Общество

СупэрМЕНСКIЯ

Пазачарговы опус пра тое, хто такія менчукі, з чым іх ядуць і дзе яны жывуць, - зьявіўся на днях для ўсёй прагрэсіўнай грамадзкасьці. Язерская, Арлоў, Баба Тома, Люфт зь Мерыцілам, Франак Вячорка, Бомж Бацюшка і Насарогаў; а таксама песьні, танцы, гулькі й сьмерць – усё гэта вы знойдзіце ўнутры “Супэрменскіх”. Опус прадстаўлены ў межах мультымэдыйнага праекту 34.

У сталіцы таксама жывуць людзі – такі асноўны мэсэдж “Супэрменскіх”. Акцэнт у фразе можна ставіць, сыходзячы з уласных цікавасьцяў – ці на “жывуць у сталіцы”, ці на “жывуць людзі”.

Напрыклад, матэрыял “Горад герояў” прысьвечаны менскім змагарам-сучасьнікам – гараджанам, якія адстойваюць права на прыватную ўласнасьць. Тут і пiсьменьнік Арлоў зь гісторыяй пра змаганьне за Карла Маркса, і анарх Глеб зь гісторыяй пра адстойваньне дзіцячай пляцоўкі ў Зялёным Лузе, і Баба Тома, якая колькі год дужаецца з чынавенцтвам за ўласную хаціну.

Легендарныя жж-істы-эмігранты Люфт (SE) і Мерыціл (CH) у матэрыяле “Менскія паставыя” робяць колькі скандальных заяваў адносна нашай з вамі сталіцы і яе “вясковага” лайфстайлу.

Ва ўнісон такому выказваньню шараговыя жыхары сталіцы расказваюць, чаму яны “без зазрэнія совесьці” разгульваюць па костках памерлых суйчыньнікаў. Для некага не сакрэт, што Менск пабудаваны на могілках, а для кагосьці – цьмяная гісторыя. Таму аўтары матэрыялу “Усе мы – грэбаныя готы” і робяць віртуальны (з дапамогай гісторыка Сяргея Харэўскага) і рэальны (з дапамогай звычайных менчукоў) экскурс па месцах, дзе на добры лад мусяць аднавіць помнікі памерлым, а ня ставіць дзіцячыя каруселі...

Тым часам 30-хвілінны фільм “Вось вам, людзі, Менск на блюдзе” – гэта спроба зірнуць на “пэрсанальную” сталіцу вачыма скандальных і ня вельмі віпаў. Тэледзіва Элеанора Язерская, журналіст Віктар Марціновіч, глямурны палітык Франак Вячорка, музыкант Сяргей Пукст, р’н’б-прамоўтэр Руфус, шараговы бомж Бацюшка - іх дзяцінства, юнацтва і сучаснасьць, мары і думкі зьвязаныя з гэтым горадам і яго вулкамі.

Бессаромны попс-паэт Насарогаў навастрыў свой аральна-візуальны крытыцызм і паспрабаваў парэфлексаваць словам і малюнкамі з кампазіцый, якія ў свой час прэтэндавалі на гімн сталіцы (мы не жартуем...). “Сьпяваем разам”, гаспада-таварышы!

І на “салодкае” – эксклюз чыстай вады. Аўтары 34 вырашылі адсьвяткаваць 10-годзьдзе першай (і адзінай?) кампутарнай гулькі пра сталіцу Бацькаўшчыны. Інкогніта, ледзь не з-пад палкі, але аўтары “Менску” расказалі гісторыю стварэньня культавага DOS-аўскага вар’яцтва (Mensk game. Version 2.0”).

ДЛЯ ДАВЕДКІ: андэграўндны мультымэдыя-праект 34 ствараецца маладымі энтузіястамі з абвостраным пачуцьцём сацыяльнай адказнасьці. Далучыцца да праекту можа кожны: //community.livejournal.com/4asapopi3

Зваротная сувязь: 34popis@gmail.com

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)