Политика
Анастасія Зелянкова, Вячаслаў Карасёў

Суд вызваліў Фінькевіча

Калегія Магілёўскага абласнога суда ў крымінальных справах пастанавіла вызваліць моладзевага актывіста Артура Фінькевіча. Як паведаміў “Салідарнасці” палітык Вячаслаў Сіўчык, зараз Фінькевіч ужо знаходзіцца на свабодзе.

5 лютага калегія Магілёўскага абласнога суда ў крымінальных справах разгледзела касацыйную скаргу актывіста незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” і адмяніла папярэдняе рашэнне суда.

Летась 20 снежня Кастрычніцкі суд Магілёва прыгаварыў Артура Фінькевіча да 18 месяцаў зняволення з адбываннем пакарання ў калоніі агульнага рэжыму. Яго прызналі вінаватым па артыкуле “Ухіленне ад адбывання пакарання”.

З 26 кастрычніка Артур Фінькевіч утрымліваецца ў Магілёўскай следчай турме № 4. Да гэтага з мая 2006 года актывіст адбываў два гады “хіміі” за графіці палітычнага зместу ў Магілёўскай спецкамендатуры № 43.

Такім чынам, за няпоўныя тры тыдні на волю выйшлі чатыры палітвязня: 18 студзеня — прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч, 23-га — лідэр незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт Зміцер Дашкевіч, 25-га — калега Аўтуховіча Юрый Лявонаў, 5 лютага — Артур Фінькевіч. У той жа час за краты трапіў актывіст апазіцыі Андрэй Кім. Ён быў затрыманы 21 студзеня за ўдзел у акцыі пратэсту прадпрымальнікаў і пасля 10-сутачнага арышту змешчаны ў СІЗА па абвінавачванні паводле артыкула 364 Крымінальнага кодэкса (гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка міліцыі). Максімальны тэрмін пакарання — шэсць гадоў пазбаўлення волі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)