Скандалы
Іна Студзінская, ”Радыё Свабода”

Суд прызнаў звальненьне актора Паўла Харланчука законным

Cудзьдзя Маскоўскага раённага суду Юры Шастакоў адмовіў у задавальненьні пазову аб аднаўленьні на працы звольненага актора Нацыянальнага драматычнага рускага тэатру імя Горкага Паўла Харланчука. Ляўрэат шматлікіх міжнародных тэатральных конкурсаў і прэміяў, артыст вышэйшай катэгорыі Павал Харланчук падчас сакавіцкіх пратэстаў 2006 году быў на Кастрычніцкай плошчы. Пасьля разгону намётавага лягеру ён адседзеў 10 сутак арышту.

26 сьнежня 2006 году Паўла Харланчука звольнілі з Рускага тэатру з фармулёўкай “у сувязі з неадпаведнасьцю пасадзе”. 29-гадовы Павал Харланчук вельмі хутка зрабіў тэатральную кар’еру: атрымаў два дыплёмы Беларускай акадэміі мастацтваў — акторскі і рэжысэрскі, паставіў некалькі дзіцячых спэктакляў, яму была прысвоена вышэйшая акторская катэгорыя, ён зьняўся ў папулярнай тэлерэкляме... І раптоўна аказаўся "прафэсійна непрыдатным", паводле фармулёўкі аб звальненьні. Актор зьвярнуўся ў суд, які прызнаў звальненьне актора законным. Павал Харланчук падзяліўся сваімі ўражаньнямі ад судовага паседжаньня:

“Такія сьведчаньні былі, што ўсё было відавочна: гэта ўсё надумана. І такі парадаксальны вынік! Нават на першым паседжаньні судзьдзя папярэдзіў, каб не сьмяяліся. Сьведкі ціснулі на тое, што ўсё добра прафэсійна. Але два спэктаклі замяніць — гэта нельга, гэта б’е па іміджу тэатру! Юрыст пытаўся: “Ці ўплывае гэта на стан прафэсійны акторскі, што ён не ўдзельнічае ў пастаноўках?” Яны адказвалі: “Канечне! Калі машына ня езьдзіць — яна ламаецца. Калі актор ня грае — ён дэградуе”.

Адвакат Харланчука Павал Сапелка гатовы далей адстойваць інтарэсы свайго падабароннага:

“На мой погляд, рашэньне суду зьяўляецца незаконным і неабгрунтаваным, Харланчук з маёй дапамогай яго будзе абскарджваць да апошняй інстанцыі — да старшыні Вярхоўнага Суду ў парадку нагляду. Тое, што парадак звальненьня быў груба парушаны — для мяне гэта відавочна”.

Пасьля адбыцьця пакараньня летась Павал працягваў ўдзельнічаць у спэктаклях Рускага тэатру, ставіў новыя дзіцячыя пастаноўкі:

“Я працаваў у гэтыя паўгоду. І нават новую ролю мне далі. І зноў у верасьні нешта пачалося. Нейкі загад пайшоў зьверху праз паўгоду”.

У канцы верасьня ў Паўла пачаліся праблемы: яго зьнялі з пастановак, справу разглядалі спачатку на паседжаньні мастацкай рады. Кажа адвакат Павал Сапелка:

“Калі старшыня прафкаму кажа — і гэта зафіксавана ў пратаколе мастацкай рады — “Мы цябе паводле закону звольніць ня можам, але гэта палітыка, гэта ідэалёгія”. І гэта прафкам, які павінны стаяць на абароне інтарэсаў наёмных працаўнікоў!”

Пэрсанальную справу актора Харланчука разглядалі на атэстацыйнай камісіі. Паводле палажэньня, туды ўваходзяць прадстаўнікі наймальніка, прадстаўнікі адміністрацыі тэатра і грамадзкіх структур. Але ў камісію чамусьці быў уключаны першы намесьнік міністра культуры Уладзімер Рылатка, паведаміў адвакат Павал Сапелка:

“Спадар Рылатка першым выступіў, зачытаў гатовую фармулёўку высноваў атэстацыйнай камісіі, якая нават прыкладзеная да пратаколу і матэрыялаў справы — нават не пасаромеліся. І ўсё! А далей што абмяркоўваць? А потым той самы старшыня прафкаму кажа: “Я ня мог пайсьці супраць меркаваньня кіраўніцтва”. Гэта зафіксавана на аўдыёзапісу судовага паседжаньня”.

Некаторыя акторы тэатру прыйшлі ў суд абараняць Харланчука: народныя артысты Аляксандар Ткачонак і Вольга Клебановіч, заслужаная артыстка Алімпіяда Шах-Парон сказалі, што пасьля звальненьня Паўла дагэтуль не ідуць такія папулярныя спэктаклі, як “Дзядзічкаў сон”, “Адзіны спадкаемца” і “Даходнае месца”, бо ў тэатры ня могуць знайсьці паўнавартасную замену Паўлу Харланчуку.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)