Общество
Віталіна Грахоўская, Еўрапейскае радыё для Беларусі

Студэнты згубяць сваю стыпендыю

Еўрарадыё падлічыла, як скажацца на фінансавым становішчы беларусаў новы законапраект “Аб сацыяльных ільготах”.

Відаць, наймацней змены на сабе адчуюць студэнты. Гаворыць ураджэнка Гродна студэнтка 5-га курса БДУ Вольга:

“Маршрутка да Гродна каштуе амаль 40 тысяч. Калі я еду ў выхадны дзень, то магу дазволіць сабе квіток за 20 тысяч. Раней я ездзіла кожныя два тыдні дамоў. Плюс яшчэ праезды ў гарадскім транспарце.

Атрымліваецца, мінімум кожны дзень ездзіць на аўтобусе на заняткі і назад. Нават калі гэта тысяча ў дзень эканоміцца, то за месяц гэта ўжо 30 тысяч. Калі палічыць у суме, то гэта 70 тысяч эканоміі ў месяц. Гэта сярэдняя стыпендыя, якую атрымлівае студэнт”.

“Упарадкаванне” льготаў таксама адчуюць на сабе ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і былыя вязні фашыцкіх канцлагераў. Істотнай для іх будзе адмена 50-адсоткавай аплаты за камунальныя паслугі. На ёй, жывучы ў двухпакаёвай кватэры, за год можна зэканоміць каля паўмільёна.

Прычым, адмену льготаў намесніца кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта апраўдала так: “Можна захаваць ільготы, але мы адпаведна атрымаем жыроўкі ў тры-чатыры разы большыя”. Відаць, Наталля Пяткевіч не ўлічыла, што ветэраны і былыя вязні таксама аплочваюць камунальныя плацяжы.

Аднак некаторыя льготы прымяняліся нерацыянальна, лічыць Ніна Ігнатовіч. Яе бацька — ветэран вайны, інвалід 2-й групы, маці — былая вязень канцлагера, інвалід 1-й групы. Гаворыць Ніна Ігнатовіч:

“Мама 4 гады ўжо ляжыць пасля інсульту. То ёй, напрыклад, бясплатны праезд у гарадскім транспарце не патрэбны. І лепш бы далі ёй дапамогу на вітаміны ды на памперсы. Ці бясплатнае пратэзаванне зубоў. На бясплатнае заўсёды была чарга. А чалавек у такім узросце ўжо не можа чакаць. І мой бацька ставіў пратэзы за грошы. І ніхто яму гэтыя грошы не вяртаў”.

Не магла напоўніцу карыстацца льготамі на лекі для дзяцей і Ніна Турковіч, мама трохгадовай Паліны:

“У мяне дзіця вельмі сур’ёзна хварэла да года. Тыя лекі, якія нам былі патрэбныя, — дарагія, эфектыўныя, лекар не магла выпісаць, таму што, з яе словаў, у іх ёсць пералік неабходных танных лекаў. І вось тыя, якія можна было, яна выпісвала. Самае простае, якую-небудзь прысыпку ці ёд — тысячу ці дзве можна было зэканоміць, не больш. Я адкрыла сваю карту бясплатных рэцэптаў. У нас там капейкі”.

Цяпер палічым, колькі можа згубіць пры адмене льготаў абстрактная сям’я, напрыклад, з Гродна. У сям’і жыве бабуля — ветэран вайны, мама, тата, студэнт, які вучыцца ў Мінску, і школьнік. Бабуля згубіць на камунальных плацяжах каля 70 тысяч у месяц, студэнт на праездзе такую ж суму.

Школьнік, які, уявім, ездзіць у гімназію, на праездзе згубіць 13 тысяч. І бабуля на паездках можа згубіць, да прыкладу, не больш за 5 тысяч. Уся сям’я цалкам губляе каля 160 тысяч у месяц.

ДАДАТАК:

Ільготы, якія збіраюцца адмяняць:

Інваліды 1-й і 2-й групаў:

— 50-адсоткавая зніжка на аплату тэлефона (скідка давалася тым інвалідам, якія жылі з непрацаздольнымі чальцамі сям’і);

— 50-адсоткавая зніжка на праезд унутры краіны з 1 кастрычніка па 15 траўня і адзін раз у астатні час;

— бясплатнае ці ільготнае пазачарговае ўсталяванне тэлефонаў;

— чальцы сем’яў інвалідаў пазбаўляюцца ільготы ў выглядзе аплаты 20 кв.м жылой плошчы.

