Скандалы
Алесь Пілецкі, Радыё Свабода

Судзяць камандзіраў Коржыча: «Білі падначаленых палкай, не выдавалі грошай»

1 кастрычніка ў судзе Менскага раёну пачаўся працэс над былым старэйшым лейтэнантам Паўлам Сукавенкам і прапаршчыкам Артурам Вірбалам. Першы прызнаў віну часткова, другі — цалкам.

Падсудныя Арцём Вірбал і Павел Сукавенка (зьлева направа)

Суд над Сукавенкам і Вірбалам, якія былі камандзірамі Аляксандра Коржыча, вылучаны ў асобнае справаводзтва. Абодвух затрымалі ў кастрычніку 2017 году і першапачаткова падазравалі ў сьмерці салдата, аднак у красавіку 2018 году СК паведаміў, што Сукавенку і Вірбала будуць судзіць за іншыя злачынствы.

А менавіта паводле 1 і 2 частак 455 артыкулу Крымінальнага кодэксу — перавышэньне альбо бязьдзеяньне ўлады.

Працэс над Паўлам Сукавенкам і Артурам Вірбалам пачаўся зь невялікай затрымкай. Яны абодва знаходзяцца ў судовай залі за кратамі.

Эксперт – о судах по делу Коржича: «Это называется бить по хвостам»

Тут жа прысутнічаюць пацярпелыя. Іх шасьцёра, усе былі сяржантамі ў роце, якой камандавалі абвінавачаныя.

Пацярпелымі прызнаныя сяржанты Вяжэвіч, Бараноўскі і Скуратовіч, якія праходзяць абвінавачанымі ў справе аб сьмерці Аляксандра Коржыча.

Таксама пацярпелымі прызнаныя сяржанты Берднік, Брыцікаў, Шулякоўскі і Субоцкі. Пацярпелыя знаходзяцца ў залі суда побач з журналістамі, пад аховай канвою.

Пацярпелыя ў залі суду

Працэс пачаўся з абвяшчэньня абвінавачваньня, яго агучыў дзяржаўны абвінаваўца Лалуа. Паводле яго, прапаршчык Артур Вірбал неаднаразова прымяняў у дачыненьні пацярпелых фізычную сілу, прымушаў іх выконваць фізычныя практыкаваньні, а таксама наносіў падначаленым сяржантам удары нагой і драўлянай палкай.

Паводле пракурора, такім чынам Артур Вірбал жадаў самасьцьвердзіцца.

Былы старшы лейтэнант, паводле вэрсіі дзяржаўнага абвінаваўцы, за лета 2017 году неаднаразова прымушаў падначаленых сяржантаў набываць яму прадукты харчаваньня (каву, сасіскі ў цесьце, вафлі) і цыгарэты.

Акрамя гэтага Павел Сукавенка, па словах пракурора, неаднаразова прысвойваў сабе частку грошай, якія павінен быў выдаваць падначаленых у якасьці штомесячных выплат. «Сваімі дзеяньнямі Сукавенка зьдзейсьніў перавышэньне ўлады», — заявіў пракурор Вадзім Лалуа.

Пракурор Вадзім Лалуа

Як і Вірбала, Сукавенку вінавацяць у неаднаразовым зьбіваньні падначаленых сяржантаў нагамі і драўлянай палкай. Сярод прычын зьбіцьця, па вэрсіі абвінавачваньня, былі недастаткова добрыя веды палажэньняў вайсковага статуту.

«За няправільныя адказы прымусіў сяржанта Бердніка прыняць ва ўпор лежачы і нанёс яму ня менш за тры ўдары драўлянай палкай па ягадзіцах», — апісаў пракурор Лалуа адзін з эпізодаў.

Прад’яўленыя Паўлу Сукавенку і Артуру Вірбалу абвінавачваньні, згодна Крымінальнаму кодэксу Беларусі, могуць пацягнуць за сабой пакараньне да 10 гадоў пазбаўленьня волі.

Артур Вірбал прызнаў сваю віну ў поўным аб’ёме. Павал Сукавенка часткова. Ён заявіў, што ня біў падначаленых сяржантаў драўлянай палкай. Іншыя эпізоды Сукавенка прызнаў.

У абвінавачаньні, якое абвясьціў пракурор Лалуа ў першы дзень суду, не прагучала фактаў датычнасьці Паўла Сукавенкі і Артура Вірбала да сьмерці Аляксандра Коржыча.

Кто убил рядового Коржича

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)