Общество

Судаленка: «Мяне кідалі ў адзіночную камеру штрафнога ізалятара, адымаючы споднюю тэрмабялізну і не выдаючы матраца і пасцельных прыналежнасцяў»

Праваабаронца і былы палітзняволены — пра нечалавечыя ўмовы ў беларускіх турмах.

У нямецкім Бундэстагу праходзіць выстава «Я не баюся. Няхай яны баяцца!», прысвечаная нобелеўскаму лаўрэату, палітвязню Алесю Бяляцкаму. На яе адкрыцці паплечнік Алеся Бяляцкага Леанід Судаленка выступіў з прамовай, у якой распавёў пра тое, які шлях праходзяць беларускія палітзняволеныя.

Прыводзім ягоны выступ цалкам.

— Я Леанід Судаленка, беларускі праваабаронца, за мірную дзейнасць па абароне ахвяр рэпрэсій 2020 года быў кінуты на тры гады ў турму. Вызваліўшыся пасля заканчэння тэрміну, быў вымушаны праз рэпрэсіі, якія працягваюцца, пакінуць Беларусь.

Следам рэжым Лукашэнкі выставіў новыя абвінавачванні, пагражаючы завочным судом адправіць у турму ўжо на сем гадоў, абвінаваціўшы ў «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці», а фактычна за тое, што не маўчу, распавядаю пра катаванні, пра нечалавечыя ўмовы, у якіх сёння знаходзяцца тысячы беларускіх палітвязняў.

Пасля выхаду з турмы пачуццё адчаю і безнадзейнасці не пакідаюць мяне ні на адзін дзень. Чарговая смерць беларускага палітвязня за турэмнымі кратамі толькі ўзмацняе гэтыя пачуцці, і мяне зноў ахоплівае бездапаможнасць. Зноў усплываюць думкі пра катаванні, пра нечалавечыя ўмовы, у якіх утрымліваюць палітычных.

Інтэлектуальна там кожны задумваецца пра сэнс жыцця, пераасэнсоўвае яго і, магчыма, не раз з ім развітваецца. Маральна там удвая цяжка, таму што разуменне прававога хаосу не адпускае ні на хвіліну – усе палітычныя за кратамі без злачынства, толькі за тое, што нязгодныя, за тое, што патрабуюць пераменаў.

Стрэс і пастаяннае агрэсіўнае асяроддзе павольна адымаюць здароўе. Асабліва ў штрафных ізалятарах, дзе палітычных катуюць холадам, дзе адбіраюць споднюю бялізну, не даюць матрацы і пасцельную бялізну, дзе дрэннае харчаванне, недахоп вітамінаў і шпацыроў. Дзе палітычных месяцамі і нават гадамі трымаюць у адзіночных камерах, дзе поўная адсутнасць медыцынскай дыягностыкі здароўя, дзе няма сувязі са знешнім светам.

А ў перапынках паміж ізалятарамі палітычных сілком адпраўляюць на брудную і шкодную працу ў халодныя прамысловыя цэхі. Улічваючы вялікую працягласць гэтых выпрабаванняў, нешматлікія выжывуць без шкоды для свайго здароўя.

І мае думкі сёння пра майго 61-гадовага беларускага сябра, паплечніка па праваабароне Алеся Бяляцкага, лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру, кінутага ў турму на 10 гадоў.

Яго трымаюць у халоднай адзіночнай камеры, адкуль прыходзяць навіны аб прыкметным пагаршэнні яго здароўя. І я не знаходжу адказ на пытанне, што мы будзем рабіць, калі ў адзін з дзён даведаемся, што яго здароўе не вытрымала катаванняў.

Мае думкі сёння з тысячамі іншых палітвязняў, праваабаронцаў, журналістаў, прафсаюзных лідараў і палітыкаў, з неабыякавымі беларусамі, вязнямі сумлення, якіх пазначаюць у лагерах спецыяльнымі жоўтымі біркамі каб ствараць ўмовы іх утрымання непараўнальна больш жорсткімі, чым у астатняга кантынгенту.

Усіх палітычных там ставяць на прафілактычны ўлік па катэгорыі «Схільны да экстрэмізму і іншай дэструктыўнай дзейнасці», па надуманых матывах абвінавачваюць у шматлікіх парушэннях, прысвойваюць статут «злоснага парушальніка, які не стаў на шлях выпраўлення», пазбаўляючы тым самым магчымасці як датэрміновага вызвалення, замены пакарання больш мяккім рэжымам і нават памілавання.

Я, напрыклад, адбываў увесь тэрмін «без права перапіскі», без прадастаўлення спатканняў з сям'ёй, з заніжанай у тры разы сумай штомесячных пакупак у турэмнай краме.

Мяне кідалі ў адзіночную камеру штрафнога ізалятара, адымаючы споднюю тэрмабялізну і не выдаючы матраца і пасцельных прыналежнасцяў, дзе тэмпература асабліва ў халодную пару года прыраўноўваецца да катаванняў. Мне не дазвалялі атрымліваць медыцынскія бандэролі ад сваёй сям’і, а пасланыя вярталіся назад з паметкай «адмовіўся ад атрымання».