Інваліды 3-й групы:

— 50-адсоткавая зніжка на лекі;

— бясплатнае зубапратэзаванне.

Дзеці-інваліды:

— 50-адсоткавая зніжка на праезд па краіне;

— выплата штогадовай грашовай кампенсацыі на транспартнае абслугоўванне (гэтая ільгота давалася людзям з хворымі ныркамі).

Ліквідатары аварыі на ЧАЭС пазбаўляюцца ўсіх ільготаў.

Ліквідатары, якія сталі інвалідамі:

— бясплатныя лекі, якія выдаюцца па рэцэптах дактароў;

— бясплатны праезд ад месца жыхарства да месца лячэння, абследавання і назад;

— бясплатны праезд раз у год па Беларусі;

— тыя, хто жыве з працаздольнымі сваякамі, пазбаўляецца права на 50-адсоткавую зніжку з аплаты на камунальныя паслугі;

— не будуць кампенсавацца выдаткі, звязаныя з абслугоўваннем дома адзінокага хворага інваліда, якому патрэбны догляд;

— аплочваны бальнічны лісток для працуючых на перыяд лячэння і выплаты дапамогі па сацыяльным страхаванні;

— беспрацэнтная пазыка на будаўніцтва жытла з пагашэннем 50-адсоткавай пазыкі за кошт бюджэту;

— штогоадовая аднаразовая выплаты на аздараўленне;

— асобных ільготаў пазбаўляюцца блізкія сваякі загінулых інвалідаў-ліквідатараў.

Навучэнцы і студэнты:

— 50-адсоткавая зніжка на праезд у гарадскім і прыгарадным транспарце;

— 50-адсоткавая зніжка на праезд унутры краіны з 1 кастрычніка па 30 чэрвеня па суботах, нядзелях і святах. Вочнікі губляюць права і на 50-адсоткавую зніжку на квіткі, якая давалася з 1 студзеня па апошні дзень лютага — ва ўсе дні тыдня, падчас зімовых вакацыяў.

Дзеці:

— дзеці да трох гадоў пазбаўляюцца бясплатных лекаў.

Ветэраны працы:

— лекі, якія выдаваліся з 50-адсоткавай зніжкай людзям, якія дасягнулі 70 гадоў;

— бясплатны выраб і рамонт зубных пратэзаў;

— 50-адсоткавыя зніжкі на кошт праезду ў гарадскім транспарце.

Былыя вязні фашысцкіх лагероў, турмаў, гета:

— бясплатныя лекі, якія выдаюцца па рэцэптах дактароў;

— бясплатны праезд у гарадскім і прыгарадным транспарце. Жыхары сельскай мясцовасці — у аўтобусах у межах раёну;

— бясплатны раз на год праезд па тэрыторыі краіны;

— 50-адсоткавыя зніжкі для інвалідаў і непрацаздольных чальцоў сем’яў, якія жывуць разам з імі, на камунальныя паслугі;

— 50-адсоткавая зніжка на аплату кватэрнага тэлефона.

Людзі, якія жывуць у зоне першачарговага і наступнага адсялення:

— правы на бясплатныя лекі, якія выдаюцца па рэцэптах дактароў;

— бясплатнае ўтрыманне дзяцей у дзіцячых садках і летніках;

— павялічаная на 100 адсоткаў дапамога на дзяцей малазабяспечаным сем’ям;

— 100-адсоткавая аплата бальнічных лісткоў бацьку хворага дзіцяці, калі той знаходзіўся з дзіцем у санаторна-курортнай установе;

— бясплатнае харчаванне школьнікаў і навучэнцаў ПТВ і тэхнікумаў.

Людзі, якія жывуць у зоне з правам на адсяленне:

— пазбаўляюцца практычна ўсіх ільготаў, застаецца толькі для дзяцей бясплатнае санаторна-курортнае лячэнне, бясплатны праезд на прыгарадным транспарце, у пасажырскім транспарце па Беларусі да месца лячэння і абследавання. Дапамога па доглядзе за дзіцем да трох гадоў застаецца ў памеры 150 адсоткаў.

Донары:

— 50-адсоткавыя зніжкі з кошту лекаў;

— бясплатнае зубапратэзаванне.

Інваліды ВАВ і баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаваў:

— бясплатны праезд раз у год на паветраным, водным і аўтатранспарце. Уведзена 50-адсоткавая зніжка;

— чальцы сем’яў пазбаўляюцца ільготаў на камунальныя паслугі.

Практычна ўсім інвалідам не будзе давацца кампенсацыя транспартнага абслугоўвання і кампенсацыя за бензін.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)