Политика
Юлія Аляксандрава

Суд працягне разглядаць справу Андрэя Кіма

У аўторак суд Цэнтральнага раёну Менску разглядаў справу моладзевага актывіста Андрэя Кіма. Дзве крымінальныя справы ў яго дачыненні аб’ядналі, таму працяг судовай справы адбудзецца мінімум праз пяць дзён.

Як паведамляе ”Наша нiва”, месца ў залі суда хапіла не для ўсіх, таму падтрымлівалі Андрэя Кіма падчас разгляду яго справы і на вуліцы, пад вокнамі залі. “Андрэй сядзіць у судовай клетцы, пастрыжаны, не выглядае поўнасьцю здаровым чалавекам. На ім апранута майка Маладога Фронту: "Дзе дух Гасподні — там свабода". На пытаньні адказвае па-расейску.”, — передае з залі суда журналіст газеты.

Непасрэдна ў залі суда прысутнічалі Аляксандр Мілінкевіч, Вінцук Вячорка, Лявон Баршчэўскі, Мікола Статкевіч. Унізе былі заўважаныя Анатоль Лябедзька, Зміцер Хведарук, Ігар Рынкевіч.

Нягледзячы на хадатайніцтва адвакаткі Андрэя Кіма аб вызваленні пад залог з утрыманнем пад вартай, мера стрымання падабароннага змененая не была. Дзве крымінальныя справы, заведзеныя супраць Андрэя аб’ядналі ў адну. Яе разгляд працягнецца мінімум праз 5 дзён.

Нагадаем, што Андрэй Кім быў затрыманы і арыштаваны на 10 сутак за ўдзел у несанкцыяванай акцыі, пасля — змешчаны ў следчы ізалятар на вуліцы Валадарскага. Хлопца абвінавацілі за парушэнне па арт. 364 КК РБ («гвалт, альбо пагроза гвалту ў адносінах да работніка міліцыі»), паводле якога яму пагражае да 6 год турмы. Ужо падчас зняволення супраць Кіма была заведзена яшчэ адна крымінальная справа: за ўдзел у вулічнай акцыі падчас мітынга прадпрымальнікаў 10 студзеня.

Па іроніі лёсу Андрэя судзілі ў былым будынку Нацыянальнага гуманітарнага Ліцэя імя Якуба Коласа, дзе ён калісцi вучыўся.

Пад вокнамі суду людзі трымалі расцяжку “Свабоду Андрэю Кіму” і скандавалі гэты лозунг. Аднак маладыя людзі неўзабаве былі адцісненыя міліцыяй.

Між тым, падтрымліваюць зняволенага хлопца не толькі ў межах залі суда і каля яго. Як паведамляе расійскі інтэрнэт-партал “Оборона”, 1 красавіка маскоўскія актывісты правялі акцыю ля амбасады Беларусі ў Расіі з патрабаваннем вызваліць Андрэя Кіма.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)