История

Андрэй Кныш

Судзебнік князя Казіміра. 10 фактаў пра першы крымінальны кодэкс ВКЛ

«Салiдарнасць» прыгадвае эпоху, калі на беларускіх землях было да законаў.

У верасні 2020-га ў Беларусі стала не да законаў. Здарылася гэта ў часе нарады Лукашэнкі з пракурорамі. З таго моманту ні на хвіліну не спыняецца дзяржаўны тэрор у дачыненні да іншадумцаў і любых праяваў незадаволенасці.

Пра тое, што ў няволі адбываецца з палітзняволенымі, «Салідарнасці» падрабязна расказаў правааабаронца Леанід Судаленка.

Мы ж сёння прыгадаем, як калісьці на нашых землях стала да законаў. Менавіта 29 лютага 1468 года вялікі князь Казімір выдаў Судзебнік — фактычна, першы кодэкс крымінальнага і крымінальна-працэсуальнага права Вялікага Княства Літоўскага.

Першы агульнадзяржаўны кодэкс ВКЛ

Даследчыкі мяркуюць, што Судзебнік Казіміра Ягелончыка стаў абагульненнем зместу «Рускага права» (ХІІ – ХІІІ ст.), шэрагу тагачасных прывілеяў, у тым ліку і самаго князя (ад 1447 года), а таксама нормаў звычаёвага права і судова-адміністрацыйнай практыкі ВКЛ.

Навукоўцы па-рознаму ацэньваюць значэнне і ўплыў Судзебніка. Так, даследчык гісторыі ВКЛ Іван Лапо ў свой час лічыў, што гэты дакумент мала чым адрозніваўся ад абласных прывілеяў і не мог мець агульнадзяржаўнага значэння.

У сваю чаргу літоўскі гісторык Аўгусцінас Янулайціс трымаўся думкі, што Судзебнік князя Казіміра быў першым агульнадзяржаўным кодэксам ВКЛ.

У навуковых публікацыях, прысвечаных гэтаму дакументу, можна сустрэць меркаванні, што ён стаў адной з галоўных асноваў для будучых Статутаў ВКЛ.

Раскіданы па летапісах

Арыгінал Судзебніка не захаваўся, аднак ягоны змест у той ці іншай ступені пераказваецца ў шэрагу ўсходнеславянскіх рукапісаў:

  • «Румянцаўскі» (80-я гады XV ст.), захоўваецца ў Расійскай дзяржаўнай бібліятэцы;
  • «Тарноўскі» (апошняя чвэрць XV ст.) — у Ягелонскай бібліятэцы (Кракаў, Польшча);
  • «Увараўскі» (канец XV – пачатак XVI ст.) — у Дзяржаўным гістарычным музеі РФ.   

Як «Ліст» стаў Судзебнікам

Акурат «Увараўскі спіс» утрымлівае найбольш поўную версію Судзебніка. Дарэчы, першапачаткова такія дакументы мелі агульнапрынятую назву «Ліст». І праца вялікага князя не была тут выключэннем.

Ігнат Даніловіч

Назву «Судзебнік» або «Статут Казіміра» яму даў даследчык права ВКЛ Ігнат Даніловіч, ураджэнец Падляшша. Менавіта ён адкрыў свету даўно забыты дакумент, калі выдаў у 1826 годзе «Statut Kazimierza IV, pomnik z XV wieku uchwał litewskich». 

Даніловіч быў апантаным папулярызатарам права часоў ВКЛ, якому прысвяціў свае лекцыі ва ўніверсітэтах Вільні, Кіева, Харкава і Масквы.

Мова тагачаснага права ВКЛ

Як і многія тагачасныя дакументы, Судзебнік быў выдадзены на старабеларускай мове. У ХІХ стагоддзі яго пераклалі на рускую і польскую мовы. У нашы дні ён выдазены на іншых мовах, у тым  ліку на літоўскай і ўкраінскай.

Бязлітасны да злодзеяў

Арыгінальны дакумент не меў падзелу на артыкулы. Гэта за князя Казіміра зрабілі даследчыкі ў ХІХ ст. Цяпер ён мае 25 артыкулаў. Пераважная большасць іх прысвечаная злачынствам супраць уласнасці — крадзяжам і рабаванням. У залежнасці ад памеру скрадзенага злодзея маглі аштрафаваць (першы дробны крадзеж) або пакараць смерцю (напрыклад, за крадзеж каня ці каровы). 

Злачынства — як парушэнне закона

У Судзебніку Казіміра было шмат новых і прагрэсіўных для тых часоў новаўвядзенняў. Так, напрыклад, адгэтуль злачынаства лічылася парушэннем закону («ис права выступаеть», «над право сягнул»).

Само пакаранне цяпер атрымала новую і больш важную мэту — застрашванне патэнцыйных злачынцаў. Паводле Судзебніка ўжо нельга было адкупіцца ад смяротнага пакарання, як гэта дазвалялася звычаёвым правам. 

«А што будуть малыи дети, ниже семи годов, тыи в том невинни»

Упершыню ў гісторыі права ВКЛ уводзілася паняцце ўзросту адказнасці. Дагэтуль за злачынствы дарослых неслі адказнасць іх дзеці, незалежна ад веку. Цяпер жа адказнасць наступала з сямі гадоў.

Дзяцей да сямі гадоў паводле Судзебніка забаранялася аддаваць у рабства пацярпеламу ад злачынства боку.

Увядзенне індывідуальнай адказнасці

Дагэтуль уся сям’я злодзея або рабаўніка несла адказнасць за здзейсненае. Калі ў іх не было магчымасці кампенсаваць пацярпелым страты ад злачынства, усю сям’ю злачынцы аддавалі ў рабства.

Судзебнік рабіў істотную папраўку ў ранейшае права. Калі родныя абвінавачанага не ведалі пра злачынства і ніякім чынам не ўдзельнічалі ў ім, то з іх здымалася ўсякая адказнасць за яго. Такім чынам замацоўваўся прынцып індывідуальнай адказнасці.  

Правобраз закону

Адзін з пунктаў дакумента многія даследчыкі расцэньваюць як аналаг сучаснага закона. Гаворка пра ўтойванне знойдзенай маёмасці.

Злодзеем, напрыклад, мог лічыцца той, хто знайшоў чужога каня, але не стаў шукаць ягонага гаспадара, а забраў яго сабе. Тое самае датычыла іншых знойдзеных рэчаў. 

За забойства прыгоннага — у суд

Гэта быў час актыўнага запрыгоньвання вольных сялянаў. Таму ў Судзебніку было колькі артыкулаў, прысвечаных ім. Так, ім цяпер нельга было па ўласнай волі сыходзіць ад землеўласніка. А тым, хто хаваў беглых прыгонных, маглі пакараць смерцю.

Разам з тым, цяпер за забойства прадстаўніка ніжэйшага саслоўя шляхцюк мог апынуцца ў судзе.

Апошні пункт Судзебніка нагадвае нам пра сучасны аналаг дарожнага збора. Ён абавязваў мясцовае насельніцтва даглядаць і своечасова рамантаваць дарогі і масты.