«Сучаснай Манголіі наўрад ці даспадобы прамовы Лукашэнкі. Яго падыход патыхае каланіялізмам і ксенафобіяй»
Палітолаг Анатоль Котаў у каментары Филину — пра прыватныя эканамічныя інтарэсы і дыпламатыю слана ў пасуднай лаўцы ад правіцеля.
На гэтым тыдні працягваецца афіцыйны візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Манголію. І хоць прэс-служба правіцеля бадзёра рапартуе аб поспехах — маўляў, дамовіліся аб пастаўках беларускай тэхнікі, ёсць планы супрацоўніцтва ў сферах бяспекі і аховы парадку, навукі і культуры, аховы прыроды, спорту і турызму — профіт ад гэтага ваяжу з кожным днём выглядае ўсё больш сумнеўным.
Як ужо згадвалася, гандлёвыя стасункі Беларусі і Манголіі не ўражваюць маштабамі: таваразварот за 2021 год складаў менш як $50 млн, а па выніках 2023 года і таго меней — каля $30 мільёнаў.
Дый палітычныя перспектывы збліжэння, колькі б Лукашэнка не сцвярджаў «мы самыя блізкія вашы браты і сябры», мякка кажучы, няпэўныя. Нездарма ж яшчэ да паездкі беларускага правіцеля экс-прэзідэнт Манголіі Цахіагійн Элбэгдорж заклікаў выканаць Рымскі статут і арыштаваць Лукашэнку ва Улан-Баторы, а некаторыя мангольскія медыя — сюрпрыз! — не разліліся ялеем, а негатыўна выказаліся наконт прыезду правадыра рэжыму-суагрэсара ў вайне ва Украіне.
Што па выніку цяперашні візіт дасць рэжыму і асабіста правіцелю, Филин абмеркаваў з палітолагам Анатолем Котавым.
— Беларуска-мангольскае супрацоўніцтва ў галіне эканомікі не можа ўражваць лічбамі, — зазначае суразмоўца, — і ў тым, аб чым бакі дамаўляліся (пастаўкі БЕЛАЗаў, сельгастэхнікі), фактычна няма нічога новага, хіба за выключэннем пажарнай тэхнікі.
Але ж гаворка, на маю думку, збольшага ідзе пра схемы, дзе зарабляла не Беларусь, не беларускія прадпрыемствы, а менавіта сям’я Лукашэнкі. Бо БЕЛАЗамі займаўся фактычна «Прэзідэнцкі спартыўны клуб» на чале з Дзмітрыем Лукашэнкам.
А за беларуска-мангольскія сувязі, фармальныя і нефармальныя, адказваюць людзі з Беларускай федэрацыі самба, дзякуючы асабістым дачыненням па спартыўнай лініі.
То бок, аб’ёмы гандлю датычна беларускага бюджэту сціплыя, але гэта і не для бюджэту робіцца. Тут асабісты інтарэс, і дадатковыя некалькі мільёнаў, ці дзясяткаў мільёнаў, у прыватную кішэню — не так ужо і блага. Адзінае, што, канешне, для гэтага не мусіць выкарыстоўвацца дзяржаўны лабізм — але ж мы ведаем, пра якую краіну і пра якую сістэму мы гаворым.
Зрэшты, пэўныя рэчы залежаць і ад палітычнай кан’юнктуры. Далёка не факт, што тыя, хто кіруе Манголіяй зараз, перамогуць на парламенцкіх выбарах, якія неўзабаве адбудуцца. У Манголіі насамрэч больш дэмакратыі, чым у Беларусі, таму пэўныя спічы Лукашэнкі былі вельмі недарэчнымі — ён проста не разумее, куды ён прыехаў.
— Лукашэнка паскардзіўся на мясцовых журналістаў за крытыку і правёў паралелі паміж сучаснай Расіяй і Мангольскай імперыі часоў Чынгісхана — маўляў, і тыя, і тыя абараняюць сваё. Але ў Манголіі, якая абрала нейтральную пазіцыю адносна вайны ва Украіне, наўрад ці радыя гэтаму параўнанню?
— Можна было б параіць спадару Лукашэнку часцей ездзіць па свеце, каб не заставацца ў палоне ўяўленняў пра пэўныя краіны канца 70-80-х гадоў мінулага стагоддзя — такіх, як Манголія, В’етнам, Кітай і іншыя. Бо калі краіна абірае сваім шляхам развіццё і падвышэнне дабрабыту, а не войны з суседзямі і пераход да моцнага аўтарытарызму — яна насамрэч развіваецца.
Сучасная рэчаіснасць, праз 50 год пасля таго, як Лукашэнка нешта чытаў пра гэтыя краіны ў даведках ГА «Веды», зусім іншая. У іх ёсць свая гаспадарка, эканоміка, свой асаблівы курс на развіццё стасункаў з цывілізаваным светам, які вельмі адрозніваецца ад таго, у чым фактычна захрасла і Расія, і Беларусь пры Лукашэнку.
Манголія шукае свой шлях у міжнароднай супольнасці, з пункту гледжання прывабнасці для замежных інвестыцый. І тут развіваюць не толькі сферы, цікавыя для Лукашэнкі, кшталту здабычы карысных выкапняў, але і больш перадавыя, як ІТ-індустрыя. У апошняй Манголія цяпер больш прывабная, на жаль, чым Беларусь.
Таму згадкі пра далёкае мінулае і нейкія імперскія штукі недарэчныя. Мне вось вельмі цікава: Лукашэнку паказвалі мапу Мангольскай імперыі і як яна расла — дзе там, на гэтай мапе, была Расея?
Што да заяваў пра адбудову імперыі і вяртанне «карэнных земляў» — пра гэта вельмі добра яшчэ паўгады таму патроліў Расею экс-прэзідэнт Манголіі: маўляў, калі Манголія пачне адбудоўваць свае гістарычныя межы, то Расіі не будзе, яна звядзецца да аднаго з улусаў Арды.
Так што сучаснай Манголіі наўрад ці даспадобы прамовы Лукашэнкі, а падыход з пункту гледжання «белага чалавека» сур’ёзна патыхае каланіялізмам і ксенафобіяй.
— З улікам усіх акалічнасцяў, якім будзе палітычны выхлап у гэтага візіту? Атрымаецца ў Лукашэнкі дасягнуць сваіх мэтаў, ці паспяховым ваяж стане адно ў люстэрку беларускай прапаганды?
— Ва ўяўленні беларускай прапаганды — гэта, канешне, поспех, бо яшчэ ў адной краіне Лукашэнку прынялі. Міжнародных візітаў у яго не так шмат, можна пералічыць па пальцах: яшчэ ў Паўночную Карэю ці ў Зімбабве можа з’ездзіць, астатнія маршруты па-за межамі сучаснага рэжыму.
Безумоўна, ніякі гэта не прарыў. У знешнім гандлі нічога кардынальна не зменіцца, не вырасце ў разы. У палітычным плане — мяркуючы па тым, што на парламенцкіх выбарах у Манголіі найхутчэй будзе новае разданне карт, то і тут выхлап будзе альбо каля нуля, альбо адмоўны.
Падводзячы рэзюмэ, Анатоль Котаў зазначае: ваяж Лукашэнкі ў Манголію атрымаўся вельмі няўдалай гісторыяй, але пры тым вялікая дэлегацыя з’ездзіла «парашаць пытаннечкі» для свайго ўласнага бізнесу. Для Беларусі ж ад гэтай паездкі, хутчэй за ўсё, не зменіцца анічога.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное