Общество
Алесь Міхалок, Салігорск.org

Суд аштрафаваў абаронцаў лесу за збор подпісаў

10 студзеня Салігорскі суд аштрафаваў дэмакратычных актывістаў Уладзіміра і Сьвятлану Шылаў, а таксама праваабаронцу Аляксея Валабуева на агульную суму 2275000 рублёў за збор подпісаў супраць вырубкі лесу.

У канцы лістапада з дазволу мясцовых ўладаў у горадзе быў зьнішчаны значны масіў лесапаркавай зоны пад будаўніцтва жытла. Грамадзкасьці гораду стала вядома аб рашэньні па далейшай вырубцы прыродаахоўчых лясных масіваў, што сталася прычынай актыўнага супраціву гэткім плянам кіраўніцтва раёну.

Больш за два дзясяткі грамадзкіх актывістаў выступілі з адкрытым лістом супраць заганнай практыкі зьнішчэньня зялёных зонаў у Салігорску. Мясцовыя актывісты распачалі актыўны збор подпісаў пад адмысловым зваротам.

- Кожны чалавек мае права на здаровае навакольнае асяродзьдзе. Каб гэта давесьці, мы падалі заяўку на пікет у Міжранодны дзень правоў чалавека. Нам адмовілі. Таму мы вырашылі проста зладзіць збор подпіса каля Кастрычніцкага рынку. Аказваецца і гэта ў нашай краіне цяпер караецца мільённымі штрафамі, - абураецца Уладзімір Шыла. - На мой запыт, якім жа чынам мне цяпер зьбіраць подпісы супраць вырубкі лесу, судзьдзя адно толькі сарамліва разьвёў рукі ўбокі.

Праваабаронца Аляксей Валабуеў схільны зьвязваць гэткую жорсткую рэакцыю на банальны збор подпісаў з апошнімі пасьлявыбарчымі падзеямі:

- Гэтыя штрафы абсурдныя па сваёй сутнасьці, але ж з 19-га сьнежня мы жывем у краіне татальнага абсурду. Улады імкнуцца "закруціць гайкі" па максымуму па ўсіх накірунках. Збор подпісаў адбываўся 12 снежня, а пратаколы былі складзены толькі ў канцы месяца. Відавочна, калі ўжо пачаліся татальныя зачысткі па ўсёй каріне, дык узгадалі і пра гэты выпадак. Дзясяткі аналягічных мерапрыемстваў па зборы подпісаў у апошнія гады ніколі не выклікалі такой нэрвовай рэакцыі ўладаў, тым больш постфактум.

Актывісты зьбіраюцца абскардзіць дадзеныя рашэньні Салігорскага суда ў вышэйшай інстанцыі. Як сьведчыць практыка, шанцы на станоўчы вынік усё ж мізэрныя, таму Аляксей Валабуеў не выключае магчымасьці накіраваньня адмысловых скаргаў з гэтай нагоды ў Камітэт ААН па правах чалавека.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)