Общество

Статкевіч: «З прапановы Васкрасенскага наконт памілаваньня пасьмяяўся»

Што піша Мікола Статкевіч, якога судзяць безь ягонай прысутнасьці – падрабязнасці на Радыё Свабода.

Мікола Статкевіч, 24 чэрвеня 2021

Палітыка Міколу Статкевіча судзяць у гомельскім СІЗА-3 разам зь Сяргеем Ціханоўскім, Ігарам Лосікам, Дзьмітрыем Паповым, Арцёмам Сакавым і Ўладзімерам Цыгановічам. Палітык адмовіўся браць удзел у судовым працэсе. Цяпер яго судзяць безь ягонай прысутнасьці.

Жонка палітыка Марына Адамовіч атрымлівае ад яго лісты. Але яе лісты, імаверна, да Міколы Статкевіча не даходзяць.

— Бо ён піша, што апошні мой ліст атрымаў, датаваны 4 ліпеня. «Падобна, у чарговым апэратыўным мерапрыемстве нас памянялі месцамі», — напісаў Мікола ў лісьце, маючы на ўвазе, што раней ягоныя лісты не перадавалі мне, а цяпер — наадварот.

Ён піша, што мала лістоў атрымлівае ад людзей. І тым ня менш яму перадалі ліст ад так званага «Круглага стала дэмакратычных сілаў», то бок кампаніі Юрыя Васкрасенскага. Мікола толькі пасьмяяўся з прапановы наконт памілаваньня.

Там была цытата: «Помните: вас дома ждут родные и близкие». «Мне гэта нагадала ўлёткі, якія скідалі з самалёта тыпу «рама», — пажартаваў Мікола, — кажа Марына Адамовіч.

У лісьце палітык зазначыў, што ня лічыць вартым адказваць на такія прапановы.

Ён напісаў і свае разважаньні наконт «зачысткі», трэцяга сэктара, анансаванай беларускімі ўладамі.

— Наконт «зачысткі» — яе пэрыядычна абяцалі як адказ на санкцыі, яшчэ «самы патрыятычны міністар» пагражаў ёю па беларускім радыё. Нібыта ён ёсьць (трэці сэктар. — РС). Хоць летась у раёнах і дварах ён зьявіўся. Калі рэжым вырашыў прыбраць са свайго фасаду дэкаратыўныя арганізацыі, то да адмены санкцый гэта не прывядзе, хутчэй наадварот, — працытавала ліст Міколы Статкевіча жонка.

Суд цягнецца ў закрытым рэжыме ў гомельскім СІЗА-3 з 24 чэрвеня. Адвакаты кажуць, што дату прысуду пакуль прагназаваць цяжка.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(39)