Студэнтцы пагражаюць адлічэньнем за ўдзел у акцыі 25 сакавіка

Напярэдадні Дня Волі ў многіх навучальных установах Беларусі студэнтаў прымушаюць прыходзіць у нядзелю на заняткі ці нейкія мерапрыемствы. Гэтаксама праводзяцца прафіляктычныя гутаркі з тым, каб навучэнцы ня бралі ўдзелу ў акцыі 25 сакавіка.

Навучэнка Менскага дзяржаўнага прафэсійнага-тэхнічнага каледжу электронікі актывістка “Моладзі БНФ” Наста Александровіч сёньня даведалася, што на 25 сакавіка ў яе навучальнай установе прызначаныя іспыты.

“Я ў шоку. У нядзелю ў 2 гадзіны дня стаіць іспыт. Я запытваюся, чым гэта можна патлумачыць. Мне кажуць, што гэта працоўны дзень. Урэшце дакладных тлумачэньняў я не пачула. І мне сказалі, што, калі я буду “засьвечаная” на мітынгу, то ў панядзелак – адразу адлічэньне без пытаньняў. Гэта мне сказала куратар. Я запыталася, ці гэта загадаў дырэктар? А мне сказалі, што гэта агульна ідзе па ўсіх навучальных установах, што адразу адлічэньне за гэта. Магчыма, гэта толькі запалохваньне”.

«Радыё Свабода» звязалася з намесьнікам дырэктара каледжу электронікі Аляксандрам Пугачом і папрасіла патлумачыць сытуацыю.

Пугач: “Я пра гэта ня ведаю”.

Карэспандэнтка: “А на нядзелю іспыты ў вас прызначаныя?”

Пугач: “Магчыма, у кагосьці ў нейкай групе і прызначаныя іспыты. Ідзе сэсія, і для сэсіі ня мае значэньня, які дзень прыпадае”.

Карэспандэнтка: “Ці праводзіць нейкую работу адміністрацыя каледжу дзеля таго, каб навучэнцы не ішлі на акцыю 25 сакавіка?”

Пугач: “Я думаю, што такую працу праводзяць клясныя кіраўнікі зь няпоўнагадовымі навучэнцамі”.

Сёньня зранку супрацоўнікі міліцыі Партызанскага раёну Менску затрымалі актывіста незарэгістраванай арганізацыі "Малады фронт" Алега Корбана. Яны цікавіліся ў Алега, дзе могуць быць бел-чырвона-белыя сьцягі і інфармацыйныя ўлёткі пра акцыю на Дзень Волі 25 сакавіка.

Алега Корбана адпусьцілі на волю, пратрымаўшы болей за 3 гадзіны.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)