Общество
Вольга ГРЫНЯВIЦКАЯ, «Народная воля»

Стражаву шукаюць замену?

Супрацоўнiкi Камiтэта дзяржкантролю краiны правяраюць фiнансавую дзейнасць Белдзяржунiверсiтэта. Iх з'яўленне ў навучальнай установе адразу справакавала чуткi аб магчымай адстаўцы рэктара БДУ Васiля Стражава.

Праверка ў БДУ доўжыцца другi тыдзень. Супрацоўнiкi Галоўнага ўпраўлення бюджэтна-фiнансавага кантролю КДК правяраюць, як галоўны унiверсiтэт краiны трацiць бюджэтныя сродкi. Акрамя таго, да 26 чэрвеня яшчэ адну праверку -- як БДУ выконвае ўказ прэзiдэнта аб фiнансавай дапамозе i вызваленнi ад падаткаў -- павiнна правесцi кантрольна-рэвiзiйнае ўпраўленне Мiнадукацыi.

У БДУ кажуць, што праверкi планавыя. Адмiнiстрацыя унiверсiтэта ведала пра iх яшчэ на пачатку года i мела магчымасць падрыхтавацца, прывесцi ў парадак фiнансавую дакументацыю. Аднак некаторыя чыноўнiкi з Мiнадукацыi выказваюць меркаванне, што, калi недахопы ў працы БДУ ўсё ж такi будуць выяўлены, Васiль Стражаў пазбавiцца рэктарскага крэсла. Быццам бы ва ўладных колах ужо знайшлi яму замену -- рэктара Горацкай сельгасакадэмii Аляксандра Цыганова.

У сучаснай Беларусi кадравыя перастаноўкi -- з'ява звычайная. Аднак чуткi пра адстаўку Стражава падаюцца крыху неверагоднымi. Вельмi ўжо заўзята ўзяўся ён за працу ва унiверсiтэце, калi змянiў на пасадзе рэктара Аляксандра Казулiна. I што самае галоўнае -- Стражаў не выклiкаў абурэння з боку ўлады падчас прэзiдэнцкiх выбараў.

Пры Стражаве студэнты БДУ ўжо не галасавалi так, як у бытнасць Казулiна. Цяпер унiверсiтэцкая моладзь i галасы аддала "правiльна", i на выбарчыя ўчасткi з'явiлася амаль поўным складам. Напэўна, многiя заўважылi, што сярод студэнтаў, якiя падчас выбараў апынулiся на Акрэсцiна, не было прадстаўнiкоў БДУ. Спадару Стражаву не прыйшлося, як рэктару БДЭУ Уладзiмiру Шымаву альбо рэктару педунiверсiтэта Пятру Кухарчыку, падпiсваць загады аб адлiчэннi студэнтаў, якiя паспяхова вучылiся, "за сiстэматычнае парушэнне вучэбнай дысцыплiны i правiлаў унутранага распарадку". Iдэалагiчная праца ў БДУ, трэба разумець, наладжана на "выдатна". А сёння для кар'еры кiраўнiка гэта вызначальны фактар.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)