Филин

Юлія Кот

Судаленка: «Мы знаходзімся на такім адрэзку найноўшай беларускай гісторыі, у якім ідзе вайна дабра і зла»

Умоўна свабодныя. Праваабаронца и наш чытач распавялі Филину пра ціск на беларускіх палітвязняў і пасля выхаду з-за кратаў.

Рэпрэсіўны механізм у Беларусі наладжаны так, што нават пасля адбыцця пакарання і выхаду з вязніцы людзі застаюцца, па-першае, пад пастаянным наглядам сілавікоў цягам некалькіх год, а па-другое, абмежаванымі ў правах нават на самыя паўсядзённыя рэчы.

Былы палітвязень не можа без праблем уладкавацца на працу, адкрыць банкаўскі рахунак і нават завесці новы мабільны нумар.

Адзін з нашых чытачоў, які застаецца ў Беларусі, распавёў рэдакцыі, як дзейнічае карная сістэма:

— Палітзняволеныя з «жоўтымі біркамі» (пастаўленыя яшчэ на этапе следства на ўлік як схільныя да экстрэмісцкай і іншай дэструктыўнай дзейнасці), нават калі цалкам адбылі вызначаныя судом тэрміны ў калоніі, аказваюцца ўмоўна свабоднымі.

Прыкладам, асуджаныя па «народным» артыкуле 342, частка 1, мусяць пасля вызвалення стаць на ўлік у крымінальна-выканаўчую інспекцыю мУС па месцы жыхарства — «адзначаюцца» яны раз на тыдзень, але ёсць і тыя, хто вымушаны гэта рабіць штодня. Больш за тое, цягам двух гадоў супрацоўнікі МУС могуць у любы час сутак наведацца да былых палітзэкаў дадому для дадатковых праверак.

Пры гэтым, гаворыць наш чытач, ад вызваленых патрабуюць афіцыйнага працаўладкавання — у дзяржарганізацыі без «правільных» характарыстык не бяруць, а калі пашанцуе нейкім чынам уладкавацца ў камерцыйную структуру, нельга зрабіць зарплатную картку: банкаўская сістэма блакуе тых, хто ў спісе «нядобранадзейных» ад МУС.

Некаторыя былыя вязні сутыкнуліся з тым, што не змаглі атрымаць нават новы мабільны нумар — з той жа прычыны.

— У калоніі мы ўсёй камерай чыталі кнігу дацкага пісьменніка Пітэра Хега «Умоўна прыдатныя», — працягвае суразмоўца. — У ёй распавядаецца пра жудасныя ўмовы для дзяцей-сірот у эксперыментальнай школе для цяжкіх падлеткаў, што нагадвае турму. Гэтыя дзеці былі ўмоўна прыдатнымі для грамадства.

А ў цяперашняй Беларусі былыя палітзэкі, якія не з’ехалі, а засталіся тут жыць, сталі менавіта ўмоўна прыдатнымі.

«Цябе могуць у любы момант зноў «прыняць»

Экс-палітвязень, праваабаронца Леанід Судаленка ў гутарцы з Филином  пацвярджае: умовы для «палітычных» нават пасля вызвалення зладжаны такім чынам, каб усяляк ускладніць чалавеку жыццё. І гэта не адзінкавыя выпадкі, — хутчэй, такім ёсць вялікая дзяржаўная гульня з колішнім «тэрарыстам», а сёння зваршчыкам, які можа паляцець у водпуск у Дубай, у той час як іншым экс-палітвязням забаронены выезд з краіны, а часам нават з горада.

— Такая сістэма існуе і існавала, — гаворыць праваабаронца. — Я ў першы ж дзень, калі выйшаў, сказаў, што выйшаў з адной турмы ў другую.

У крымінальна-папраўчай інспекцыі, куды кожны абавязаны з’явіцца цягам трох дзён пасля вызвалення, мне адразу выкацілі шэраг патрабаванняў. З-за ўнясення маіх звестак у базу «экстрэмістаў», як мне сказалі, сілавікі будуць кантраляваць мяне не 2 гады, а сем. А калі ў чалавека было «больш цяжкае злачынства», то будзе іншая лічба: 5 і 5, 10 гадоў пасля выхаду з-за кратаў чалавека кантралююць.

Асабіста мне забаранілі не толькі выезд з краіны, але нават з горада, і калі б я меркаваў паехаць да сваёй роднай маці — павінен быў атрымаць дазвол у інспекцыі, і яго маглі б даць, а маглі і не даць.

Апроч таго, два разы на дзень, нават ноччу, яны маглі прыйсці — і прыходзілі, пакуль я 11 дзён заставаўся ў Гомлі, бо чакаў, калі зробяць пашпарт. Дарэчы, зараз такую паслугу, як хуткі выраб, адмянілі, і былым вязням трэба чакаць месяц — літаральна днямі размаўляў з чалавекам, які вызваліўся з «маёй» зоны, ён распавёў пад гэтыя змены.

Трэба зразумець, што візіты сілавікоў адбываюцца пад відэарэгістратар, і гэта цяжка псіхалагічна — чалавеку ў першыя дні страшна нават узяць мабільнік у рукі, грошы, каб разлічыцца, нават проста выйсці на вуліцу, а тут такі дадатковы ціск, што цябе могуць у любы момант зноў «прыняць».

У маім выпадку роўна праз 90 дзён пасля ад’езду з краіны ўзбудзілі новую справу, то бок, гэта было толькі пытанне часу.

Гаворачы пра іншыя захады кантролю, Леанід Судаленка згадвае абавязак раз на тыдзень з’яўляцца ў РАУС для «прафілактычных» мерапрыемстваў — патрыятычныя стужкі, альбо кіно пра наркаманаў, і г.д.

