі насупраць музея, гаворыць актывіст ТБМ Сяргей Дымкоў:

"Трэба сабраць разам усе аргументы супраць дадзенага будаўніцтва і за яго. Супраць — гэта велізарная транспартная праблема ў цэнтры горада. Усе ведаюць, што ў цэнтры горада не будуюць такія вялізарныя аб'екты. Гэта парушэнне генеральнага плана. Па-другое, там наносіцца шкода помніку архітэктуры музею Масленнікава — былому Сялянскаму банку".

Галоўны архітэктар Магілёўскага гарвыканкама Раман Бялясаў гаворыць, што праблемы сапраўды існуюць і іх спрабуюць вырашыць з меншай шкодай для горада. Але праводзіць грамадскія слуханні ніхто ўжо не будзе, бо прыярытэт таму, хто плаціць грошы — інвестару.

Раман Бялясаў: "Інвестыцыйная дамова падпісаная і, згодна з ўсімі прэферэнцыямі па заключэнні інвестыцыйнай дамовы, усе прыярытэты аддаюць інвестару".

Пасля ціску актывістаў грамадскія слуханні ўсё ж адбыліся, у якіх пераважылі аргументы супраць будаўніцтва. Але на справе адбылася баявая нічыя, распавядае кіраўнік мясцовага ТБМ Алег Дзьячкоў.

"Абласны архітэктар сказаў, што прыбудова будзе, але са зменамі, якія прадугледжвае інвестыцыйная дамова, і заўвагамі выканкама. А прадстаўнік прэзідэнта, інспектар па Магілёўскай вобласці Лаўранькоў сказаў, што рана казаць пра тое, што яна будзе. Падчас грамадскага абмеркавання выявілася шмат парушэнняў. А калі парушаны закон і гэта прызнаюць і ўлады, і інвестары, то тут нічога не зробіш — яго трэба выконваць".

Паводле апошніх праектаў, апублікаваных на магілёўскіх сайтах, паркоўка з'яўлялася замест сквера насупраць музея, а сам музей пераставаў архітэктурна дамінаваць, на першы план выходзіла прыбудова.

Пакуль гісторыкі спадзяюцца, што інвестыцыйную дамову скасуюць. Але пытанне, ці быць будаўніцтву, застаецца адкрытым.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)