Стрыжак распавёў пра «галівудскія» і кур’ёзныя выпадкі эвакуацыі

Кіраўнік Фонда салідарнасці BySol Андрэй Стрыжак – пра драмы з вымушаным ад'ездам актывістаў з Беларусі.

У інтэрв'ю Ток Стрыжак прызнаў, што ў BySol, на жаль, былі няўдалыя выпадкі эвакуацыі.

– Ёсць такія прафесіі як кіроўца лакаматыва ці хірург, якія маюць свае ўласныя могілкі. На жаль, у нас таксама ёсць – хоць не могілкі, але беларускія турмы – не лепшыя месцы ў свеце. Так, былі і няўдалыя выпадкі.

Кожную такую сітуацыю мы памятаем, разабралі да вінціка кожную гісторыю, каб не дапускаць больш пралікаў і памылак. У адрозненне ад лукашыстаў мы шануем і цэнім кожнае жыццё. Але магу адзначыць, што такіх (няўдалых – С.) выпадкаў было няшмат.

На пытанне пра «галівудскія» выпадкі эвакуацыі Стрыжак адказаў:  

– Гэта сітуацыі з эвакуацыяй людзей з маленькімі дзецьмі, альбо людзей з інваліднасцю. «Галівудкасць» у чым? Ты размаўляеш з бацькамі і тлумачыш ім: на нейкі час прыйдзецца растацца з вашымі маленькімі дзецьмі – калі мы пойдзем па сцэнару А, які больш бяспечны – потым вы ўз'яднаецеся.

Пры сцэнары B вы не будзеце разлучацца, але ён больш рызыкоўны. Затым ты назіраеш, што ў людзей адбываецца ў галовах, як яны рэагуюць, што кажа маці, што кажа бацька, якія іх пазіцыі. Гэта ёсць рэальнай драмай…  

Адарвацца ад роднага дома, прыняць рашэнне, што ты пакідаеш Беларусь (можа быць, назаўсёды) – гэта драма. Таму амаль кожная эвакуацыя – «Галівуд».

На пытанне пра колькасць людзей, якіх удалося эвакуяваць, Стрыжак адзначыў, што даць на яго адказ складана.

– Мы лічым колькасць зваротаў, а не людзей. Напрыклад, да нас звяртаецца палітзняволены, а пасля ў працэсе ты пачынаеш разумець, што ў яго ва ўсёй сям'і ёсць «фактура». І ты кажаш: калі вы не выедзеце разам, то, хутчэй за ўсё, пасля пойдуць па тваіх сваяках. І тады мы вывозім сям'ю.

Таму адзін кейс – гэта можа быць адзін чалавек, а можа быць 5-6. Гісторыі абсалютна розныя. Але калі казаць пра колькасць кейсаў, то іх на сёння больш за тысячу. Думаю, дзесьці да трох тысяч чалавек эвакуявалася толькі праз нашу каманду.

Па словах Стрыжака, былі і кур'ёзныя выпадкі, калі людзі пыталіся ў яго, не як выехаць з Беларусі, а як туды трапіць.

– У такіх выпадках ты проста тлумачыш людзям, якія на сёння ёсць тэхналогіі ў міліцыі, што яны могуць. І чалавек супастаўляе гэтую інфармацыю з сваім жаданнем перааформіць лецішча ці зрабіць новы пашпарт. Распісваеш чалавеку ўсе кропкі небяспекі і ён сам прымае рашэнне.

Я ведаю сітуацыі (не толькі публічныя), калі людзі вярталіся ў Беларусь і паспяхова выязджалі, нягледзячы на «фактуру» на іх у міліцыі. Гэта ні ў якім разе не заклік так рабіць, гэта проста дэманстрацыя таго, што сістэма не маналітная, што яна не да канца разумее, чым занятая правая рука, а чым левая.

Але рызыкі вельмі высокія. Мы ведаем, што такое беларуская турма, як там ставяцца да палітычных. Адзін год турмы – не ведаю, колькі год грунтоўнай і штодзённай рэабілітацыі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(11)