Нават пасля вызвалення з калоніі па адбыцці тэрміну пакарання палітычныя рэпрэсіі ў дачыненні да мяне не спыніліся. У Беларусі ўрад зацвердзіў спецыяльную пастанову аб экстрэмістах, куды ўносяць асабістыя даныя ўсіх асуджаных па экстрэмісцкіх артыкулах Крымінальнага кодэксу. Адразу ж пасля пастаноўкі па месцы жыхарства на ўлік у крымінальна-выканаўчай інспекцыі мне, напрыклад, прад'явілі шэраг патрабаванняў, якія я быў абавязаны выконваць на працягу тэрміна пагашэння судзімасці (на працягу 2-х гадоў):

  • Мне быў забаронены выезд не толькі з краіны, а нават з горада;
  • Штотыдзень, па нядзелях у 11.00 раніцы я абавязаны быў з'яўляцца ў інспекцыю для правядзення прафілактычных мерапрыемстваў (прагляд патрыятычных фільмаў у актавай зале міліцыі);
  • Штодня па два разы да мяне дадому з'яўляліся супрацоўнікі інспекцыі і пад запіс уключанага відэарэгістратара я быў вымушаны падпісвацца ў дакуменце аб сваім месцазнаходжанні;
  • Мае любыя фінансавыя аперацыі, у тым ліку дробныя выдаткі, напрыклад, на мабільную сувязь, кантраляваліся дзяржавай.
  • Ужо праз тыдзень пасля вызвалення па рашэнні КДБ Беларусі ўсе інфармацыйныя прадукты гомельскага офіса праваабарончага цэнтра «Вясна» былі прызнаныя экстрэмісцкім фармаваннем з забаронай  дзейнасці (сайт арганізацыі, Telegram-канал, старонкі ў Фэйсбуку, «Аднакласніках», YouTube-канал і чат-бот).

Фактычна краіна аб’явіла вайну правам чалавека, а супраць мяне, як кіраўніка гомельскага офіса «Вясны» магла быць узбуджаная новая крымінальная справа, звязаная з удзелам у экстрэмісцкім фармаванні і іншым садзейнічаннем экстрэмісцкай дзейнасці. Таму я быў вымушаны праз Расію пакінуць Беларусь, выехаўшы ў Літву, а фактычна дэпартаваўся з Беларусі ў сувязі з прыцягваючыміся палітычнымі рэпрэсіямі.

Знаходзячыся ў небяспецы ў Літве, я даведаўся аб узбуджэнні ў дачыненні да мяне новай крымінальнай справы па артыкуле 361-4 Крымінальнага кодэкса Беларусі. Па месцы майго жыхарства прайшлі ператрусы, я быў абвешчаны не толькі ў беларускі вышук, але таксама і ў Федэральны вышук у Расіі.

На зямельны ўчастак, які знаходзіцца ў маім пажыццёвым спадчынным валоданні накладзены арышт. 12 чэрвеня ў Гомельскім абласным судзе пачынаецца завочны разгляд маёй новай крымінальнай справы ў рэжыме так званай спецвытворчасці па абвінавачванні ў іншым садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці, здзейсненым паўторна з максімальным тэрмінам пакарання да 7 гадоў пазбаўлення волі з магчымым штрафам да 50 тысяч базавых адзінак (звыш паўмільёна еўра).

У дакладзе Вярхоўнага камісара Савету ААН па правах чалавека аб сітуацыі ў галіне правоў чалавека ў Беларусі ад 15 сакавіка 2024 года (п.48) паведамляецца, што палітычныя рэпрэсіі выйшлі за межы Беларусі.

Са спасылкай на публічныя выказванні вышэйшага кіраўніцтва краіны ў дакладзе зробленыя высновы аб пазбаўленні выехаўшых за мяжу асуджаных па экстрэмістскіх артыкулах беларускага грамадзянства, набытага нават па нараджэнні з забаронаю ўезда ў краіну на тэрмін да 30 гадоў.   

І тут я пагаджаюся з Дакладам ААН, які змяшчае высновы аб разумных падставах меркаваць, што ў Беларусі было здзейснена і працягвае здзейсняцца злачынства супраць чалавечнасці ў форме пераследу часткі грамадзянскага насельніцтва нараўне з іншымі спадарожнымі дзеяннямі.

У маім асабістым выпадку гэта азначае, што пасля завочнага асуджэння па экстрэмісцкім артыкуле ў дачыненні да мяне можа быць прынятае рашэнне аб пазбаўленні атрыманага па нараджэнні беларускага грамадзянства з забаронай уезду ў Беларусь на тэрмін да 30 гадоў, што ў маім узросце фактычна азначае немагчымасць вяртання на радзіму на працягу ўсяго майго застаўшагася жыцця.

Мае пачуцці і мой расказ — гэта пачуцці і словы выжыўшага сведкі, гэта тое, што пераследуе мяне, турбуе і не пакідае ў спакоі кожны дзень. Гэта тое, што адбываецца ў беларускіх турмах і калоніях зараз і будзе адбывацца пасля вызвалення з кожным беларускім палітвязнем.

Скончыць сваю прамову я хочу словамі Алеся Бяляцкага: «Не здаемся. Усё, што трэба для ўрачыстасці зла — гэта бяздзейнасць добрых людзей. Зло пакуль перамагае, таму мы не маем права здавацца!»