Общество

Ірына Верабейчык

Стрыжак – пра новую хвалю затрыманняў: «Назіраем яскравы прыклад новага гібрыднага падыходу»

Кіраўнік BYSOL Андрэй Стрыжак у экспрэс-каментары «Салідарнасці» — пра новую хвалю затрыманняў па ўсёй Беларусі, якая прайшлася, у прыватнасці, па сваяках палітвязняў.

— Адбываецца гібрыдны фармат, — зазначае праваабаронца ў экспрэс-каментары «Салідарнасці». — Нам зараз спрабуюць скарміць нейкую лібералізацыю і палягчэнне, паказваюць фотаздымкі Марыі Калеснікавай, але адначасова з гэтым ідзе хапун. Гэта фактычна трэцяя ітэрацыя адной і той жа хвалі, альбо некалькі хваляў, якія адбываюцца цягам апошніх тыдняў.

Учорашняя аблава вызначаецца тым, што пайшлі па сваяках палітвязняў Ёсць меркаванне, што ходзяць зноў па нейкіх спісах тых, хто атрымліваў і аказваў дапамогу. Але многае  пакуль невядома.

Заявак у нас гэтымі тыднямі стабільна дастаткова шмат, служба эвакуацыі BYSOL працуе ўвесь гэты час у стане падвышанай гатоўнасці. Па факце мы бачым вельмі моцную зачыстку, якая ідзе перад «выбарамі», і пагаджаемся з нашымі калегамі з «Вясны» ў тым, што пераслед ідзе і ў межах адміністратыўнай вытворчасці, і ў межах крымінальнай.

Самае складанае — і адрознае ў гэты раз — што лукашысты масава выкарыстоўваюць псіхалагічна-інфармацыйныя атакі ў выглядзе замыльвання хвалі рэпрэсій нейкімі кропкавымі пазітыўнымі для нас інфармацыйнымі меседжамі.

— Тое, што сілавікі перасталі публікаваць відэа з затрыманымі, — частка гэтай агульнай  стратэгіі?

— На мой погляд, ёсць дзве розныя задачы, якія перад імі стаяць. Першая — вынішчыць абсалютна ўсё жывое, што засталося ў Беларусі, а другая — ізаляваць і інфармацыйна, і эмацыйна гэтыя рэпрэсіі ад шырокай супольнасці, і грамадзянскай супольнасці ў тым ліку.

Атрымліваецца, яны зразумелі: калі ўвесь час паказваюць, якім чынам адбываюцца рэпрэсіі, даюць відэафіксацыю — гэта сведчыць аб тым, што градус напругі ў грамадстве па-ранейшаму не спадае.

Таму іх задача цяпер іншая: зрабіць выгляд, што ў Беларусі ўсё нармалізавалася, што супраць выступаюць толькі маргіналы, якія нічога не значаць і не ўплываюць ніякім чынам на працэсы, і што адбываецца паўзучая ці то лібералізацыя, ці то змякчэнне рэжыму.

Насамрэч мы бачым вельмі яскравы прыклад новага гібрыднага падыходу, які, на жаль, часткова працуе ў тым ліку і на нашую супольнасць. Я не выключаю, што ў часткі людзей ствараецца ілюзія, быццам пайшлі нейкія пазітыўныя крокі. А гэта вядзе да таго, што людзі прымаюць не слушныя рашэнні. Напрыклад, пра тое, каб з’ездіць у Беларусь.

Яны перастаюць прыслухоўвацца да нашых рэкамендацый, едуць і, канешне, садзяцца, таму што на іх ёсць нейкія матэрыялы.

Тое ж самае адбываецца з тымі людзьмі, якія губляюць пэўны контур лічбавай бяспекі, перастаюць думаць пра тое, што нельга нічога захоўваць у тэлефоне, трэба выдаляць перапіскі і г.д.

Так што гэта добра спланаваная і скаардынаваная кампанія, якая прымеркавана да «спецыяльнай выбарчай аперацыі», што адбудзецца на пачатку наступнага года.

— Мяркуючы па тым, што BYSOL мабілізаваў службу эвакуацыі, вы да гэтага выкліку гатовыя?

— Пра мабілізацыю — гэта ўсё ж хлёсткая, можа быць, не зусім трапная метафара, якую выкарысталі медыя. Я хутчэй кажу пра тое, што наша служба эвакуацыі працуе ў рэжыме поўнай загрузкі, і робім мы гэта ўжо не адзін тыдзень. Гэта дастаткова маштабная праца, людзі паступова на нас выходзяць.

Звяртаюся да тых, хто знаходзіцца ў небяспецы: калі ласка, выходзьце на сувязь, мы па-ранейшаму аказваем дапамогу ў эвакуацыі. Зразумела, што з-за вялікай нагрузкі могуць быць пэўныя правісы, але гэта такая дадзенасць, у якой мы працуем.

Новыя зборы на BYSOL, расказаў Андрэй Стрыжак, з’яўляюцца штодня. Па дапамогу звяртаецца вялікая колькасць беларусаў, і тыя, хто выязджае з краіны, і тыя, хто не можа гэта зрабіць. Агулам колькасць заявак расце пастаянна — а гэта значыць, што ніякай лібералізацыі няма, узровень рэпрэсій не спадае, наадварот, спіраль тэрору раскручваецца ўсё больш.

— Тое, што ён маскіруецца пад лібералізацыю — асабліва цынічнае і бесчалавечнае стаўленне беларускіх дэ-факта ўладаў да людзей. Аднак рэальна не варта мець ніякіх ілюзій: нічога не змянілася.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(4)