Общество
Анастасія Зелянкова

Суд над Канстанцінам Лукашовым перанесены

Суд над Канстанцінам Лукашовым перанесены на 9 ліпеня. Такое рашэнне прыняла суддзя Жулкоўская ў сувязі з тым, што пацярпелы не з’яўвіся ў суд.

Сёння ў судзе Ленінскага раёна Мінска павінна была паўторна разглядацца справа Канстанціна Лукашова. Як вядома, 20 лютага суд пакараў Лукашова зняволеннем на два гады з адтэрміноўкай выканання прысуду на два гады. Грамадскага актывіста прызналі вінаватым у парушэнні артыкула 364 Крымінальнага кодэксу (супраціўленне міліцыі).

Інцыдэнт адбыўся 29 сакавіка мінулага года, калі Лукашоў, вывозячы з бальніцы свайго брата Вячаслава Сіўчыка, не пагадзіўся спыніць аўтамабіль па патрабаванні чалавека ў цывільным (як потым высветлілася, супрацоўніка міліцыі). Два месяцы Канстанцін Лукашоў правёў ў следчым ізалятары. З зала суда ён выйшаў на волю і вырашыў абскардзіць судовае рашэнне.

У красавіку Калегія Мінскага гарадскога суда адмяніла прыгавор Канстанціну Лукашову і прызначыла паўторны суд.

Аднак сёння справа так і не разглядалася, паколькі пацярпелы на суд не з’явіўся.

— Нам заявілі, што ён у службовай камандзіроўцы, — расказаў “Салідарнасці” брат Канстанціна Лукашова Вячаслаў Сіўчык. — Аднак мы мяркуем, што суд яшчэ загадзя планаваў перанесці разгляд справы — ніхто са сведкаў нават не атрымаў павесткі. На жаль, зразумець логіку нашай судовай сістэмы немагчыма.

Паўторны разгляд справы павенен адбыцца 9 ліпеня.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)