— Калі я запытаў, чаму зладзілі такую «хатнюю хімію», адказалі, што я выйшаў у статусе злоснага парушальніка, які не стаў на шлях выпраўлення, таму, маўляў, дзякуйце Богу, што так, а не горш атрымалася, — распавядае Леанід Судаленка. — Казалі, што будуць кантраляваць усе мае выдаткі, нават тыя грошы, што кладу на тэлефон.

Новай карткі я не спрабаваў завесці, на рахунках нічога не было, таму нават не ведаю, што цяпер з імі — але, наколькі ведаю, паводле закону аб супрацьдзеянні экстрэмізму ў сілавікоў сапраўды ёсць права кантраляваць усе выдаткі.

«Нават калі чалавек хацеў бы пачаць жыццё з новага ліста — у яго забіраюць гэтыя магчымасці»

— Працу фактычна немагчыма знайсці, а праваабарончая дзейнасць, якой я займаўся апошнія 20 год, прыраўнаная да крымінальных злачынстваў — нават калі б паклаў дыплом у кішэню і пайшоў на «Гомсельмаш», ні юрысконсультам, ні дворнікам, мабыць, не ўзялі б.

Як я чуў ад былога «сядзельца», усіх «экстрэмістаў» і «тэрарыстаў» прыцягваюць да грамадскіх прац — яны тупа штодня зграбалі лістоту ў парку, бясплатна. І сказалі: пакуль не ўладкуецца на працу, так і працягнуць рабіць.

— Прабачце, а як уладкавацца на працу, калі чалавека кожны дзень прымусова вядуць на зграбанне лістоты?

— Так, гэта і ёсць замкнёнае кола.

Фактычна, людзей проста выпіхваюць з краіны — пры гэтым выезд, як мы помнім, абмежаваны, даводзіцца ўцякаць з дапамогай BYSOL. То бок, нават калі чалавек адсядзеў ад званка да званка, і хацеў бы «выправіцца», пачаць з чыстым сумленнем жыццё з новага ліста — у яго, па сутнасці, забіраюць гэтыя магчымасці.

Любое парушэнне — не быў дома падчас праверкі, ці быў нецвярозы, ці нешта іншае — аўтаматычна цягне 15 содняў арышту, ці 100 базавых велічыняў штрафу. А калі парушэнняў тры — гэта лічыцца парушэннем умоў прэвентыўнага нагляду, ёсць спецыяльны артыкул 430, паводле якога могуць даць новы тэрмін і строгі рэжым.

Атрымліваецца, што палітзняволеныя ў Беларусі сядзяць без злачынстваў — а калі выходзяць на волю, рэпрэсіі ў дачыненні да іх працягваюцца. Яны ўжо выйшлі за межы краіны: так, мяне пасля ад’езду зноў судзілі, да 5 год строгага рэжыму, абвясцілі ў вышук у беларускіх і расейскіх базах, нават зямельны надзел, які мне належыць пажыццёва, на 100 год, арыштавалі ў межах новай крымінальнай справы.

— Я пазбаўлены магчымасці жыць разам з сям’ёй, выхоўваць свайго няпоўнагадовага сына. Самае страшнае — маёй маці ўжо 87 год, і калі, крый божа, яна памрэ, я буду пазбаўлены нават развітацца з самым родным чалавекам. Я ж не магу паехаць нават на пахаванне: як толькі памежнік у Каменным Логу пакладзе пашпарт на сканер, адразу арыштуюць — і не дадуць магчымасці развітацца з маці.

Больш за тое, 5 год у маім узросце, з той медыцынай, якая ёсць у вязніцах (а я яе бачыў, яе там няма) — фактычна, смяротны прысуд і для мяне.

«Я гатовы адказваць перад незалежным судом, але ў Беларусі няма незалежнага і справядлівага суда»

— Атрымліваецца, што праявы «гуманізму» ад рэжыму — насамрэч праявы цынізму, і людзям у тым ліку на волі ствараюць невыносныя ўмовы для жыцця ў Беларусі.

— Які гуманізм, калі рэпрэсіі працягваюцца. У верасні чарговых 30 вязняў памілавалі — а 38 затрымалі, кожны дзень адбываюцца суды адміністрацыйныя.

Ужо нават у школах пачалі затрымліваць і правяраць мабільнікі, на што дзеці падпісаныя — рэпрэсіі не дайшлі хіба да дзіцячых садкоў.

Мы знаходзімся зараз на такім адрэзку найноўшай беларускай гісторыі, у якім, як бы пафасна не гучала, ідзе вайна дабра і зла. Прычым дабро — гэта мы, рэпрэсаваныя, а зло — гэты яны, Дразды і ўсё атачэнне Лукашэнкі, сілавікі, якія фактычна тэрарызуюць пэўную групу беларусаў.

Я ўпэўнены, што гэты перыяд не будзе доўгім, але проста тут і цяпер ён працягваецца.

І тое, што Літва падала дакументы ў Гаагу, у Міжнародны крымінальны суд — гэта добра, таму што рэчы названыя сваімі імёнамі: «злачынствы супраць чалавечнасці». За што мне далі яшчэ гадоў, калі я не здзяйсняў аніякага злачынства — за тое, што не маўчу? Так у Літве, у іншых цывілізаваных краінах гэта называецца свабодай меркавання і не з’яўляецца крымінальным злачынствам.

Я гатовы стаць і адказваць перад незалежным судом — але няма такой магчымасці, бо ў Беларусі няма незалежнага і справядлівага суда... Таму, людзі, калі вы хочаце вярнуцца ў Беларусь — не едзьце ў засценкі, у пастку да людажэраў, ёсць іншыя спосабы, як дапамагчы беларусам і сваёй краіне.