Политика
Анастасія Зелянкова

Суд над Вiнцуком Вячоркам і Вячаславам Сіўчыкам перанесены

Суд Савецкага раёна перанёс разгляд справы Вінцука Вячоркі і Вячаслава Сіўчыка на 4 красавіка. Такое рашэнне суд прыняў у сувязі з тым, што Вінцук Вячорка па прычыне хваробы ў суд не з’явіўся, а Вячаслаў Сіўчык спазніўся на судовае пасяджэнне.

Нагадаем, палітыкі абвінавачваюцца ў дробным хуліганстве. Яны былі затрыманы супрацоўнікамі міліцыі 13 сакавіка. Вінцука Вячорку затрымалі, калі ён вяртаўся дадому са сваімі дзецьмі. Паводле пратаколу, ён нецэнзурна лаяўся.

Вячаслаў Сіўчык быў затрыманы на праспекце Незалежнасці паблізу помніка Якуба Коласа на падставе того, што ён нібыта падобны на злачынцу. Ужо ў следчым ізалятары Сіўчык даведаўся, што яго абвінавачваюць у дробным хуліганстве за непрыстойныя паводзіны і лаянку. Суткі обдва палітыкі правялі на Акрэсціна, пасля чаго былі адпушчаныя пад падпіску аб нявыездзе.

Сёння Вінцук Вячорка ў суд не з’явіўся. Па словах адваката, ён моцна захварэў і таму не мог прысутнічаць на судовым пасяджэнні.

Вячаслаў Сіўчык на суд з’явіўся. Аднак суддзя палічыла, што ён спазніўся і таму вырашыла перанесці суд.

— Я нікуды не спазняўся, — адзначыў у размове з карэспандэнтам “Салідарнасці” Вячаслаў Сіўчык. — Усе мяне бачылі ў судзе: я стаяў на ганку і чакаў адваката. Проста справа была ў тым, што рашэнне перанесці суд падрыхтавалі яшчэ загадзя — яны былі ўпэўненыя, што я на суд не прыйду. А я вось прыйшоў. Што ж ім заставалася рабіць?

У сувязі з пераносам суда 25 сакавіка Сіўчык збіраецца адзначыць Дзень волі на плошчы.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)