Судаленка з турмы: «Рыхтуецца нешта не зусім звычайнае»

Палітзняволены праваабаронца «Вясны» утрымліваецца пад вартай у гомельскім СІЗА №3 ужо больш за месяц — з 18 студзеня.

Яго абвінавачваюць у фінансаванні і арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 і 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса). Праваабаронцу пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі.

Пры гэтым, паведамляе Вясна, Леанід Судаленка не падае духам і распавядае, што «па прычыне абсурднасці выстаўленых абвінавачванняў» адмовіўся сведчыць супраць сябе і супрацоўнічаць са следствам. Днямі мы атрымалі ліст ад нашага калегі.

Якія турэмныя навіны адбыліся ў праваабаронцы за гэты час і як праходзіць яго дзень — распавядае Леанід Судаленка ў сваім лісце з следчага ізалятара №3.

Леанід Судаленка даслаў ліст 11 лютага – на 24-ы дзень «камандзіроўкі», як называе гэта сам праваабаронца. У ім вясновец паведамляе, што яго справу перадалі з абласнога Следчага камітэта ў Цэнтральны апарат СК у Мінску.

«Мяне наўрад павязуць следам за справай у сталічнае СІЗА на Валадарку. Хутчэй, рыхтуецца нешта не зусім звычайнае, не буду загадваць…» – пракаментаваў гэта Леанід Судаленка.

Нагадаем, 16 лютага ў офісах і па месцу жыхарства сябраў Праваабарончага цэнтру «Вясна», Беларускай асацыяцыі журналістаў, незалежнага прафсаюзу РЭП і іншых актывістаў прайшлі ператрусы ў межах крымінальнай справы па арт. 342 Крымінальнага кодэкса Беларусі. МУС паведаміла пра правядзенне па ўсёй Беларусі каля 90 ператрусаў.

«Вось так і цячэ мой будучы тэрмін»

Пра сваё здароўе Леанід піша, што адчувае сябе нармальна, «наколькі гэта магчыма ва ўмовах шэрасці і прыцемка турэмнай камеры». Праваабаронца распавядае, што яго ўтрымліваюць у камерыз чатырма чалавекамі.

«Увесь дзень гарыць святло, грае радыё, ноччу гарыць начнік (“месяц”). Тут рэжым, пад’ём у 6 гадзін, адбой у 22 гадзіны. Днём на ложках толькі сядзець можна, ляжаць забаронена!» – распавядае пра ўмовы ўтрымання Леанід.

Праваабаронца знайшоў сабе занятак: шашкі, шахматы, кнігі.

«Чытаю Хуліё Картасара, Чарльза Дікенса, вось так і цячэ мой будучы тэрмін (да трох гадоў)...»

Праваабаронца піша, што ўся надзея на кнігі з перадач, бо на мясцовую бібліятэку надзеяў мала:

«Замовіў Крымінальны кодэкс, дык у ім яшчэ няма майго артыкула, насколькі старажытны...»

Ліст Леаніда Судаленкі да калегаў ад 11 лютага. Фота: spring96.org

«У дзень па 15-20 лістоў атрымліваю»

Леанід Судаленка піша, што вельмі адчувае падтрымку з волі. На грошы, якія яму паклалі на рахунак, ён набывае розныя прыемныя рэчы для сябе ва ўнутранай краме – «атаварцы»:

«Набыў гарчычны маянэз да сала і каўбасы. Мая сям'я мяне падтрымлівае, так што на сухі паёк не прыйшлося пераходзіць…»

Па словах праваабаронцы, яму піша шмат людзей, у тым ліку незнаёмых.

«У дзень па 15-20 лістоў атрымліваю. Вечарамі адпісываюся, так час хутчэй ляціць. Ужо адвык ад сацсетак, прыйдзецца па-новай вучыцца :)»

Леанід перадае прывітанне «ўсім добрым людзям».

Сёння, 22 лютага, у Мінскім гарадскім судзе разглядалася скарга Леаніда Судаленкі на пастанову аб прымяненні меры стрымання ў выглядзе ўтрымання пад варту. Яе разглядаў суддзя Максім Лапко. Паседжанне, як звычайна па такіх справах, праходзіць у закрытым рэжыме, але вынік яго, на жаль, прадказальны.

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 4.8 (оценок:37)