Общество

Стэфановіч: «Плыву ў сваёй субмарыне. Да лютага сітуацыя будзе заставацца цяжкай, усё будзе жорстка»

Палітзняволены Валянцін Стэфановіч даслаў ліст з-за кратаў, у якім распавядае, што ў яго пагоршыўся зрок, а таксама разважае пра магчымыя наступствы рэферэндума і змены ў грамадстве, якія ўжо адбыліся.

Пра гэта паведамляюць праваабаронцы.

«У мяне ўсё больш-менш нармальна. Плыву ў сваёй субмарыне і зрэдку ўсплываю на паверхню (на гадзінку-паўтары), каб глытнуць паветра і паглядзець на неба. Лета скончылася, цяпер глыбокая восень і хутка пачнецца зіма, навагоднія і калядныя святы. Дзіўна, што я ў самым цэнтры горада, здаецца, усё побач і адначасова так далёка».

«Зараз я акрамя газет нічога не чытаю, даў сваім вачам адпачынак. Мне падаецца, зрок у мяне ўпаў, дробныя літары цяжкавата чытаць. З ТВ і газет я стараюся сачыць за навінамі і спрабаваць вылавіць нейкую інфармацыю пра тое, што адбываеццы ў краіне.

Калі казаць пра тое, што я думаю, дык магу сказаць, што да канца лютага наступнага года сітуацыя будзе заставацца цяжкай, усё будзе жорстка і рэпрэсіі будуць працягвацца. Уся гэтая зачыстка, найперш у інфармацыйнай сферы, не выпадковая. Ім трэба ў лютым правесці рэферэндум і запусціць гэтак званы «мяккі транзіт» улады.

Што будзе пасля – пабачым. Усё будзе залежыць ад наступных крокаў пасля рэферэндума. Ці гэта будуць датэрміновыя выбары новага прэзідэнта, ці яны адбудуцца ў 2025 годзе. Вельмі верагодна, што такое напружанне будзе захоўвацца да гэтых самых выбараў. Пасля, магчыма, будзе пэўная спроба перазагрузкі і адпаведна вызваленне палітвязняў. Верагодна, што частка з іх будзе вызваленая і раней. У цэлым жа ў бліжэйшай перспектыве нічога добрага я не бачу».

«Хаця сам рэферэндум – ужо рэч цікавая, відавочна звязаная з цяперашнім палітычным крызісам. Можна колькі заўгодна пераконваць сябе ў перамозе, але крызіс даверу дзеячай уладзе нікуды не падзенецца. Яны б не праводзілі ніякіх канстытуцыйных рэформаў, каб не падзеі мінулага году. Але трэба разумець, што гэты рэферэндум – далёка не тое, што хоча беларускае грамадства. Мяркую, што крызіс гэта не вырашыць, напружанне застанецца. Самае галоўнае – што ў мінулым годзе адбыліся глыбінныя змены ў нашым грамадстве і, як я пісаў у сваім блогу «Любоў тут болей не жыве».

Можна хоць кожны дзень паказваць прызнанні ў каханні да вядомага персанажа па ТВ, рэаліі зусім іншыя, і гэта ведаюць усе – і яны, і мы. А што да моладзі, дык моладзь нашая цудоўная, адукаваная, свабодная, без грузу «саўка» за плячыма. Гэтыя змены пакаленняў маюць вырашальнае знаэнне. Веру, што змены не за гарамі. Мы назіраем пачатак закату гэтай эпохі, нават заходзячы з ліміту часу для вядомага персанажа. Так што, вы яшчэ на сваім вяку заспееце гэтыя змены і перамены».

Падтрымаць затрыманых праваабаронцаў можна лістамі.

СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2 (Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Уладзімір Лабковіч, Марфа Рабкова, Андрэй Чапюк).

СІЗА-3, 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А (Леанід Судаленка, Таццяна Ласіца).

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(47)