Политика
Анастасія Зелянкова

Судовыя тайны

Учора суды Мінска выносілі прысуды затрыманым падчас акцыі пратэсту на Кастрычніцкай плошчы, а таксама ўдзельнікам Дня волі 25 сакавіка. Амаль усе суды былі зачыненыя для прэсы, ні праваабронцы, ні родныя затрыманых на судовыя пасяджэнні не дапускаліся. Пра лёс і месцазнаходжанне некаторых удзельнікаў акцый дагэтуль невядома.

Усяго на працягу дня ўчора было вынесена каля 300 прысудаў. Большасць асуджаных – студэнты сталічных ВНУ. Разам з імі былі асуджаныя і замежныя грамадзяне. У прыватнасці, Рассіі, Польшчы, Украіны, Францыі, Канады.

У большасці сваёй затрыманыя былі пакараныя арыштамі на 10-15 сутак. Так, на 15 сутак былі асуджаныя расійскія журналісты Аляксандр Падрабінек, Эдуард Глезін, Алег Казлоўскі, былы амбасадар Польшчы ў Беларусі Марыуш Машкевіч, грузінскі журналіст Георгій Лагідзе. 10 сутак атрымала польская журналістка Вераніка Самаліньска, 5 – грузінская журналістка Ніно Гіоргабіані. Асуджаныя і беларускія журналісты і грамадскія дзеячы: Валянціна Палевікова (15 сутак), Дзмітрый Завадскі, Вадзім Казначэеў, Дар’я Кастэнка (10). 15 сутак атрымаў Ігар Кулей (сын жонкі Аляксандра Мілінкевіча).

Было ўчора і некалькі аштрафаваных за ўдзел у акцыях пратэсту, пераважна сярод жанчын, якія мелі дзяцей да 14 год. Пры гэтым, трэба ўлічваць, што да суда яны адсядзелі ўжо амаль 4 сутак. Чатырма суткамі арышту былі пакараныя і многія дзяўчыны, якім выносіліся прысуды ў судзе Партызанскага раёна. Гэта адбывалася ўжо ў другой палове дня і тлумачыцца тым, што турэмныя камеры былі перапоўненыя і месца для ўсіх затрыманых жанчын проста не хапала.

Не такім “лаяльным” быў суд Завадскога раёна. Нават жанчыны тут былі асуджаныя на 10 і 15 сутак. Як сцвярджалі відавочцы, многіх з затрыманых вялі на суд у кайданках, выводзячы па адным з міліцэйскіх аўтобусаў пад пільным наглядам ахоўнікаў. Аднаму са сваякоў, якога прынялі за міліцыянта ў цывільным, удалося падглядзець, як судзілі затрыманых. Паводле яго словаў, іх ставілі тварам да сцяны, а ахоўнікі тым часам “сведчылі”, пры якіх абставінах іх затрымалі. Высветліць жа імёны асуджаных і распытаць пра вынесеныя прысуды пасля судовага пасяджэння праваабаронцы амаль не мелі магчымасці. Прадстаўнікоў праваабарончага цэнтра “Вясна” нават хацелі затрымаць толькі за тое, што яны спрабавалі высветліць прозвішчы арыштаваных.

У Першамайскім судзе праваабаронцаў нават не пусцілі ў будынак, таму звесткі пра вынесеныя там прысуды вельмі сціплыя. А вось у суд Цэнтральнага раёна затрыманых дастаўлялі з чорнага ходу. Напярэдадні з залы суда выдалілі ўсіх прысутных, на падставе таго, што нібыта пачаўся абед. Тым не менш менавіта ў абедзены час і распачаліся працэсы. Толькі праз шчыліну плоту людзям удалося ўбачыць, як затрыманых вядуць у суд, а ўжо праз пяць хвілін выводзяць адтуль. Некаторым з асуджаных ўдавалася крыкнуць сваё імя і колькі сутак арышту яны атрымалі. Аднак ахоўнікі перашкаджалі ім гэта рабіць. Няма амаль ніякай інфармацыі і пра тых, каго судзілі ў Ленінскім судзе.

У праваабрончым цэнтры “Вясна” кажуць, што да збору інфармацыі пра затрыманых актыўна далучаюцца простыя людзі, у пераважнасці тыя, чые родныя зараз знаходзяцца ў турме. Праваахоўныя органы тым часам робяць усё магчымае, каб на волю не выходзіла ніякая інфармацыя пра затрыманых.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)