Филин

Юлія Кот

Судаленка: «Жук заклікае да байкоту Канстытуцыі. Хто ён пасля гэтага — ці то экстрэміст, ці то тэрарыст?»

Праваабаронца Леанід Судаленка — пра тое, чаму ніводны чыноўнік не можа «адмяніць» правы чалавека.

Прававы дэфолт у Беларусі прабіў новае дно. У эфіры прапагандысцкай перадачы «Клуб рэдактараў» на тэлеканале «Беларусь 1» галоўны рэдактар выдання «СБ.Беларусь Сегодня» Дзмітрый Жук назваў тых, хто гаворыць пра правы чалавека ў Беларусі, «ворагамі краіны».

Напрошваецца пытанне: а што, так можна было? Не высмоктваць з пальцу эканамічных артыкулаў праваабаронцам, якія сёння знаходзяцца за кратамі менавіта за сваю працу, не нацягваць на глобус абвінавачанні ў «распальванні варожасці» альбо «падрыхтоўцы масавых беспарадкаў», а так у лоб і сказаць: часам, маўляў, не да правоў чалавека, а хто нязгодны — той вораг.

Аб тым, як расцэньваць падобныя заявы з прававога пункту гледжання і якія наступствы такая публічная рыторыка можа мець, Филин пагутарыў з былым палітзняволеным, праваабаронцам Леанідам Судаленка.

— У гэтых заявах няма ніякага права, — адзначае праваабаронца. — Бо беларуская Канстытуцыя — нават тая, якая была прынята на сумнавядомым апошнім рэферэндуме ў 2022-м годзе, — аддае прыярытэт правам чалавека над усімі астатнімі правамі. І ўсе дзяржаўныя органы, дзяржава наогул — павінныя ў гэты бок рухацца.

Прамое пацверджанне таму, звяртае ўвагу Леанід Судаленка, змешчана не дзе-небудзь, а на афіцыйным сайце Лукашэнкі: у раздзеле «Канстытуцыя» наўпрост сказана, што найважнейшай нормай ёсць артыкул 2, які вызначае іерархію каштоўнасцей у краіне, і паводле гэтага артыкула, «чалавек, ягоныя правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі з’яўляюцца найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы».

— А Жук, па сутнасці, заклікае нас да байкоту Канстытуцыі. Бо калі ён не прызнае правы чалавека, то не прызнае, і ўсім раіць, не прызнаваць Канстытуцыю. Хто ж ён пасля гэтага — ці то экстрэміст, ці тэрарыст, і хто даў Жуку такое права, казаць падобнае пра правы чалавека?

Можа, час пісаць у пракуратуру, хай правярае, ці ёсць у гэтых словах склад злачынства. І калі так, то няхай бы Жук ехаў у «Віцьбу», дзе я быў, там якраз для былых міліцыянтаў і дзяржчыноўнікаў калонія, і там яму распавядуць пра правы чалавека.

Правы чалавека, я тут пагаджаюся з генсекам ААН Антоніу Гутэрышам, — гэта не тое, што можа быць канфіскавана дыктатарам. Гэта не нейкая раскоша, якую можна адкласці на потым. Генсек ААН нездарма падкрэсліваў, што ў плоскасці менавіта правоў чалавека палягаюць вострыя сусветныя праблемы.

І тут знаходзіцца нейкі рэдактар газеты, няхай і дзяржаўнай, які сцвярджае, што ўсё наадварот. Што генсек ААН памыляецца альбо хлусіць, як і галоўная распрацоўніца Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека Элеанора Рузвельт, а ён тут у Беларусі ўсё ведае пра правы чалавека і ведае, як трэба жыць.

Эксперт у галіне права зазначае: складана сказаць, чаму кіраўнік аднаго з галоўных рупараў прапаганды беларускага рэжыму дазволіў сабе такія прамовы.

