Общество
Инна Горбатенко, СБ Беларусь Сегодня

«Страшна ў нас. Не прыязджайце»

Другі месяц ваўкі трымаюць у страху некалькі вёсак на поўначы Віцебскай вобласці.

Галодныя драпежнікі з надыходам цемры выходзяць з лесу і загрызаюць сабак. Больш за ўсё ад нашэсця драпежнікаў пакутуюць жыхары вёскі Газьба на Гарадоччыне, піша «СБ Беларусь Сегодня».

Паляўнічыя тлумачаць агрэсію звера голадам — нядаўна ў лясах скарацілі колькасць дзіка. Фота firstpeople.us

— Страшна ў нас. Не прыязджайце, — гэта першае, што я пачула ад мясцовага заўмага Марыны Данілавай у адказ на маю прапанову заехаць у Газьбу. — На днях сусед бачыў, як тры ваўкі гналі па вёсцы лася. Пастукаў сякерай аб жалязяку, драпежнікі спалохаліся — і ў лес. Мы спалохаліся. Пасля шасці гадзін на двор больш ні-ні.

Ваўкі тым часам устанаўліваюць у вёсцы свае парадкі.

«Хто так бязлітасна расправіўся з любімым Жучком?» — першае, пра што падумала Галіна Страчыла, калі раніцай знайшла раскіданыя па падворку астанкі і кроў. Гаспадыня да гэтага часу не адыходзіць ад пустой будкі, аплаквае чацвераногага вартаўніка.

Шэрыя разбойнікі не думаюць адступаць і ледзьве не кожную ноч тэрарызуюць адзінокую жанчыну: чуючы здабычу, шныраць ля адрыны, дзе зімуюць нясушкі. Жучок стаў не адзінай ахвярай драпежніка — у навакольных вёсках ваўкі загрызлі з дзясятак сабак. Уцалелых гаспадары закрываюць у хлявах ці забіраюць у хаты.

— Жудасць, — адным словам апісала сітуацыю Галіна Страчыла.

Жанчына працуе паштальёнам: «У мяне абход 6−7 кіламетраў, усё — па прасёлкавых дарогах. Бывае, ідзеш, а яны (ваўкі. — заўвага аўтара) за табой увяжуцца, праследуюць. Метраў за 20−25 трымаюцца, бліжэй не падыходзяць. Тут галоўнае не панікаваць: паскорыш хаду ці пабяжыш — і яны нападуць.

Прэцэдэнты ёсць. Мінулай зімой у вёсцы Пальмінка ў Гарадоцкім раёне зграя ваўкоў напала на маладога чалавека па дарозе дадому. Ён паспеў залезці на дрэва, але ногі яму пагрызлі. Добра яшчэ, што з сабой у хлопца быў мабільны тэлефон, ён выклікаў сяброў і «хуткую».

— Такога кашмару ў акрузе даўно не было, — разводзіць рукамі 85-гадовая Клаўдзія Будаева. — У вёсцы сабак няма. Усіх паелі.

За сябе пенсіянерка не хвалюецца, кажа, пажыла сваё. А за ўнучку Ксюшу душа не на месцы: кожную раніцу дачка вядзе вучаніцу 2-га класа да аўтобуснага прыпынку, да якога не менш за кіламетр па неасветленай вясковай вуліцы.

Шмат хто ў вёсцы баіцца адпускаць дзяцей у школу.

— Адных дзяцей не адпускаем, ідзём да прыпынку разам з імі, — расказвае Марына Данілава. — Вадзіцель аўтобуса, дзякуй яму вялікі, стаў пад’язджаць да самай вёскі, дзецям хоць праз лес да дарогі не трэба ісці. А яшчэ музыку ўключаем у гаджэтах грамчэй — яе ваўкі таксама не любяць. Сусед наш Рашыд Абусаідавіч праводзіць унука-сямікласніка ў школу з факелам — пах гару не падабаецца драпежнікам.

Другі месяц з надыходам цемры на вуліцах Газьбы — ні душы, а па вечарах у вёсцы чуюць толькі воўчае выццё. Жыхарам нічога не застаецца, акрамя як абараняцца ўсімі падручнымі сродкамі. Уся надзея — на вілы і сякеры.

Навагодняя ілюмінацыя ў Газьбе гарыць ночы напралёт: агні гірлянд драпежнікам таксама не даспадобы. А сяльчанка Алена Сухарукава прыслухалася да парад паляўнічых і развесілі ўздоўж хлява з авечкамі чырвоныя анучы — каб адпудзіць няпрошаных лясных гасцей. Не дапамагло.

— Мужыкі піць сталі менш, — сяльчанка шукае хоць нейкія плюсы ў гэтай сітуацыі. — Раней, бывала, накацяць і спяць у гурбе. А тут яшчэ святы! Цяпер баяцца. У гэтую навагоднюю ноч па вуліцы ніхто не боўтаўся.

Галодныя драпежнікі тэрарызуюць таксама і некалькі бліжэйшых вёсак: Мяжу, Зайкава, Лугаўскія... А ў святочныя выхадныя ў вёсцы Віраўля зграя шэрых выцягнула праз вакно адрыны і разадрала дзвюх авечак.

Дырэктар гарадоцкай філіі «Беларускаго таварыства паляўнічых і рыбаловаў» Юрый Лявонаў тлумачыць небывалую агрэсію ваўкоў голадам — нядаўна ў лесе скарацілі колькасць кабаноў:

— За мінулы год адстралялі па ўсім раёне 21 ваўка, плюс тры падранкі. У канцы студзеня-пачатку лютага ў іх пачынаецца гон, тады і пачнём масавы адстрэл. Што датычыцца Газьбы, то я бачу дзве прычыны такога становішча. Па-першае, зараз маладняк пачаў выходзіць на паляванне, вучыцца. Па-другое, Газьба знаходзіцца ў пяці кіламетрах ад расійскай мяжы, воўк свабодна заходзіць і сыходзіць. Мы тут яго адстрэльваем, а як ідуць справы на тым баку — невядома.

Пакуль паляўнічыя не вырашаць «воўчую» праблему, Юрый Лявонаў раіць вяскоўцам быць асцярожнымі, асабліва ў начны час, калі драпежнік найбольш актыўны.