Статкевіча ізалявалі ў спэцінтэрнат
Міколу Статкевіча перавялі з хатняга рэжыму адбыцьця пакараньня ў спэцінтэрнат. Яму патлумачылі гэта "складанай апэратыўнай абстаноўкай" у Баранавічах.
Апазыцыйны палітык з 29 ліпеня адбывае пакараньне на так
званай “хіміі” за арганізацыю вулічных дэманстрацый 18 і 19 кастрычніка 2004
году супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў і рэфэрэндуму. Напрыканцы лістапада
яго перавялі на хатні рэжым, каб ён начаваў у свайго хворага бацькі. Цяпер ён
будзе штодня ад 7 вечара да 8 раніцы ізаляваны ў спэцкамэндатуры.
Мікола Статкевіч лічыць заканамерным перавод з хатняга
рэжыму ва ўмовы ізаляцыі. Ён упэўнены, што гэта зьвязана з набліжэньнем даты
прэзыдэнцкіх выбараў, 19 сакавіка.
(Статкевіч: ) “Я чакаў гэтага крыху пазьней. Безумоўна, гэта
зьвязана з выбарамі. У мяне не было ні кроплі сумневу, што ўлады будуць
намагацца ізаляваць мяне як мага больш. Калі пачалі ўвечары дахаты хадзіць,
калі пачалі рэгістраваць мяне тры разы на дзень, у той час, калі звычайных асуджаных
— толькі адзін раз, то безумоўна, гэта прагназавалася”.
Мікола Статкевіч не выключае, што нагодай для пераводу ў
інтэрнат стала паседжаньне каардынацыйнага камітэту “Эўрапейскай кааліцыі”,
якое адбылося ў Баранавічах.
(Статкевіч: ) “Мабыць, у нейкай ступені паскорыла прыняцьцё
гэтага рашэньне тое, што спачатку “Народная Грамада”, а потым “Эўрапейская
кааліцыя” на паседжаньнях тут, у Баранавічах, зрабілі пэўныя захады, каб
паскорыць прыняцьце Аб’яднанай эўрапейскай кааліцыяй рашэньня аб абароне сапраўдных
вынікаў галасаваньня 19 сакавіка ў 20:00”
Пад час знаходжаньня на хатнім рэжыме Статкевіч мусіў штодня
хадзіць на працу, а а 7-й вечара адзначацца ў камэндатуры, а потым тэлефанаваць
туды а 22-й гадзіне. Апроч таго, яго некалькі разоў на дзень правяралі
супрацоўнікі міліцыі. Тыдзень таму Мікола Статкевіч падпісаў паперу аб тым, што
яго будуць наведваць і ўначы.
Раней апазыцыйнаму палітыку адмаўлялі наведваць сваю сям’ю ў
Менску, матывуючы гэта складанай апэратыўнай абстаноўкай у сталіцы. Цяпер такая
абстаноўка, паводле міліцыянтаў, склалася і ў Баранавічах.
Читайте еще
Избранное