Стрыжак: «І балюча, і непрыемна гэта прызнаваць, але я ня бачу перадумоў, каб улада пачала выпускаць палітвязняў»

Праваабаронца, сузаснавальнік BYSOL Андрэй Стрыжак – пра перспектыву вызвалення закладнікаў рэжыма Лукашэнкі.

– Выходныя правёў уважліва слухаючы і троху гаворачы – Каардынацыйная Рада праводзіла слуханні па пытанні вызвалення палітвязняў, – піша Стрыжак. – Спрабуючы разабрацца паміж супрацьлеглымі пазіцыямі сфармаваў сёе-тое меркаванне на гэтую балючую тэму.

Карысна і добра быць рэалістам, памятаць пра тое хто ты, якімі рэсурсамі валодаеш, якую экспертнасць маеш. П'янкое віно «Жаданае за рэальнае» прыводзіць да цяжкага і працяглага пахмелля. У мяне складаецца ўражанне, што далёка ня ўсе, хто выступаюць па пытаннях палітвязняў, разумеюць пра што яны кажуць.

Эксперт – гэта ня той, хто вырашыў выказацца па хайповай тэме, а хто мае досвед даследванняў/дзеянняў у гэтай тэме.

Проста нагадаю што пару год таму ўсе, хто мог (у тым ліку, нейкі час, нават ваш пакорны слуга), займаліся пытаннем Міжнароднай крымінальнай юрысдыкцыі. Час прайшоў, справа не даведзеная да канца. Перспектывы туманныя. Затое, цяпер можна паразважаць пра вызваленне палітвязняў – хайп любіць новыя тэмы.

Я скептычны цынік у пытаннях вызвалення палітвязняў. І балюча, і непрыемна гэта прызнаваць, але я ня бачу перадумоў для таго, каб улада пачала выпускаць закладнікаў.

Яшчэ больш цынічнае параўнанне калі ты прыходзіш на рынак, то ты альбо пакупнік, альбо гандляр. Каб быць пакупніком, у нас няма грошай, а каб быць гандляром няма тавару.

Нават калі б лукашысты былі гатовыя «гандлянуць жывым таварам», у нас няма што прапанаваць наўзамен –  ані грошай, ані тавару. Я свядома не кажу пра маральнасць/амаральнасць такога гандлю. Ён у любым выпадку немагчымы для нас сёння.

Прапанаваць зняць з Лукі санкцыі? То нагадаю, што ня мы іх накладалі, а краіны Еўропы і ЗША і не за тое, што нас лупцавалі і катавалі ў 2020, а за самалёт з Пратасевічам і за гібрыдны міграцыйны крызіс.

Безумоўна, дыпламатычныя высілкі па вызваленні палітвязняў важныя і неабходныя, але на сённяшні дзень мінскі рэжым не мае вагомых пераваг ад супрацы з Захадам па пытаннях палітвязняў. Знешняя палітыка рэжыма лягла пад крамлёўскія наратывы амаль цалкам. Луке больш недазволена гуляцца ў самастойную лінію Мінск-Захад.

Таму як бы ні прыкра гэта гучала – нават гуманітарны спіс тых, хто заўтра памрэ за кратамі, хутчэй за ўсё застанецца бяз зрухаў. І мы з вамі будзем запамінаць усё новыя прозвішчы памёрлых палітвязняў.

Маё меркаванне не экспертнае, я не маю досведа ў перамовах пра вызваленне закладнікаў, а я вышэй пісаў чаму важна абапірацца на меркаванне сапраўдных экспертаў. Але я эксперт у іншых рэчах – у наўпроставай дапамозе і ратаванні людзей, і я ведаю што маю рабіць у гэтай сітуацыі.

Працягваць падтрымліваць палітвязняў і іх сваякоў, эвакуяваць людзей калі гэта атрымліваецца, займацца рэабілітацыяй і сацыялізацыяй тых, хто адзядзеў сваё і выйшаў. Можа гэта і не так хайпова, але дакладна працуе.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(28)