Политика
Анастасія Зелянкова

Суд пазбавіў кампанію «Гавары праўду» легітымнасці

Гаспадарчы суд Мінска ліквідаваў «Рух наперад», дырэктарам якога з’яўляецца кандыдат ў прэзідэнты Уладзімір Някляеў. На яго думку, гэта чарговая спроба ўладаў абмежаваць актыўнасць кампаніі ў выбарах.

12 кастрычніка суд задаволіў пазоў Мінгарвыканкама і пазбавіў дзяржаўнай рэгістрацыі грамадскага аб’яднання «Рух наперад», якое ініцыявала кампанію «Гавары праўду». Прэтэнзіяй гарадскіх уладаў сталі нібыта несапраўдныя звесткі для рэгістрацыі установы. У прыватнасці адзначалася, што аб’яднанне заключыла дамову арэнды па праспекце Машэрава, 54-5, ведаючы, што гэтыя памяшканні з’яўляюцца гандлёвымі плошчамі, што забаронена. Довады прадстаўнікоў арганізацыі, што нідзе заканадаўча не прапісана, якія памяшканні могуць выкарыстоўвацца як адміністрацыйныя, суд не прыняў.

Кандыдат у прэзідэнты Уладзімір Някляеў нават не сумняваецца, што прычынай ліквідацыі арганізацыі стала менавіта палітычная кампанія.

— Гэта спроба абмежаваць нашу актыўнасць удзелу ў выбарах, — так пракаментаваў “Салідарнасці” рашэнне суда Уладзімір Някляеў. — Гэта пазбаўляе сяброў кампаніі легітымнасці і мы не можам дзейнічаць ад імя гэтай арганізацыі. Але тут ёсць два моманты: усе сябры кампаніі сёння з’яўляюцца сябрамі ініцыятыўнай групы Уладзіміра Някляева і будуць імі да таго моманту, пакуль Уладзімір Някляеў не стане прэзідэнтам ці... А другога “ці” і быць не можа.

Нагадаем, “Рух наперад” спрабавалі ліквідаваць яшчэ летам. Аднак тады суд прыняў рашэнне на карысць арганізацыі.

Па словах лідэра “Гавары праўду”, сённяшняе рашэнне суда не асабліва адаб’ецца на дзейнасці кампаніі.

— Калі б арганізацыю ліквідавалі на пачатку лета, на першым судзе, тады ў нас ўзніклі б даволі істотныя праблемы, перш за ўсё арганізацыйнага кшталту. Трэба было б займацца перафармаваннем кампаніі. Цяпер жа мы былі падрыхтаваныя да такога рашэння і збіраемся стаць на гэтыя ўжо падрыхтаваныя пазіцыі. Будзем доўжыць нашу дзейнасць у межах іншай юрыдычнай установы, куды асобным пунктам будзе ўпісана дзейнасць кампаніі “Гавары праўду”. Дарэчы, гэта ўжо зроблена. Рух наперад будзе працягвацца.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)