— Ці чалавек не разумее, аб чым гаворка, ці гэта наўмысна падкінуты шар, а потым улады будуць глядзець, як адрэагуе грамадства, і запускаць нейкую новую працэдуру… Да прыкладу, паводле артыкула 63 Канстытуцыі, правы і свабоды могуць прыпыняцца толькі падчас надзвычайнага альбо ваеннага становішча — і беларусаў могуць вуснамі Жука рыхтаваць да гэтага надзвычайнага становішча ў краіне.

Наогул, бачна, што ўлады вельмі хвалюе гэта тэма. Таму што дзяржава не выконвае свае абавязкі, у тым ліку ў галіне правоў чалавека, якіх зараз наўпрост няма ў краіне, — і яны хочуць знайсці гэтаму нейкае апраўданне.

Тое, што адбываецца сёння ў Беларусі — гэта жахліва, і аб гэтым варта было б казаць Жуку, а не разводзіць дэмагогію пра «ворагаў». Правы чалавека даў беларусам не Жук і не Лукашэнка, яны належаць кожнаму з нас ад нараджэння — і не Жуку вырашаць, як Судаленка ці хто іншы будзе рэалізоўваць свае правы на практыцы.

У Жука, дарэчы, ёсць  такія самыя правы — і ён цалкам можа не карыстацца імі, калі так вырашыў, калі яму гэтыя правы непатрэбныя.

А я дык хачу карыстацца імі, і каб мае дзеці карысталіся, і каб усе людзі на свеце маглі карыстацца галоўнай каштоўнасцю, якую яны маюць — сваімі правамі.

— Рэч жа ў тым, што падобнае сказаў не выпадковы чалавек, не рэдактар раёнкі ў псеўдапатрыятычным запале, а рэдактар аднаго з галоўных рупараў прапаганды, у эфіры другога рупара. То, магчыма, гэта новы лінія паводзінаў уладаў?

— На жаль, апошнія два з паловай гады свайго жыцця ў лагеры я выпісваў «Саўбелку», бо толькі яна была там дасяжная, і чытаў паміж радкоў адыёзных прапагандыстаў, каб разумець, куды рухаецца краіна.

І калі гэта — афіцыйная лінія, значыць, яны спрабуюць падмануць час, думаючы, што атрымаецца ў цэнтры Еўропы стварыць такое гета пад назвай Рэспубліка Беларусь, дзе не будуць выконвацца правы чалавека, і ўсе будуць маўчаць?  Не думаю, што такое адбудзецца.

Навошта тады яны кідаюць гэты пробны шар — хочуць паказаць сваё стаўленне? Так мы яго ведаем, асабліва пасля падзей 2020 года.

Мяркую, трэба паглядзець, які будзе наступны крок у гэтым накірунку: можа, забароняць саму прафесію адваката, бо той, хто абараняе правы людзей — вораг? Зрэшты, тады трэба распускаць усе органы, якія мусяць стаяць на абароне правоў чалавека: ад пракуратуры да судоў.

— Публіцыст Сяргей Навумчык правёў трапную паралель, што нагадваюць словы чыноўніка – фразу нацысцкага ідэолага: «Калі я чую слова «культура» – рука цягнецца да пісталета». На вашу думку, ці разумеюць чыноўнікі, з кім ставяць сябе на адну дошку падобнымі выказваннямі?

— Безумоўна, у фашысцкай Германіі адмаўлялі правы чалавека — якія правы, калі паводле закону людзей накіроўвалі ў газавую камеру. Дай бог, каб у нас падобнага не здарылася.

Маю на ўвазе, каб не прынялі законаў, якія адменяць Канстытуцыю і грамадства пачне жыць так, як, лічаць улады, яно павінна жыць (бо, калі «часам не да законаў», то можа быць і «часам не да Канстытуцыі»?).

У Беларусі людзі запалоханыя, і наўрад ці хто рызыкне выступаць супраць новых законаў — але гэта наша краіна, і мы павінны казаць пра тое, што ў ёй адбываецца. А што ў галовах чыноўнікаў, якія вольна разважаюць на гэтыя тэмы, мне цяжка сказаць.

Каб быў закон у краіне, то Жук, мабыць, ужо адказваў бы на пытанні пракурора і следчага, што ён меў на ўвазе.